Клопаты антыбеларускай прапаганды супраць нацыянальных сімвалаў Беларусаў
Рэжым Лукашэнкі ад самага свайго пачатку і да цяперашняга часу змагаецца супраць беларускіх нацыянальных сімвалаў. Нягледзячы на рэферэндум па замене дзяржаўнай сімволікі 1995 года і на фактычную забарону яе ўжывання ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, цалкам выкараніць бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» са свядомасці беларусаў рэжыму не ўдаецца.
Чым абгрунтоўвае дыктатура ў Беларусі сваё непрыняцце і змаганне з гісторыка-нацыянальнай сімволікай? Паспрабуем разабрацца. Возьмем для прыкладу некалькі тэкстаў па гэтай тэме, якія выйшлі за апошнія гады ў медыяпрасторы і змест якіх адпавядае дзяржаўнай прапагандзе, хаця іх аўтары могуць нават крытыкаваць кіруючы рэжым.
Тры прыклады дыскрэдытацыі нацыянальнага сцягу
Першы з іх датуецца 9 верасня 2020 г., месяц пасля пачатку пратэстаў у Беларусі. «Телеграмма Батьке. Коричневый реванш под бело-красно-белыми флагами» апублікаваны ў расійскім выданні «Литературная газета» за подпісам члена Саюза пісьменнікаў Расіі, публіцыста Уладзіміра Смірнова.
Звернемся да некаторых фрагментаў тэкста: «Сто тысяч одураченных и бесноватых, которые сегодня <…> собрались в Минске со всей республики, не представляют народ страны, как не представляли его полицаи…» Далей ідзе інтэрпрэтацыя аўтара, адкуль узяўся у беларусаў бел-чырвона-белы сцяг: «Он (бел-чырвона-белы сцяг – М. Ш.) появился в 1918 году, когда республика была занята немцами, и они, немцы, создали марионеточное правительство, которое просуществовало два месяца. Для Белоруссии немцы придумали бело-красно-белый флаг, а для Латвии <…> красно-бело-красный, то есть особо не заморачивались, полагали, что для марионеток и так сойдёт». Чытаем далей: «Потом этот бело-красно-белый флаг использовали с 1941 по 1944 год, когда Белоруссию занимали фашисты. Полицаи поднимали этот флаг над своими участками».
Нагадаем, 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў дзяржаўныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Праект сучаснай выявы бел-чырвона-белага сцяга распрацаваў беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Сцяг быў упершыню ўзняты ўвесну 1917 года на будынку Беларускага таварыства дапамогi пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу, потым у Мінску ў снежнi 1917 года падчас Усебеларускага з’езда бел-чырвона-белы сцяг прызнаваўся нацыянальным сімвалам Беларусi (глядзі падрабязней).
Наступны тэкст – з бабруйскай дзяржаўнай раённай газеты «Адзінства» пад назвай «Бчб-символика как “окно Овертона”. Для чего этому флагу придумали историю» пад аўтарствам Аляксандра Лінкевіча (21.08.2021).
Тэкст змяшчае агрэсіўныя выпады супраць апанентаў рэжыму Лукашэнкі (тэкст з іх проста складаецца), напрыклад: «что до сих пор не произошло официального дистанцирования бчб-националистов от тёмных страниц их истории. Даже многие их “герои” всё те же – военные преступники, фашистские пособники и просто бандиты». Чытач можа задацца пытаннем пра «акно Авэртона» ў загалоўку, і адразу атрымлівае: «Вероятно, причина в том, что бчб-идеология может работать как “окно Овертона”. Сначала человек всего лишь принимает бчб-символику, но ведь это уже подразумевает иное понимание своей истории. Такое понимание, которое, в том числе, допускает оправдание коллаборантов и оккупантов. Что плавно подводит человека к допустимости экстремизма <…> Таким образом, просто принятие бчб-символики уже ведёт к ложному понимания истории <…> Причём даже непонятно, а к чему еще может привести бчб-идеология?»
Аўтар так і не раскрыў змест «идеологии бчб», незразумела, што гэта і адкуль… Але самога Лінкевіча найлепшым чынам характарызуюць ягоныя ж наступныя словы: «С другой стороны, а когда люди под бчб вообще делали что-нибудь хорошее? Что они создали или построили с 1991 года? Способны ли они в принципе созидать? Похоже, что даже цели такой перед ними не стоит».
