«Дол капалі яму далакопы даўно, далакопы чужыя, не нашы»: пра літаратурныя аб’яднанні 20-30-ых гадоў, якія дыскутавалі паміж сабой і былі знішчаны ўладамі.
У 86-ю гадавіну «Ночы расстраляных паэтаў» Media IQ узгадвае з літаратуразнаўцам і паэтам Віктарам Жыбулем культавыя літаратурныя аб’яднанні «Маладняк» і «Узвышша».
Даведка Media IQ: «Ноч расстраляных паэтаў»
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску, меркавана ва ўрочышчы Курапаты, былі расстраляныя 108 беларускіх дзяржаўных, культурных дзеячоў і навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі.
Штогод у Беларусі і за яе межамі 29 і 30 кастрычніка праходзяць вечары памяці рэпрэсаваных беларусаў.
Падрабязней глядзі https://nochpaetau.com/
«Маладняк» не быў аднароднай арганізацыяй, былі свае спрэчкі, кожны адстойваў свае інтарэсы»
– Якія былі прычыны расколу «Маладняка»?
– Здавалася б, калі ў 1923 годзе ўтваралася літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», ягоныя сябры мелі агульныя мэты і інтарэсы. Суполку заснавалі шэсць пісьменнікаў: Міхась Чарот, Андрэй Александровіч, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Язэп Пушча і Адам Бабарэка. Першыя чацвёра засталіся ў цэнтральным бюро «Маладняка», але другія двое разам з Уладзімірам Дубоўкам сталі заснавальнікамі «Узвышша» і ў нейкім сэнсе – яго тварам.
У 1926 годзе ў колах «Маладняка» пачалася палеміка наконт зборніка вершаў Уладзіміра Дубоўкі «Credo». На пасяджэннях кніга атрымала даволі неадназначныя ацэнкі, у прэсе па выніках пасяджэнняў акцэнт быў зроблены на яе негатыўных баках. Пасля гэтага Дубоўка напісаў ліст у цэнтральнае бюро «Маладняка» с пратэстам супраць вульгарна-сацыялагізатарскіх ацэнак яго зборніка. Праз месяц страсці напаліліся, і 26 траўня 1926 года Дубоўка выйшаў з «Маладняка». Яго падтрымалі сябры Адам Бабарэка, Язэп Пушча, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля і Кандрат Крапіва. З гэтага ж дня пачынаецца і гісторыя літаратурнага аб’яднання «Узвышша», якое, я думаю, не ўтварылася б без паэта Уладзіміра Дубоўкі.
«Маладняк» негатыўна паставіўся да аддзялення часткі сваіх сяброў, распачалася мэтанакіраваная крытыка ў іх адрас. «Узвышша» прадстаўлялі як суполку, якая адыходзіць ад абранай лініі развіцця літаратуры, ад існуючай ідэалогіі.
– Якія былі арганізацыйныя, мастацкія, эстэтычныя адрозненні ў «Маладняка» і «Узвышша»?
– Каб лепей зразумець «Маладняк», трэба распавесці, як ён быў уладкаваны. Спачатку – малаколькасная арганізацыя, якая пакрысе адкрывае філіі ў іншых гарадах Беларусі і нават за яе межамі (Расея, Чэхія, Латвія), абвяшчае сябе Усебеларускай арганізацыяй паэтаў і пісьменнікаў. І натуральна, маючы столькі філій, колькасць сяброў павялічваецца да некалькіх сотняў.
Кіравала ўсім цэнтральнае бюро на чале з паэтам Міхасём Чаротам. Адапаведна, былі кіраўнікі ў кожнай філіі, якіх было каля 15. А самі ўдзельнікі «Маладняка» падзяляліся на правадзейных сяброў, кандытатаў у сябры і гурткоўцаў. Гурткоўцы толькі пачыналі пісаць, наведвалі гурткі «Маладняка», якія ствараліся ў розных населеных пунктах, нават там, дзе філіі і не было. З колькасна нешматлікай суполкі маладых пісьменнікаў «Маладняк» перарос у масавую рэспубліканскую арганізацыю. Сярод некалькіх сотняў сяброў былі таленавітыя пісьменнікі, але большасць – амаль выпадковыя людзі, для якіх літаратура была часовым захапленнем. Некаторыя ўвогуле нічога не пісалі. Паколькі літаб’яднанне мела разгалінаваную арганізацыйную структуру і шмат у чым залежала ад камсамола, то ўваходзілі ў яго і камсамальскія функцыянеры, якім пісаць было і не абавязкова. У анкеце дэлегатаў першага з’езду «Маладняка», які адбыўся ў лістападзе 1925 года, ёсць графа «з якога часу пішаце», і хтосьці так і адказаў: «не пішу». Колькасць у якасць не перарастала. «Маладняк» не быў аднароднай арганізацыяй: былі свае спрэчкі, кожны адстойваў свае інтарэсы, шмат хто нешта не падзяліў з цэнтральным бюро. Таму аб’яднанне зазнала шчэ два расколы.
