Аналитика и обзоры Мнения Мониторинг СМИ Тренды Всячина Видео Тесты Тэги
facebook Lviv Media Forum nizkiz Telegram Азаренок антизападные нарративы балючыя пытанні беларусские СМИ бигтех будущее Владимир Путин война в Украине выборы в КС выборы-2025 гендер государственные медиа деконструкция диаспора дискриминация доносы закон Израиль инфографика Иран исследования история манипуляции как не поддаться пропаганде Киберпартизаны кино Китай конспект конспирология конференция «Новая Беларусь» Координационный Совет лгбт мова Молдова нарушение стандартов независимые медиа Новая Боровая образование Павел Дуров подкаст политзаключенные политическая коммуникация Польша права человека приемы пропаганды прогнозы прокремлёвские нарративы пропаганда манипуляции пропаганда о чиновниках протесты в Грузии региональные сми рекламный рынок Рико Криегер российские СМИ СБ Сидорская стандарты стандарты журналистики СТВ США твиты телеканалы теория пропаганды тесты Томаш Шмыдт уязвимые группы фашисты фейки ценности Чернобыль Что почитать электоральная кампания 2024 язык вражды

«Вочы і вушы свету скіраваныя на нас, нас гатовыя чуць, бачыць, разумець»

Паразмаўлялі з Таццянай Нядбай, паэткай і перакладчыцай, старшынёй Беларускага ПЭНа пра тое, як пачуваецца беларуская літаратура ў эміграцыі, якія праблемы былі і застаюцца ў СМІ, калі яны пішуць пра літаратуру, як медыя ў рэлакацыі працуюць з тэмай культуры.

Поделиться:
Таццяна Нядбай. Фота: vbobruisk.by

«Паблажлівае і павярхоўнае, фармальнае стаўленне да культуры –  агульнае, што ёсць у незалежных і дзяржаўных СМІ»

–  Узгадаем мінулае літаратурнае жыццё, каб разумець узровень, на якім была прадстаўлена беларуская літаратура ў СМІ да пратэстаў 2020 года. 

–  Пачну з сумнага: журналісты, якія пішуць пра культуру, у першую чаргу траплялі пад скарачэнне штату ў незалежных рэдакцыях. Іншыя пра незалежную культуру практычна не пісалі і не пішуць сёння. Аддзел культуры ў медыя – найчасцей з разраду фантастыкі. Існуе перакананне: каб пісаць пра культуру, не патрэбныя спецыяльныя веды. Рэдакцыі не жадаюць інвеставаць у культурныя тэмы (калі гэта не скандал), бо патрэбныя прачытанні, а пры абмежаваных рэсурсах утрымліваць чалавека, які будзе пісаць пра культуру, а не пра палітыку, складана. Масмедыя перадусім імкнуцца да клікабельнасці – напісаць свой матэрыял, схадзіць на прэс-канферэнцыю часта няма каму. Паблажлівае і павярхоўнае, фармальнае стаўленне да культуры – агульнае, што ёсць у незалежных і дзяржаўных СМІ.

Творчая аўдыторыя – удзячная глеба для артыкулаў пра скандалы.

Тут хапае крыўдаў, недаацэненасці, нерэалізаваных амбіцый, бо няма рынку, не хапае магчымасці атрымаць пазітыўную зваротную сувязь ад чытача, шмат каго засмучаюць больш паспяховыя літаратары, – выдатны матэрыял для клікабельных публікацый. У нечым нават разумею журналістаў, якія залежаць ад рэдакцый. Крыху менш разумею рэдакцыі, якія (і тут я перакананая) мусілі б мець у рэдакцыйнай палітыцы пэўныя стандарты.

– Вы ўдзельнічалі ў арганізацыі культурных падзей, збіралі грошы праз краўдфандынг на выданне кніг. Ці лёгка дагрукацца да СМІ, калі патрэбна медыйная падтрымка?

