Аналитика и обзоры Мнения Мониторинг СМИ Тренды Всячина Видео Тесты Тэги
facebook Lviv Media Forum nizkiz Telegram Азаренок антизападные нарративы балючыя пытанні беларусские СМИ беларусско-российская интеграция бигтех будущее Владимир Путин война в Украине выборы в КС выборы-2025 гендер государственные медиа деконструкция диаспора дискриминация доносы закон Израиль инфографика Иран исследования история манипуляции как не поддаться пропаганде Киберпартизаны кино Китай конспект конспирология конференция «Новая Беларусь» Координационный Совет лгбт мова Молдова нарушение стандартов независимые медиа Новая Боровая образование Павел Дуров подкаст политзаключенные политическая коммуникация Польша права человека приемы пропаганды прогнозы прокремлёвские нарративы пропаганда манипуляции пропаганда о чиновниках протесты в Грузии региональные сми рекламный рынок Рико Криегер российские СМИ СБ Сидорская стандарты стандарты журналистики СТВ США твиты телеканалы теория пропаганды тесты Томаш Шмыдт уязвимые группы фашисты фейки ценности Чернобыль Что почитать электоральная кампания 2024 язык вражды

Пра (не)пажаданасць цэнзуры для жыцця. У Беларусі ўжо пачалі публічна абмяркоўваць магчымасці ўвядзення цэнзуры на друкаваную прадукцыю

Не тое, каб яе зусім не існавала дагэтуль, у выглядзе фактычна цэнзуры карнай, калі выданне кніг з так званым «экстрэмісцкім зместам» заканчваецца для беларускіх выдавецтваў пазбаўленнем ліцэнзіі на кнігавыдавецкую дзейнасць (напрыклад, у выпадку выдавецтва Змітра Коласа), а таксама канфіскацыямі накладаў кніг і іх змяшчэннем у спецсховішчы ў дзяржаўных бібліятэках (кнігі А. Бахарэвіча, С. Алексіевіч і інш.). Дайшло да таго, што карная цэнзура забараняе цяпер нават творы беларускай класікі – прыкладам збор твораў В. Дуніна-Марцінкевіча. Але, пэўна, зараз гаворка вядзецца ўжо пра неабходнасць увядзення цэнзуры папярэдняй: каб ніякай крамолы супраць уладаў ці іхняга спецыфічнага ўяўлення пра «традыцыйныя каштоўнасці» грамадства нават тэарэтычна не магло з’явіцца ў кніжным друку.

Поделиться:

«Разабрацца з ідэалагічнымі апанентамі»

Аргументамі на карысць усталявання гэтай сумнеўнай практыкі з’яўляецца пярэсты набор фактаў: тут і існаванне цэнзуры з прычын пазбягання мовы варожасці, заклікаў да гвалту, рэлігійнай нецярпімасці і апалогіі фашызму ў краінах заходняй Еўропы, і неадпаведнасць навуковым уяўленням, і нізкі мастацкі узровень, і прапаганда «нетрадыцыйных» сексуальных стасункаў і гвалту, і агулам страх перад свабодным выказваннем, якое ніяк не стрымана. На ўсе гэтыя беды прапануюць адзіны просты і «элегантны» адказ – маўляў, беларускаму народу патрэбная цэнзура. Спачатку маральная і мастацкая. А пазней, пэўна, ужо можна памарыць і пра ваенную, самую надзейную, бо часы, вядома, цяжкія, і «танкі лязгаюць гусеніцамі» уздоўж мяжы бесперапынна.

Скрыншот: zviazda.by

Ці дазваляе цэнзура вырашыць праблемы грамадства і выхаваць маладыя пакаленні выключна ў лепшых традыцыях? Вельмі сумнеўна. А вось што дакладна дазваляе рабіць цэнзура – дык гэта разабрацца са сваімі ідэалагічнымі апанентамі.

Самы вядомы і, напэўна, самы маштабны прыклад цэнзуры ў Еўропе – гэта цэнзура рэлігійная.