Узвышэнцы бачылі небяспеку для беларускай літаратуры ў такім падыходзе «Маладняка» – скрозь пальцы глядзець на нізкі мастацкі ўзровень твораў сяброў у ахвяру ідэйнасці.
Яны былі заклапочаны станам беларускай літаратуры, хацелі, каб яна папаўнялася найлепшымі здабыткамі. Таму спачатку наўмысна паставілі за мэту стварыць суполку, у якой будзе да 10 сяброў. У выніку максімум усіх узвышэнцаў, якія ў розныя часы ўваходзілі ў аб’яднанне, было 17 чалавек. І сапраўды, што не ўзвышэнец, то яркая творчая асоба. Язэп Пушча – таленавіты паэт, які пачаў з цікавых эксперыментаў з вобразнасцю, крытык і філосаф Адам Бабарэка, майстар псіхалагічнай прозы Кузьма Чорны. Змітрок Бядуля належаў да «нашаніўскага пакалення», але таксама далучыўся. А таксама Уладзімір Дубоўка, Пятро Глебка, Тодар Кляшторны, Сяргей Дарожны, Кандрат Крапіва, Андрэй Мрый, Васіль Шашалевіч, Антон Адамовіч, Уладзімір Жылка, Максім Лужанін, Фелікс Купцэвіч, Лукаш Калюга, Юрка Віцьбіч.
– Часопіс «Узвышша» выходзіць у 1927–1931, гадах, калі ціск партыі ўжо набраў сілу, а беларусізацыя зварочваецца. Як такое стала магчымым?
– Вядома, мастацкія, эстэтычныя, ідэйныя памкненні «Узвышша» трэба было звязаць з павевамі часу. Адам Бабарэка развіў тэорыю: ідэолагі «Маладняка» разумеюць само паняцце «пралетарскай літаратуры» вельмі аднабакова, і залічваюць да яго найперш ідэалагічна прасякнутыя творы, дзе асноўнай тэмай з’яўляецца сацыялістычнае будаўніцтва.
Але пралетарый павінен развівацца, для чаго трэба ствараць творы, вартыя развітага пралетара, новага чалавека. І гэта было ў нейкім сэнсе апраўданнем звароту да найлепшых традыцый беларускай літаратуры «нашаніўскага перыяду», заходнееўрапейскіх пісьменнікаў.
Узвышэнцы цікавіліся набыткамі сусветнай літаратуры, друкавалі ў часопісе артыкулы пра замежныя творы, пераклады. Дубоўка адным з першых у беларускай літаратуры пачаў перакладаць ангельскіх паэтаў-рамантыкаў, таго ж Джорджа Байрана, а Жылка перакладаў, напрыклад, Шарля Бадлера. І «Узвышша», і «Маладняк» звярталіся да фальклорных матываў. Дубоўка мог скарыстаць фальклорны матэрыял, але ж уплесці праблемы сучаснасці і з дапамогай эзопавай мовы пакрытыкаваць сваіх апанентаў у паэмах-камбайнах. Увогуле Дубоўка быў дасціпны, вынаходлівы і заўсёды ведаў, чым можна адказаць нядобразычліўцам.
«Незалежных выданняў у той час не існавала»
– «Маладняк» пазначаны як грамадска-палітычны часопіс, «Узвышша» толькі як літаратурны і крытычны. Як гэтыя адрозненні праяўляліся на практыцы?
– У часопісаў «Маладняк» і «Узвышша» было шмат падабенства, але разам з тым была і розніца. У «Маладняка», як і ва «Узвышша», асноўнай крыніцай фінансавання былі дзяржаўныя датацыі, гэта пацвярджаюць захаваныя дакументы. Незалежных выданняў у БССР у той час не існавала, за выняткам хіба што рукапісных, якія выходзілі накладам у два асобнікі – тут згадваецца слуцкі часопіс «Наша слова»1925 г.
Часопіс «Маладняк» пачынае выходзіць з 1923 года. Пэўнае месца на старонках асабліва ў першыя гады займала публіцыстыка партыйных функцыянераў: артыкулы пра гісторыю камсамола БССР, Леніна, матэрыялы «на злобу дня» пра актуальныя падзеі, прапаганда. «Маладняк» адпачатку абвясціў, што трымаецца генеральнай лініі партыі і намераны адлюстроўваць у сваёй творчасці новыя рэвалюцыйныя пераўтварэнні, то бок ідэалогію пралетарыяту. Гэта было пазначана ў розных праграмных артыкулах і дэкларацыях.
