Польшча вачыма беларускай прапаганды: Дыскрэдытацыя і маніпуляцыі
У Беларусі польская тэматыка займае асаблівае месца ў прапагандысцкіх наратывах дзяржаўных медыя. Што, як і з якой мэтай паведамляецца пра Польшчу беларускім чытачам? Прааналізаваў Media IQ.
Тэма Польшчы часта выкарыстоўваецца ў беларускіх медыя як аснова для параўнання з Беларуссю, каб падкрэсліць перавагі беларускай мадэлі кіравання і дыскрэдытаваць заходнія дэмакратыі.
Media IQ прааналізаваў кантэнт інфармагенцтва БЕЛТА і газеты «СБ. Беларусь сегодня» за перыяд з мая па верасень 2024 года, каб выявіць, праз якія тэмы беларуская прапаганда фарміруе вобраз Польшчы. Пад час маніторынгу за чатыры месяцы на тэму Польшчы было зафіксавана 390 артыкулаў (143 у БЕЛТА і 247 у «СБ. Беларусь сегодня»). Збор даных ажыццяўляўся ручным метадам.
Большасць публікацый, а менавіта 32 %, былі прысвечаны сітуацыі на мяжы. На другім месцы па згадках аказалася тэма ўнутранай сітуацыі ў краіне, якая заняла 26 %. Трэцяе месца дасталося тэме мілітарызацыі — 12 % артыкулаў.
Тэматыка падрабязней
Сітуацыя на мяжы
Як ужо было адзначана, на тэму сітуацыі на мяжы за перыяд даследавання было напісана 124 артыкулы, што складае 32 %. Навіны, звязаныя з мяжой, можна падзяліць на два віды:
- Навіны пра актуальную сітуацыю на памежных пераходах
Такія матэрыялы звычайна носяць інфармацыйны характар. Тым не менш, часта ў такіх артыкулах падкрэсліваецца, што норму штодзённага пропуску машын польскія памежнікі не выконваюць. Сустракаюцца і артыкулы, ў якіх наўпрост сказана, што гэта ўсё спецыяльная акцыя польскага ўрада. Пры гэтым затрымкі з беларускага боку не згадваюцца. Такім чынам, беларускія СМІ пераносяць усю віну за доўгія чэргі выключна на Польшчу. Пры гэтым пазітыўныя аспекты або аб’ектыўныя прычыны магчымых затрымак з боку Польшчы амаль не згадваюцца, што стварае аднабаковую карціну.
2. Мігранцкі крызіс і гібрыдная вайна
У гэтых матэрыялах апісваюцца жорсткія паводзіны польскіх памежнікаў у дачыненні да бежанцаў, у тым ліку выпадкі збіцця і здзекаў. Тэксты вылучаюцца эмацыйнай афарбоўкай, што спрыяе стварэнню негатыўнага вобразу польскага боку. У абмеркаванні сітуацыі, якая апісваецца як гібрыдная вайна, часта ўдзельнічаюць запрошаныя эксперты. Напрыклад, першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка ў інтэрв’ю «СБ. Беларусь сегодня» заявіў, што мігранцкі крызіс на мяжы быў справакаваны Польшчай для павышэння сваёй значнасці ў вачах Еўрасаюза. Ён таксама звязаў дзеянні польскага кіраўніцтва з эканамічнымі інтарэсамі, адзначыўшы, што крызіс быў выкарыстаны для аднаўлення фінансавання польскай эканомікі з боку ЕС. Паводле яго слоў, польскія ўлады прадставілі сябе як «фарпост» перад «злой Беларуссю», каб забяспечыць падтрымку і рэсурсы ад Еўрасаюза. Акрамя таго, ён прывёў прыклады нібыта масавых парушэнняў пры выдачы віз мігрантам, што выклікала расследаванні і крымінальныя справы ў самой Польшчы.
Вядомы ў Польшчы пад псеўданімам Пан Ніхто (Pan Nikt) публіцыст Томаш Грыгуч (Tomasz Gryguć) у інтэрв’ю «БЕЛТА» адзначыў, што плот на беларуска-польскай мяжы пабудаваны ў інтарэсах ЗША, а самі палякі жартуюць, што гэты плот перашкаджае ім уцячы ў Беларусь. Ён таксама назваў яго «загародам ганьбы», падкрэсліўшы, што значныя сродкі (больш за 11 млрд злотых) былі выдаткаваныя польскім урадам без, як лічыць Грыгуч, рэальнай карысці для краіны. Публіцыст выказаў думку, што гэтая ініцыятыва адпавядае амерыканскім інтарэсам і з’яўляецца часткай гібрыднай вайны, у якой Польшча выступае як інструмент. Ён таксама крытычна ацаніў дзеянні як партыі «Права і справядлівасць», якая ўзвяла загароду, так і «Грамадзянскай платформы», якая не змагла яе ліквідаваць, што, паводле яго, сведчыць аб іх палітычнай залежнасці і адсутнасці самастойнасці.