– Памятаю, калі прыйшла ў ПЭН і пачала займацца Гедройцам – самай скандальнай, а таму складанай літаратурнай прэміяй, якой ніхто займацца не хацеў, – думала, як паказаць журналістам, што ўсё не так, як яны пішуць, што гэта не тусоўка, якая дзеліць паміж сваімі ўзнагароду, а наколькі магчыма празрысты працэс выбару найлепшай кнігі экспертным журы. Мы тады (шмат у чым дзякуючы майму папярэдняму досведу супрацы з незалежнымі рэдакцыямі) запрашалі на прэс-канферэнцыі з нагоды розных этапаў прэміі журналістаў незалежных медыя, якія пішуць пра культуру, а таксама фрылансераў, блогераў, лідараў меркаванняў. Быў публічны этап, калі пад запіс распавядалі пра тое, чым маглі падзяліцца з грамадскасцю. Але быў этап і не пад запіс, дзе мы прапаноўвалі журналістам задаваць любыя пытанні і адказвалі, чаму ўсё так або іначай у прэміяльным працэсе. Гаварылі пра планы, пра тое, што яшчэ не падлягала апублічванню, але было важным для разумення журналістамі кантэксту. У выніку нават з больш забяспечаных рэсурсамі рэдакцый журналісты тэлефанавалі і прасілі даслаць ім рэліз з вынікамі, напрыклад, кароткага ці доўгага спісаў, ды яшчэ так, каб загадзя.

Кнігі, якія ўвайшлі ў кароткі спіс і сталі лаўрэатамі прэміі Гедройца ў 2021 годзе. Фота: giedroyc.penbelarus.org

Таму яшчэ больш значнымі становяцца тыя медыя, якія добра робяць сваю працу. Здорава, калі ў публікацыях можна абмяркоўваць сутнасць спрэчнага пытання, а не плёткі і бойкі. У апошнія гады складанымі тэмамі займалася «Будзьма». У сур’ёзныя і пры гэтым цікавыя для шырокіх масаў матэрыялы пра літаратуру, культуру інвеставалі T*T.BY і Onliner, «Новы час». Выданне «Свободные новости Плюс» некалькі разоў было партнёрам прэміі Гедройца, заўжды адгукалася на прапановы. У межах гэтай жа прэміі з дапамогай Eur*radio і «Р*дыё Св*бода», або нават цалкам абапіраючыся на іх партнёрскі ўнёсак, стваралі аўдыёкнігі. «Б*лсат TV» – наш сталы партнёр у прэміі Анемпадыстава (прэмія ПЭНа за найлепшую кніжную вокладку. – Media IQ). «Р*дыё Св*бода» – суарганізатар і сталы партнёр прэміі Аляхновіча (сумесная з «Р*дыё Св*бодай» прэмія ПЭНа за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. – Media IQ). «Радыё Рацыя» заўсёды цікавілася сітуацыяй у сферы культуры. Гэта вельмі каштоўныя супраца і партнёрства. ПЭН і сёння адкрыты да супольных праектаў.

– Як беларускія СМІ ў рэлакацыі пішуць пра культуру і літаратуру? 

– Звяртацца да тэмы культуры працягваюць вышэй пералічаныя медыя, але яны часткова ці цалкам існавалі за мяжой і да пратэстаў у Беларусі. З таго, што мне вядома, з рэлакаваных «Свободные новости Плюс» рыхтуюць крытычныя калонкі паводле актуальных культурных падзеяў. «Н*ша Н*ва» робіць падборкі свежых вершаў, якія, падазраю, знаходзіць у сацыяльных сетках. Гэта не мэтавая праца з аўтарамі, але хоць так.

Праўда ў тым, што ўсе названыя медыя намагаюцца працаваць так, каб беларускі чытач не адчуваў іх фізічнае месцазнаходжанне. Гэта не падман, вядома, а захаванне ўнутрыбеларускай павесткі, і гэта правільна.

Ёсць яшчэ і такі нюанс: СМІ, прызнаным экстрэмісцкімі, усё цяжэй знаходзіць каментатараў, удзельнікаў перадач, герояў матэрыялаў у Беларусі. Таму менавіта тыя, хто выехалі і знаходзяцца ў бяспецы, часта становяцца галасамі ўсіх беларусаў.

Важна не страціць адчування сітуацыі ў Беларусі і не ператварыцца ў эмігранцкія гурткі па інтарэсах, а працягваць працаваць для Беларусі.

Цяпер яшчэ цяжэй прабіцца з культурнай тэмай, бо частка журналістаў сядзіць за кратамі, рэлакаваныя вымушаны думаць пра выжыванне, побыт. Аслабленыя рэдакцыі з абмежаванымі рэсурсамі абіраюць палітыку, эканоміку і іншыя больш гарачыя тэмы. З іншага боку, тэма гучыць і, думаю, не ў апошнюю чаргу дзякуючы працы Беларускага ПЭНа з яго даследаваннем парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў сферы культуры.

