«Вось гэта беларусшчына». ДзяржТБ на адзін дзень перайшло на беларускую мову, але з памылкамі
Большасць звязаныя з няправільным напісаннем або ўжываннем слоў.
З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы два дзяржаўныя тэлеканалы вялі эфір 21 лютага па-беларуску. Гэта АНТ і СТБ. Канал «Беларусь 1» працягваў трансляцыю на рускай мове. Не стала пераходзіць у гэты дзень на беларускую мову і выданне «СБ. Беларусь сегодня».
Адзначым, што СТБ ладзіў такую ж акцыю і летась. Media IQ паглядзеў ранішнія навіны на тэлеканале і заўважыў нямала памылак, хоць у цэлым тэксты былі складзены даволі пісьменна.
Сярод памылак, якія сустракаліся ў навінах на СТБ, большасць звязаныя з няправільным напісаннем або ўжываннем слоў. Напрыклад, у навіне пра тое, што ў Венецыі перасохлі каналы, гаворыцца: «Людзі абвыклі [трэба: прызвычаіліся, прывыклі] перамяшчацца па горадзе на катэрах і лодках».
Аднак часцей за ўсё памылкі сустракаліся ў публікацыях на сайце паводле ток-шоў «Па сутнасці», на якім якраз абмяркоўвалі пытанне двухмоўя ў Беларусі. Прычым, нават у загалоўках: «Павінны лі беларусы [трэба: ці павінны] перакладаць нейкія назвы і вулічныя выявы на рускую», «“Вось гэта беларусшчына” [трэба: Беларушчына]. Марзалюк прыгадаў, як у яго дзяцінстве гаворылі на трох мовах» [трэба: гаварылі, размаўлялі].
Памылкі сустракаліся і на АНТ. Акрамя арфаграфічных памылак, былі і выпадкі некарэктнага выкарыстання слоў. «Тэкст дасканала рыхтуюць да выпрабавання», – гаворыцца ў сюжэце пра рэспубліканскую дыктоўку, але сэнс гэтага сказа не цалкам зразумелы з-за блытаніны. «Львам [трэба: Ільвам] – узяць пад кантроль эмоцыі і пазбавіцца ад перажыванняў [трэба: без прыназоўніка ад]», – раіць тэлеканал праз гараскоп. «Адчынена [трэба: адкрыта] шэсць класаў падрыхтоўкі кіроўцаў», – распавядаецца ў адным з сюжэтаў.
Некарэктна ўжыла слова і прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі. У паведамленні, напісаным па-беларуску з нагоды Дня роднай мовы, у неафіцыйным тэлеграм-канале «Пул першага» гаворыцца: «Першы сёння сустрэнецца з паслом Iрана. Добрая падстава [трэба: нагода] абмеркаваць двухбаковыя адносiны i планы на будучыню».