Такім чынам прасоўваюцца наратывы:
- Польшча вядзе недружалюбную палітыку ў адносінах да Беларусі.
- Польшча выкарыстоўвае мяжу як інструмент ціску на Беларусь.
Унутраная сітуацыя ў краіне
У гэты раздзел мы аднеслі артыкулы, якія тычацца навін аб падзеях унутры Польшчы. Іх аказалася 100, гэта значыць 26 % ад агульнай колькасці. У асноўным гэта перапублікацыі польскіх навін без дадатковай ацэнкі таго, што адбываецца. Аднак і тут аказалася не ўсё проста, бо выбар тэматыкі сведчыць пра схаваныя маніпуляцыі. За перыяд даследавання не было знойдзена ніводнага артыкула, прысвечанага пазітыўным падзеям у Польшчы. Замест гэтага матэрыялы былі засяроджаны на негатыўных здарэннях: аварыях, злачынствах, эпідэміях. Такое адлюстраванне фарміруе ў чытача песімістычнае ўражанне аб краіне і асацыюе Польшчу з няшчасцямі.
Мілітарызацыя
Трэцяе месца па колькасці згадванняў заняла тэма мілітарызацыі. На яе было прысвечана 48 артыкулаў, або 12 % ад усяго кантэнту пра Польшчу. Гэтая тэматыка выкарыстоўваецца для падкрэслівання вобразу Польшчы як патэнцыйнай пагрозы для бяспекі Беларусі, а таксама для канструявання страху перад магчымым канфліктам у рэгіёне.
У асноўным, гэта былі справаздачы пра закупку Польшчай ваеннай тэхнікі і ўзбраення. Напрыклад, «БЕЛТА» пісала пра планы Польшчы набыць 150 бронемашын для размяшчэння на ўсходняй мяжы. А газета «СБ. Беларусь сегодня» прысвяціла артыкул кантракту паміж Польшчай і ЗША на пастаўку 96 ударных верталётаў Apache.
Томаш Шмыт
У гэтую катэгорыю ўвайшлі артыкулы, якія апісваюць жыццё і пераезд у Беларусь былога польскага суддзі Томаша Шмыта (Tomasz Szmydt), які ўцёк з Польшчы ад крымінальнага пераследу і атрымаў палітычны прытулак у Беларусі. Усяго на гэтую тэму прыйшлося 37 артыкулаў (9,5 %). У іх абмяркоўваюцца яго адаптацыя ў Беларусі, узбуджэнне супраць яго крымінальнай справы, а таксама просьба аб палітычным прытулку.
Гісторыя Томаша Шмыта выкарыстоўваецца для прасоўвання прапагандысцкіх наратываў. Напрыклад, «СБ. Беларусь Сегодня» пісала: «Вот так легко “демократии” ломают жизнь человека, взял и растоптал… Даже в колонии дают этот шанс оступившемуся человеку. Ах да, я же рассуждаю беларусскими реалиями, а там у них, в “демократиях”, по-другому».
Прасоўваюцца наратывы:
- Дэмакратыя не працуе.
- Беларусь — як альтэрнатыва неэфектыўным заходнім дэмакратыям.
Знешняя палітыка
Пра знешнюю палітыку Польшчы за перыяд даследавання было апублікавана 36 артыкулаў (9 %). Такія матэрыялы ў асноўным носяць інфармацыйны характар. Напрыклад, у адным з артыкулаў згадваюцца планы Польшчы па забеспячэнні Украіны электраэнергіяй. Таксама шмат матэрыялаў было прысвечана польска-венгерскім адносінам. Яны падтрымлівалі зручную для прапаганды пазіцыю аб быццам бы вар’яцкай і захлуслівай Польшчы, да якой з асуджэннем ставяцца ўжо і на Захадзе.
Прасоўваюцца наратывы:
- Польшча — ненадзейны партнёр.
- Польшча губляе падтрымку на Захадзе праз сваю непаслядоўную і канфліктную палітыку.
Расійска-ўкраінская вайна
На шостым месцы па згаданасці аказалася тэма вайны. У гэты раздзел мы аднеслі артыкулы, у якіх гаворыцца аб ваенных вучэннях і пасрэдным удзеле Польшчы ў вайне. Такіх артыкулаў аказалася 29, то-бок 7 %. Напрыклад, у «СБ. Беларусь Сегодня» пісалі аб тым, як Польшча і Нарвегія арганізавалі ваенныя вучэнні для салдат ВСУ, а «БЕЛТА» згадала выкарыстанне польскіх танкаў у атацы на Курскую вобласць.