Але на старонках часопіса было што пачытаць, друкаваліся самыя розныя творы: на агульначалавечыя тэмы, чыстая лірыка, эксперыменты з формай і зместам, з вобразнасцю. Тады пачынала зараджацца беларуская прыгодніцкая і падлеткавая літаратура. Алесь Александровіч, Анатоль Вольны і Алесь Дудар ў суаўтарстве стварылі раман «Ваўчаняты». Напачатку маладнякоўцы пазіцыянавалі сябе і як імажыністы. Нават у расейскім імажынісцкім часопісе «Гостиница для путешествующих в прекрасном» у артыкуле Матвея Ройзмана пад назвай «Белорусские имажинисты» былі пералічаны асноўныя аўтары-маладнякоўцы.
Ва «Узвышшы» пераважна змяшчаліся нарысы пра пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, у тым ліку замежных.
Расказвалі пра сусветныя мастацкія кірункі, літаратурны працэс у розных краінах, дбалі пра рознабаковае развіццё беларускіх пісьменнікаў і чытачоў. Публіцыстычных артыкулаў «на злобу дня» было мала.
Аб’яднанне, як і часопіс, імкнуліся да грунтоўнага асэнсавання класічнай спадчыны Беларусі ў розных галінах мастацтва. З «Узвышшам» пэўны час супрацоўнічаў вядомы беларускі журналіст-эсперантыст Зміцер Снежка, які друкаваў нарысы пра літаратуру розных краін на аснове матэрыялаў, перакладзеных з мовы эсперанта. Зміцер Снежка таксама вёў замежную літаратурную хроніку ў часопісе. Раздзел хронікі быў і ў «Маладняку».
Вядома, на старонках «Узвышша» выходзіла шмат глыбакадумных артыкулаў, падмацаваных філасофскімі, эстэтычнымі тэорыямі, аўтарам якіх быў пераважна Адам Бабарэка, выбітны інтэлектуал свайго часу. Многія творы, якія друкаваліся ва «Узвышшы», сталі хрэстаматыйнымі: аповесць «Салавей» Змітрака Бядулі, «Запіскі Самсона Самасуя» Андрэя Мрыя, раман «Сястра» Кузьмы Чорнага, вершы і паэмы Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Уладзіміра Жылкі, байкі Кандрата Крапівы.
«Нядобразычліўцы «Узвышша» нібыта імкнуліся стварыць уражанне масавасці, маўляў, паглядзіце, колькім чытачам і крытыкам не падабаецца аб’яднанне».
– Распавядзіце, калі ласка, пра палеміку паміж «Маладняком» і «Узвышшам».
– Менавіта на старонках «Маладняка» выйшлі першыя водгукі на кнігі Уладзіміра Дубоўкі. Асабліва Дубоўку пакрыўдзіла рэцэнзія пад назвай «Форма і ідэалогія», падпісаная ініцыяламі Я. Ч. Быў такі маладняковец Янка Чаладзінскі, але Адам Бабарэка ў рукапісах сцвярджае, што Я. Ч – гэта Алесь Дудар. Сама назва сведчыць пра зараджэнне вульгарнага сацыялагізму. Дудар, вядома, быў творцам даволі высокіх патрабаванняў і не найгоршага мастацкага густу, часам крытыкаваў па справе, але ж і звяртаўся да сацыялагізатарства. Адгукнуўшыся на гэтую рэцэнзію, Дубоўка напісаў у цэнтральнае бюро ліст-пратэст, у якім па пунктах абвяргаў кожную тэзу Дудара. Надрукаваны ліст не быў, але захаваўся ў Нацыянальным архіве Беларусі і апублікаваны толькі ў 90-ыя гады.