Идёт война за смыслы и время. Малишевская о роли СМИ и личной ответственности

Фота: penbelarus.org

«Гаварыць за тых, хто па розных прычынах гаварыць не можа»

– Беларуская літаратура апынулася ў эміграцыі не ўпершыню. Чым адметная сённяшняя сітуацыя?

– Апошнія дзесяцігоддзі па-за межамі краіны пэўны час вымушаныя былі жыць Васіль Быкаў, Святлана Алексіевіч, Уладзімір Някляеў, Альгерд Бахарэвіч… Іншая справа, што яны вярнуліся на радзіму. Васіль Быкаў – паміраць, бо быў цяжка хворы. А іншыя – жыць і працаваць, бо гэта натуральнае жаданне творцы – быць са сваім народам. Пасля падзеяў 2020-га колькасць літаратараў, якія апынуліся за мяжой, напэўна, найбольшая за ўсе часы.

Вочы і вушы свету скіраваныя на нас, нас гатовыя чуць, бачыць, разумець.

Менавіта ўвага, эмпатыя, салідарнасць адрозніваюць хвалю эміграцыі 2020–2021 гадоў ад папярэдніх.

У размовах са Святланай Алексіевіч чую, што яна сумуе па Беларусі, па сябрах, хоча вярнуцца. Я таксама жыву перспектывай вяртання, у нейкім сэнсе гэта прымушае яшчэ больш працаваць над тым, каб наблізіць гэту магчымасць. Такімі адчуваннямі жывуць шмат маіх калег. Але я не ўспрымаю сваю сітуацыю як эміграцыю – фармальна я паехала ў камандзіроўку, з якой не змагла пакуль вярнуцца. Сёння творцы ў эміграцыі маюць дадатковую нагрузку і місію: гаварыць за тых, хто па розных прычынах гаварыць не можа.

Для нас жа важна не згубіць сувязі – не проста фармальнага кантакту, а агульнага адчування і разумення рэальнасці – з тымі, хто застаўся, але таксама і з тымі, хто апынуўся ў розных гарадах і краінах.

– Як цяпер працуе Беларускі ПЭН?

– Мы больш не называемся Беларускі ПЭН-цэнтр. Такую назву мелі да ліквідацыі арганізацыі ў Беларусі, цяпер – Беларускі ПЭН. Даўно хацелі перайменавацца, а тут і сумная магчымасць падвярнулася. Зарэгістраваныя за мяжой і займаемся тым, чым і раней, з папраўкай на абставіны і бяспеку нашых калегаў у Беларусі. Дапамагаем дзеячам культуры – перадусім тым, якія засталіся ў Беларусі. На сайце арганізацыі больш за год да канца 2021-га кожны тыдзень выходзіў дайджэст культурнага супраціву.

– Як на стаўленне да літаратуры за мяжой уплывае фізічнае знаходжанне там беларускіх пісьменнікаў, іх дзейнасць?

– Беларускіх пісьменнікаў сёння запрашаюць на міжнародныя сустрэчы, фестывалі, дыскусіі. Да іх звяртаюцца па інтэрв’ю замежныя СМІ, якія працуюць для небеларускай аўдыторыі. Напрыклад, у гарадах Польшчы прайшлі прэзентацыі рамана Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном». Шмат выступаюць на самых розных пляцоўках Еўропы і даюць вялікую колькасць інтэрв’ю Юлія Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Андрэй Хадановіч. Сярод замежных СМІ выказваюць цікавасць Беларуская служба Польскага радыё, Польскае радыё Люблін. Чэшскі часопіс HOST + H7O прысвяціў кастрычніцкі нумар 2021 года сучаснай беларускай літаратуры. Саюз перакладчыкаў Літвы абвясціў 2022 год Годам беларускай літаратуры.

Гэта спрыяе лепшаму разуменню нашай сітуацыі заходняй аўдыторыяй. На жаль, інфанагоды не заканчваюцца. Калі пісьменнікі каментуюць розныя падзеі, то так ці іначай згадваюць пра затрыманых дзеячаў культуры, жахлівыя ўмовы ўтрымання ў турме, агульнае беззаконне і фактычную забарону на прафесію для дзеячаў культуры, пераслед за іншадумства, адсутную сёння ў Беларусі свабоду выказвання.