Што цікава, менавіта ў раздзеле «Расійска-ўкраінская вайна» практычна ўсе артыкулы насілі асабліва інфармацыйны характар і былі пазбаўлены ацэнкі аўтара.
Прасоўваюцца наратывы:
- Польшча мае ключавую ролю ў падтрымцы ваенных дзеянняў Украіны.
- Польскія ваенныя рэсурсы выкарыстоўваюцца для атакі на расійскія рэгіёны.
Гістарычная памяць
Гэтая тэма займае апошняе, але не менш важнае месца ў нашым рэйтынгу. За перыяд даследавання ёй было прысвечана толькі 4 % матэрыялу. Асноўная ўвага была нададзена знішчэнню помнікаў савецкім салдатам, якія вызвалялі Еўропу ад фашызму. Такія матэрыялы часта падаюцца як прыклад наўмыснага скажэння гісторыі для дасягнення палітычных мэтаў, што акцэнтуе ўвагу на супрацьстаянні Захаду і Усходу. Такія дзеянні апісваюцца як частка шырокай кампаніі па перапісванні гісторыі для дасягнення палітычных мэтаў. Прапаганда акцэнтуе ўвагу на тым, што гэта вядзе да раз’яднання народаў і пагаршэння адносін з Беларуссю.
Частка артыкулаў была прымеркавана да Дня адзінства 17 верасня, у іх асноўная ўвага надавалася праблеме апалячвання беларусаў.
Прасоўваюцца наратывы:
- Польшча на працягу стагоддзяў выступае ворагам Беларусі, спрабуючы знішчыць яе нацыянальную ідэнтычнасць.
- Знішчэнне савецкіх помнікаў у Польшчы — гэта фальсіфікацыя гісторыі барацьбы СССР супраць фашызму і наўмысная спроба расколу славянскіх народаў.
«Эксперты» ў беларускіх СМІ
За перыяд даследавання 26,6 % артыкулаў (104) змяшчалі меркаванні «экспертаў». Найбольш часта цытавалі:
- кіраўніка Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Aлега Гайдукевіча — 11 разоў;
- былога польскага суддзю Томаша Шмыта і эксперта беларускага прапрэзідэнцкага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Пятра Пятроўскага — па 9 разоў;
- Аляксандра Лукашэнку і дэкана журфака БДУ Аляксея Беляева — па 6 разоў.
Усяго беларускія СМІ звярталіся да 41 каментатара, у тым ліку трох палякаў — Томаша Грыгуча, Томаша Шмыта і Мацэя Ярасевіча (Mateusz Jarosiewicz). Гэта стварае ілюзію плюралізму і незалежных меркаванняў, дазваляе падаваць выказванні як больш аўтарытэтныя і надзейныя для аўдыторыі. Зварот да польскіх экспертаў у кантэксце крытыкі або ацэнкі польскіх дзеянняў спрыяе ўзмацненню даверу чытача да інфармацыі, бо меркаванне грамадзяніна Польшчы можа ўспрымацца як больш легітымнае або шчырае. Такім чынам беларуская прапаганда выкарыстоўвае гэты прыём для ўзмацнення ўласных наратываў і фарміравання патрэбнага меркавання.
Стыль падачы
Сярод 390 артыкулаў ніводзін не быў пазітыўным па стылі падачы. Матэрыялы з нейтральнай падачай складалі 184 артыкулы (47 %). Гэта былі невялікія нататкі і справаздачы аб сітуацыі на мяжы, вайне або знешняй палітыцы. Негатыўны стыль падачы быў характэрны для большасці — 53 %. У асноўным такія матэрыялы тычыліся тэмы мяжы, Томаша Шмыта і сітуацыі ўнутры Польшчы.
Высновы
Аналіз кантэнту паказвае, што беларускія СМІ мэтанакіравана фарміруюць негатыўны вобраз Польшчы праз сістэматычны выбар тэм і акцэнтаў. Тэмы, якія асвятляліся, часта насілі крытычны або адмоўны характар, у той час як пазітыўныя аспекты жыцця ў Польшчы амаль цалкам ігнараваліся.
- Найбольш абмяркоўваліся праблемныя пытанні: міграцыйны крызіс, мілітарызацыя і ўнутраныя праблемы.
- Значная частка матэрыялаў уключала меркаванні «экспертаў», што стварала ілюзію аб’ектыўнасці, аднак іх выбарка была прадузятай.
- Больш за палову артыкулаў (53 %) мелі негатыўны стыль падачы, а нейтральныя матэрыялы абмяжоўваліся інфармацыйнымі паведамленнямі.
Такі падыход да асвятлення тэмы фарміруе ў аўдыторыі негатыўнае ўспрыманне Польшчы.