Надалей крытычныя артыкулы пра «Узвышша» і творчасць яго сяброў выходзілі, акрамя «Маладняка», у газеце «Савецкая Беларусь» і часопісе «Полымя». Выступалі Алесь Дудар пад сваім сталым псеўданімам Тодар Глыбоцкі, Зміцер Жылуновіч пад сапраўдным прозвішчам і псеўданімамі Сымон Друк, Янка Пільны, Вар і г. д. Каб трошкі мець уяўленне пра сутнасць гэтых артыкулаў, думаю, дастаткова пералічыць толькі назвы. Глыбоцкі: «Аб фальшы камертонаў», «Некаторыя заўвагі да становішча беларускай літаратуры». У назве артыкула «Вельмі многа слоў» Дудар перафразаваў верш Дубоўкі, які скончваўся радкамі: «Вельмі многа крыўды, вельмі мала слоў». Далей: «Пад шыльдай пралетарскай літаратуры» (рэцэнзіі на першы і другі нумары «Узвышша»), «Літаратурныя сектанты», «Літаратурнае балота. Пра Узвышша». Артыкулы Жылуновіча: «Ці сапраўды “Узвышша” ёсць “Узвышша”?», «Узвышаўцы злуюцца, узвышаўцы лаюцца», «Шкоднае ў беларускай літаратуры. Што было і чаго не павінна быць», «Лаянка і нясталасць на належным «Узвышшы».
Потым да палемікі далучыўся Алесь Сянкевіч, які актыўна звяртаўся да вульгарнага сацыялагізму. Яго артыкул у газеце «Звязда» меў назву: «Сацыяльныя матывы творчасці, Або сабачыя лісты паэта Язэпа Пушчы». Публікаваўся пад псеўданімамі Джугар, Садовіч і інш. Нядобразычліўцы «Узвышша» нібыта імкнуліся стварыць уражанне масавасці, маўляў, паглядзіце, колькім чытачам і крытыкам не падабаецца аб’яднанне.
Даходзіла да таго, што ў адных сваіх артыкулах, скіраваных супраць «Узвышша», у якасці аргументаў і доказаў пэўных тэз цытавалі свае ж артыкулы, надрукаваныя пад іншымі псеўданімамі.
І ўжо зусім у кепскім святле «Узвышша» малявалі Лукаш Бэндэ, Янка Ліманоўскі і Арэст Канакоцін на мяжы 1920-х – 1930-х, напоўніцу выкарыстоўваючы вульгарны сацыялагізм. Арэст Канакоцін выдаў кнігу «Літаратура – зброя клясавай барацьбы», дзе ва ўсіх падрабязнасцях распісаў «грахі» аб’яднання. Тады ўжо гэта набыло асабліва небяспечны характар, поўным ходам ішла першая хваля рэпрэсій.
– Як «Узвышша» рэагавала на крытыку ў свой бок?
– Падчас знаёмства з архівамі Адама Бабарэкі, працы над зборам яго твораў, я пабачыў, што публікацыі ва «Узвышшы» – толькі вяршыня айсберга. Шмат з таго, што хацеў выказаць сваім апанентам Адам Бабарэка, так і засталося неапублікаваным. Ён быў творцам вельмі грунтоўным, калі пачынаў нешта пісаць, рабіў некалькі варыянтаў, абмалёўваў праблему то ў крытычным рэчышчы, то ў эсэістычным, то ў напаўжартоўнай форме. Ствараў нешта кшталту крытычных нарысаў у эпісталярнай форме: уявіў чытача, з якім у лістах дзяліўся ўсімі праблемамі літаратурнай барацьбы, расказваў яму пра гэта, як сябру ў сталоўцы. Адна з такіх прац мае падзагаловак «Лісты да невядомага друга». Таксама Бабарэка пісаў манаграфію пра паэта Язэпа Пушчу пад назвай «Супраць ветру». Манаграфія тады не была надрукавана, але ж у 2011 годзе яе поўны тэкст увайшоў у збор твораў. Што цікава, Бабарэка ўзяў радкі з верша Пушчы, якія сустрэлі асаблівую непрыхільнасць тагачасных крытыкаў, у прыватнасці, Сянкевіча. Той знайшоў там праявы контррэвалюцыйнасці, кулацка-нэпманскай ідэалогіі і шкодніцтва.
Узвышэнцы публікавалі ў часопісе калектыўныя рэцэнзіі пад псеўданімам, якім карысталіся па чарзе: Трыер альбо Трыкліні. Шмат якія старонкі гэтай літаратурнай барацьбы адлюстраваліся ў эпісталярнай спадчыне ўзвышэнцаў, у ліставанні Дубоўкі з Бабарэкам.
З лістоў зразумела, што паэты былі поўныя самых разнастайных ідэй, але вымушаны вялікую ўвагу надаваць барацьбе з апанентамі, неяк ад іх адбівацца, што, вядома, тармазіла іх больш істотныя творчыя справы, больш вартыя іх талентаў.
«Сябры аб’яднання вельмі не хацелі, каб “Маладняк” трапіў пад расейскі камуністычны ціск»
– Якой была рэакцыя маладнякоўцаў, асабліва тых, хто браў удзел у палеміцы з «Узвышшам», на рэарганізацыю «Маладняка» ў БелАПП?