Вядомы «Індэкс забароненых кніг» папы Паўла ІV дзейнічаў ажно чатыры стагоддзі – з 16 па 20  – і дазваляў змагацца не толькі з пратэстантамі і іншымі «ерэтыкамі», але і з сучаснай навукай, якая ішла ў супярэчнасць з рэлігійнай дактрынай. Кнігі прызнаваліся шкоднымі і паліліся, часам разам з аўтарамі, праўда, да папярэдняй цэнзуры справа даходзіла рэдка: надта ужо цяжка было кантраляваць хаатычны выдавецкі друк да з’яўлення сучасных бюракратычных дзяржаў. Спатрэбілася магутная воля і цалкам новая палітыка Ватыкана ў 1966 г., каб нарэшце спыніць гэтую ганебную практыку.

Не былі пазбаўленыя праяў рэлігійнай цэнзуры і нашыя продкі. Прыкладам вядомы «Трэнас» – ананімны твор Мялеція Сматрыцкага, які выказваў смутак з прычын ганенняў на праваслаўе і яго занядбанне на беларускіх і ўкраінскіх землях, быў рэпрэсаваны непасрэдна пасля яго друку ў Вільні з наступствамі для кнігавыдаўцоў. Ці пайшла на карысць нашым землям існая на той час пра-каталіцкая цэнзура? – пытанне рытарычнае, калі ўзгадаць, што менавіта праз карту веры ўдавалася нашым усходнім суседзям разгойдваць унутрыпалітычную сітуацыю ў краіне і ствараць разнастайныя прамаскоўскія канфедэрацыі і суполкі, што зрэшты прывяло да шматлікіх паўстанняў, масавай калабарацыі і падзелаў Рэчы Паспалітай.

Цэнзура папераджальная…

Калі казаць пра цэнзуру папярэднюю (і нават папераджальную), то, напэўна, узорам, які натхняе сучасных беларускіх ідэолагаў, з’яўляецца цэнзурная палітыка суседняй Расіі. Дзе ажно з 1804 г. існаваў Цэнзурны Статут, які раз за разам паляпшаўся і ўдасканальваўся, і на дзеянне якога гэтак любіў скардзіцца ў сваіх вершах вядомы расійскі аўтар – Пушкін. Кнігі і публікацыі ў газетах і часопісах сапраўды жорстка цэнзураваліся ўсё 19 ст. і пазней ужо за савецкімі часамі, што адчулі на сваёй скуры і нашыя продкі, што былі патрапілі ў Расійскую імперыю неўзабаве перад увядзеннем гэтых цэнзурных абмежаванняў.

Фактычна за выключэннем кароткага перыяду найноўшай гісторыі і пэўнага часу рэвалюцыйнага бязуладдзя пачатку 20 стагоддзя, беларусы і іншыя народы расійскай і савецкай імперыі ўвесь час жылі пры вельмі жорсткай цэнзуры.

Па якой цяпер заклікаюць і нас адчуваць настальгію, не раўнуючы як па марозіву за 28 капеек.

Ці дбалі цэнзары пра мастацкія вартасці рукапісаў? Дакладна не. Расійскім цэнзарам, наадварот, указвалі не звяртаць увагі на літаратурныя вартасці твора, а больш прыглядацца да яго агульнага духу і намераў аўтара, то бок фактычна ладзіць палітычную цэнзуру. Як вынік – росквіт эмігранцкага кнігавыдання (той жа «Колакал» А. Герцэна) і падпольных самвыдатаў, якія абыходзілі цэнзурныя абмежаванні і ўсё роўна даходзілі да шырокіх масаў людзей. Пры гэтым ствараючы, аднак, ілюзію поўнага кантролю над публічнасцю, якой не маглі супраціўляцца адкрыта. Мастацкую вартасць тэкстаў звычайна падвышаюць літаратурныя і навуковыя рэдактары, чыя праца зусім не з’яўляецца цэнзурай, а выконвае зусім іншыя задачы. Таму параўноўваць палітычную цэнзуру з мастацкай і навуковай рэдактурай – гэта відавочна нацягваць «саву на глобус». Тым больш, калі пад навуковай цэнзурай маюць на ўвазе прыклады цэнзуры гістарычных тэкстаў, дзе ўжо сёння аўтарытарныя рэжымы ў Расіі і Беларусі прадугледзелі адмысловыя крымінальныя артыкулы за неадпаведнае апісанне падзей Другой сусветнай ці адмаўленне генацыду беларускага народа.