Мы часта былі нуднай тэмай для замежных СМІ, а часам і для саміх сябе, а цяпер нам ёсць чым ганарыцца і захапляцца.

І ёсць за што адчуваць сорам. Гэта пачуццё ўсё адно з’яўляецца ўнутры, калі глядзіш на дзеянні беларускіх уладаў і сілавікоў, нават калі не суадносіш сябе з імі.

Выступы і выказванні дзеячаў культуры за мяжой важныя і дзеля падтрымання сувязяў сярод вымушаных эмігрантаў, і дзеля перспектывы адкрыць сябе для іншых грамадстваў. Гэтыя дзве задачы мы пастаянна маем на ўвазе, калі арганізоўваем мерапрыемствы ці прымаем у іх удзел.

Некаторыя аўтары пішуць і выдаюць свае творы  адразу на замежных мовах, асабліва гэта мае сэнс з публіцыстыкай, дзённікамі. Самай паспяховай стала кніга-дзённік «Дні ў Беларусі» паэткі і перакладчыцы Юліі Цімафеевай. Кніга напісаная па-ангельску, ужо выйшла ў шведскім і нямецкім перакладах, друкуецца часткамі ў літоўскім часопісе, у сакавіку выходзіць у Нідэрландах. Гэта дазваляе хутка, што зараз асабліва каштоўна, і эфектыўна расказаць замежнаму чытачу пра беларускія падзеі.

Выбраныя сучасныя беларускія кнігі, якія выйшлі за мяжой пасля пратэстаў-2020:

Андрэй Хадановіч, кніга вершаў «Фантомныя радасці» (2021), выйшла ў польскім перакладзе Адама Паморскага ў выдавецтве «Pogranicze» (Польшча)

Альгерд Бахарэвіч, «Сарока на шыбеніцы» (2021), выйшла у польскім перакладзе Яна і Ігара Максімюкоў у выдавецтве Pogranicze (Польшча)

Юлія Цімафеева, кніга «Дні ў Беларусі» (2020), выйшла ў шведскім перакладзе з ангельскай мовы Іды Бёржэль у выдавецтве Norstedts

Уладзімір Арлоў, кніга «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань» (2021), выйшла у польскім перакладзе Богдана Задуры у выдавецтве Warsztatów Kultury (Польшча)

Альгерд Бахарэвич, кніга «Sie Haben Schon Verloren» (2021), выйшла ў выдавецтве edition.fototapeta (Германія)

Уладзімір Някляеў, раман «Гэй Бэн Гіном» (2021, Польшча)

Віталь Алексяёнак (дырыжор аркестра Мюнхенскага ўніверсітэта), кніга «Белыя дні Мінска. Нашы мары аб свабоднай Беларусі» (2021), выйшла ў выдавецтве «S. Fischer» (Германія)

«Незалежныя медыя існуюць ва ўмовах страшэнна вычарпаных рэсурсаў»

– Як медыя захаваць баланс паміж асвятленнем культуры і самацэнзурай?

– Думаю, што кожная рэдакцыя мае свой уласны баланс, сваё адчуванне магчымага і немагчымага. І медыя, што апынуліся за мяжой, і тыя, што засталіся на радзіме, звяртаюцца да самацэнзуры, каб не нашкодзіць тым, хто ў Беларусі. У цэлым, мне як прадстаўніцы ПЭНа часта даводзіцца прасіць не пісаць таго ці гэтага, або сфармуляваць думку так, каб і праўду сказаць, і не падставіць нікога.

Пры гэтым адчуваецца агульная аслабленасць калектываў, стомленасць. Была дзіўная сітуацыя, калі пасля ПЭНаўскага сходу і абрання новай Рады адно з найбольш прафесійных СМІ паведаміла пра гэта, пералічыўшы папярэдні склад Рады, частка якога сёння ў Беларусі. Я ў простым сэнсе слова лямантавала, некалькі гадзінаў не магла дагрукацца да рэдакцыі, каб выправілі памылку.