– На сходзе ў лістападзе 1928 года «Маладняк» быў пераарганізаваны ў БелаАПП (Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў). «Узвышша» яшчэ існавала. Рэарганізацыя прадугледжвала падпарадкаванне БелаАППа ВАППу (Усесаюзная арганізацыя пралетарскіх пісьменнікаў), то бок яшчэ больш шчыльны кантроль партыі над літаратурным працэсам, і яшчэ большую залежнасць ад маскоўскага ЦК КПБ. Маладнякоўцы былі засмучаныя зменамі, цяжка перажывалі іх.
У снежні 1927 года з «Маладняка» выйшла група літаратараў, сярод якіх былі і Міхась Зарэцкі з Алесем Дударом.
Сябры аб’яднання вельмі не хацелі, каб «Маладняк» трапіў пад расійскі партыйны і культурны ціск. Дудар быў упэўнены, што такія ўплывы кепска адбіваюцца на творчай практыцы беларускіх пісьменнікаў, якія ўсё больш імкнуліся пераймаць расейскіх.
Таксама Дудар у 1928 годзе распачаў тэатральную дыскусію, публікаваў вострую крытыку, у якой асуджаў рэпертуар беларускіх тэатраў за тое, што ён складаўся пераважна з расейскіх п’ес. А ў дзень рэарганізацыі «Маладняка» Алесь Дудар напісаў верш «На сьмерць “Маладняка”».
Дол капалі яму далакопы даўно,
Далакопы чужыя, ня нашы:
– Вы падмурак для нас, для сяўбы нашай гной,
Для жывёліны нашае паша…Самі вінны ва ўсім. Ляжа ганьба на нас;
Наша воля, наш розум і сіла
Хай маўчаць і цяпер, ў гэты дзень, ў гэты час
Над глыбокай і сьвежай магілай.
«Узвышша» працягвала нейкі час існаваць паралельна з БелаАПП, але ж у канцы 1931 года ліквідавалася, перастаў выходзіць і часопіс. Узвышэнцы, якія былі высланы з Беларусі ў 1931 годзе, меркавалі, што насамрэч сапраўднае «Узвышша» перастала існаваць яшчэ раней, бо было пазбаўлена свайго сэрца і мозга: Бабарэкі, Пушчы, Дубоўкі. Апошнія месяцы літаб’яданне зазнала пільны кантроль, і не магло сабе дазволіць ніякіх вольнасцяў, якія ў іх прабіваліся раней.
– Ці паўплывала публічная палеміка на цікавасць органаў да «Узвышша», на прымус напісаць «Пастанову літаратурна-мастацкага згуртавання пра палітычныя памылкі ў літаратурна-публіцыстычнай творчасці» ў 1930 годзе?
– Рана ці позна ўсё адно партфункцыянеры, потым Дзяржаўнае палітычнае праўленне БССР ўзяліся б за «Узвышша». Ці крытыкавалі б іх маладнякоўцы, ці нехта іншы, ці зусім ніхто. Узаемная палеміка бралася пад увагу карнымі органамі, выкарыстоўвалася і супраць маладнякоўцаў, і супраць узвышэнцаў. Маладнякоўцы таксама зазналі рэпрэсіі: адным з першых рэпрэсаваных пісьменнікаў быў Алесь Дудар, якога ў 1929 годзе выслалі ў Смаленск. Яркім творчым індывідуальнасцям у час, калі ўсё вырашала партыя, было надзвычай цяжка існаваць у пракруставым ложы.
Паміж сабой маладнякоўцы і ўзвышэнцы ворагамі не былі. Некаторыя былі сябрамі, іншыя маглі разам і ў рэстарацыю схадзіць, частка сяброў абодвух літаратурных аб’яднанняў уваходзіла ў неафіцыйную суполку ТАВІЗ (Таварыства аматараў выпіць і закусіць). Натуральна, яны сустракаліся на літаратурных імпрэзах, іншых розных мерапрыемствах, разам выступалі. Акрамя таго, некаторыя маладнякоўцы друкаваліся ва «Узвышшы», а ўзвышэнцы – у «Маладняку».
Напэўна, у розныя час бывае так, што людзі марнуюць зашмат энергіі на неабавязковыя і нават непатрэбныя спрэчкі – замест таго, каб гэтую энергію скіраваць на больш стваральнае. Можа, калі б умовы былі іншыя, то Бабарэка і Дудар патрацілі б болей часу і сіл на мастацкія і філасофскія творы. А так мусілі спісаць вялікія стосы паперы дзеля гэтай палемікі, што не найлепшым чынам адбівалася на іх творчай дзейнасці.