Калі пад выглядам навуковай цэнзуры, па сутнасці, будуць выкараняць непажаданыя гістарычныя наратывы, замяняючы іх «адзіна правільным» варыянтам разумення гісторыі – мы можам атрымаць што заўгодна, але не навукова адпаведныя выданні.

Не хочаце чытаць кепскіх кніг? – проста не бярыце выданняў, якія не прайшлі мінімальнай неабходнай рэдактуры, для гэтага вам не патрэбны дзяржаўны цэнзар.

…І на варце «традыцыйных каштоўнасцяў»

Цяпер пра «традыцыйныя» каштоўнасці, якія так значна парушае, на думку расійскіх уладаў і іх беларускіх заўзятараў, літаратура з узгадкамі ЛГБТК+ супольнасці, аднаполых стасункаў і іншага падобнага. Насамрэч, такая літаратура існуе яшчэ з часоў антычнасці, і многія старажытнагрэцкія і рымскія аўтары не бачылі аніякай шкоды ў яе існаванні. Інтымнае жыццё чалавека – гэта яго ці яе прыватная справа, куды не мусяць лезці са сваім меркаваннем дзяржаўныя маралісты. Ці настолькі гэта сапсавала ўсю еўрапейскую і сусветную культуру? – пытанне рытарычнае. Давайце тады забаронім усе фільмы жахаў, якія могуць справакаваць праблемы з псіхікай, а разам з імі і фільмы пра вайну, бо яны таксама патэнцыйна прыводзяць да псіхічных траўмаў. Давайце адменім вялікія пласты масавай культуры, дзе прама ці ўскосна прыгадваецца агрэсія і гвалт, палавыя стасункі ці іншыя амаральныя ўчынкі. ЦІ атрымаецца ў нас жыць з падобнай стэрыльнай культурай, з якой будзе вынішчана ўсё чалавечае, каб незнарок не пакрыўдзіць пачуцці непаўналетніх і маралістаў? 

Дарослых людзей адрознівае ад дзяцей тое, што яны валодаюць дастатковай разважлівасцю, каб самастойна вызначаць, што ім пагражае альбо шкодзіць, а не чакаць пакуль за іх гэта вызначаць суворы Бацька – у выглядзе аўтарытарнай дзяржавы.

Менавіта пра гэтую здольнасць кіравацца ўласным розумам пісаў у свой час Імануэль Кант як пра надзейны сродак гартавання «паўналетніх» еўрапейскіх нацый, якім не патрэбны цэнзар для развіцця ўласнага мыслення. Безумоўна, будуць заўсёды заставацца тэмы і сюжэты, якія не пажадана, каб з’яўляліся ў публічнай прасторы без адпаведных шлюзаў. Таму пазнакаў 18+ ці папярэджанняў пра выкарыстанне абсцэнай лексікі і натуралістычных сцэн забойстваў і гвалту – ніхто не адмяняе. Як і жорсткага бану на прапаганду нянавісці па нацыянальнай, рэлігійнай, гендэрнай ці іншай прыкметах, бо «твая свабода заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага чалавека» (Кант). Але падобныя санітарныя кардоны нельга ставіць на адну плоскасць з палітычнай і ідэалагічнай цэнзурай – адзіная мэта якой – гэта знішчыць любыя альтэрнатыўныя погляды і сцвердзіць «адзіную праўду», якой у прымусовым парадку заклікаюць верыць усіх грамадзян дзяржавы. Гэта як блытаць маральныя прынцыпы з фізічным кляпам, якім затыкаюць рот апанента.

На жаль, для часткі людзей жыць з ідэалагічным страпонам у выглядзе дзяржаўнай цэнзуры выглядае пазіцыяй цалкам натуральнай і нават пажаданай. У святле актуальнай унутрыпалітычнай кан’юнктуры і асабістых маральных якасцяў.

Хорошо 2
Смешно
Грустно
Злюсь
Кошмар
Поделиться:

Смотрите также

Обсудим, как пропаганда использует Олимпиаду для манипуляций, разоблачаем мифы о "оскорблении чувств верующих", исследуем эффект Даннинга-Крюгера и его влияние на восприятие информации. Также рассмотрим, как беларусские СМИ освещают выборы в США и последствия урагана в Беларуси.

Аналитика и обзоры

Мнения

Мониторинг СМИ

Тренды

Всячина

Видео

Тесты