На жаль, такая сёння рэальнасць: з аднаго боку, мы зацікаўленыя ў распаўсюдзе інфармацыі пра культуру на старонках СМІ, з другога боку, вымушаныя вывяраць кожнае слова ў рэлізе, а потым яшчэ правяраць, што ж у выніку было апублікавана.

Незалежныя медыя сёння існуюць ва ўмовах страшэнна вычарпаных рэсурсаў – чалавечых (маю на ўвазе стому і выгаранне супрацоўнікаў), прафесійных, фінансавых.

«Медыя як калектыўны псіхатэрапеўт»: Ганна Севярынец і Сяргей Будкін пра расстраляных паэтаў і цяперашніх рэпрэсаваных беларусаў

Таму цяпер звычайная праца, датрымліванне стандартаў – гэта больш чым проста добрая праца, гэта подзвіг.

Асабліва ў кантэксце дэвальвацыі стандартаў і іх пастаяннага парушэння з боку прапагандыстаў.

– Ці сапраўды пасля пратэстаў сталі больш чытаць беларускія кнігі? Ці ёсць у той сітуацыі, у якой апынулася наша літаратура, штосьці станоўчае?

– Ёсць. Каляндар «Не маўчы па-беларуску» быў шалёна папулярны, меў шыкоўныя продажы напрыканцы 2020 года, яго абмяркоўвалі ў дваравых чатах як падарунак сябрам, сем’ям на Новы год. Цікавасць да свайго адназначна вырасла. У тым ліку ў сілавікоў, якія вельмі ўзбуджаюцца, калі бачаць беларускія кнігі, – сумны жарт. У канцы снежня 2021 года з’явіўся новы літаратурны віртуальны часопіс Taubin. Таксама ў снежні выйшаў першы нумар часопіса «Маскарад», выданне якога ініцыявалі выпускнікі школы крэатыўнага пісьма «Літара» Адама Глобуса пры Беларускім ПЭНе.

Фота: tn.by

Але зменшыліся магчымасці знайсці літаратуру: раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» затрымалі на мытні дзеля праверкі на экстрэмізм, з кнігарняў просяць прыбраць тыя ці іншыя пазіцыі, ходзяць «добразычліўцы», выглядаюць, сігналізуюць, што не тая літаратура прадаецца… Ёсць і запатрабаванасць у беларускіх кнігах за мяжой. Я зноў у сітуацыі самацэнзуры: каб не перапыніць існыя і эфектыўныя каналы дастаўкі літаратуры за мяжу, не буду іх называць.

Пасля жніўня 2020 года бел-чырвона-белы сцяг стаў агульнапрынятым сімвалам супрацьстаяння гвалту, рэжыму, хлусні, і гэта робіць мяне аптымісткай. Думаю, калі мы ўтрымаемся, то ў сітуацыі вольнага выбару беларуская мова абсалютна натуральным чынам, без усякага навязвання, зойме належную ёй пазіцыю, будзе камфортным сродкам камунікацыі, а не палітычных маніпуляцый.

У нармальных умовах мы выпрастаемся і забуяем. Трэба набліжаць гэты час і здолець захаваць сябе. Упэўненая, што існуючая забарона на ўсё бел-чырвона-белае сакралізуе і сімволіку, і мову, і літаратуру, і культуру. Таму ў далейшым нам не давядзецца пераконваць людзей у іх каштоўнасці – гэта будзе натуральным, на ўзроўні адчування і памяці пра боль і пераадоленні, мужнасць і цвёрдасць.

Фота на галоўнай і ў сацсетках: dirk-skiba-fotografie.de

Чытайце таксама:

Тэст 21+, пераказ гарадскога летапісу і нават трошкі прапаганды. Што засталося ад беларускай мовы ў СМІ, якія маніторыць Media IQ?

Дневники протестов Пастернак и Жвалевского: «Правда, которую мы проживаем»

Хорошо
Смешно
Грустно
Злюсь
Кошмар
Поделиться:

Смотрите также

Обсудим, как пропаганда использует Олимпиаду для манипуляций, разоблачаем мифы о "оскорблении чувств верующих", исследуем эффект Даннинга-Крюгера и его влияние на восприятие информации. Также рассмотрим, как беларусские СМИ освещают выборы в США и последствия урагана в Беларуси.

Аналитика и обзоры

Мнения

Мониторинг СМИ

Тренды

Всячина

Видео

Тесты