І ўсё гэта адрасавана людзям, беларусам, якія для Беларусі працавалі ў няпростыя часы станаўлення незалежнай дзяржавы. Разам з тым Лінкевіч сам жа негатыўна ацаніў і прысягу Лукашэнкі як прэзідэнта пад беларускімі нацыянальнымі сімваламі ў 1994-м. У выніку маем пародыю на аналітыку, якая сама цалкам падыходзіць па сваіх параметрах пад «акно Авертона» ў цяжка вызначыцца якой сферы.
Пераходзім да трэцяга тэкста. Ён належыць аўтарству прарасійскай актывісткі Вольгі Бондаравай з Гродна. Ва ўласным тэлеграм-канале «БондареVа. БеZ купюр» яна ў жніўні 2023 абураецца выкарыстанню кветкі валошкі ў дызайне афіцыйных кампаній Беларусі, напрыклад, у авіякампаніі «Белавія». На думку Бондаравай, кветка валошкі была сімвалам гітлераўскіх калабарантаў-беларусаў у часы Другой сусветнай вайны.
Аргумент пра нямецкі след у бел-чырвона-белай сімволіцы
Цяпер пяройдзем да контраргументаў таму, што мы прачыталі ў папярэдніх аўтараў. Вось прыклад адказаў на пытанні па нацыянальным бел-чырвона-белым сцязе аднаго з грамадзян Беларусі ад прадстаўнікоў мясцовых уладаў – Уздзенскага райвыканкама: «Фотаздымкаў са службоўцамі нямецкай паліцыі з ліку беларусаў з бела-чырвона-белай стужкай ці сцягам у Уздзенскім раённым выканаўчым камітэце не маецца».
Цяпер у некалькіх тэзах даведаемся, як выкарыстоўвалася беларуская нацыянальная сімволіка ў часы нямецкай акупацыі Беларусі ў 1941–1944 гг. і хто яе ўжываў на вопратцы і ў якіх выпадках. Дамо слова польска-беларускаму гісторыку, прафесару Ежы Гжыбоўскаму (Jerzy Grzybowski) на прыкладзе ягонага навуковага артыкула «Выкарыстанне беларускай нацыянальнай сімволікі падчас Другой сусветнай вайны» (Rocznik centrum studiów białoruskich, 2021). Менавіта цытаты з артыкула і будуць адказам вышэйзгаданаму.
«Беларуская нацыянальная сімволіка ніколі не была зацверджана акупантамі (нямецкімі – М. Ш.) у якасці сімвалаў нават асобна ўзятай тэрытарыяльна-адміністрацыйнай адзінкі. Яна лічылася не больш чым распазнавальным знакам беларускіх арганізацый <…>, якія дзейнічалі з дазволу акупантаў. У 1941–1943 гг. выпадкі экспанавання нацыянальных сімвалаў мелі эпізадычны характар. Толькі ў 1944 г. яны пачалі выкарыстоўвацца больш шырока, чым дагэтуль <…> Няма падстаў сцвярджаць, што сімволіка моцна ўрэзалася ў памяць насельніцтва, якое зведала жахі акупацыі <…> у архіўных крыніцах і мемуарыстыцы звесткі пра гэты эпізод акупацыйнага жыцця сустракаюцца вельмі рэдка…» (Гжыбоўскі, 2021, с.78-79). Пра прадстаўнікоў нямецкай паліцыі з беларусаў: «адзіным шума-фармаваннем, якое паводле ўставу ў абмундзіраванні мела беларускія знакі, быў 13-ы батальён СД <…> даступныя фотаматэрыялы дазваляюць меркаваць, што вышэйзгаданыя (беларускія нацыянальныя – М. Ш.) элементы прысутнічалі на ўніформе далёка ня ўсіх шуцманаў 13-га батальёна» (Гжыбоўскі, 2021, с. 77). У сваёй кнізе «Białoruski ruch niepodległościowy w czasie II Wojny Światowej» Ежы Гжыбоўскі прыводзіць лічбу складу гэтага батальёна ў 1 000 чалавек (Grzyowski, 2021, s. 194). Калі ўлічыць, што не ўсе служачыя вайскова-паліцыйнай адзінкі насілі беларускія нацыянальныя знакі, тым болей, што і батальён быў расцярушаны з волі немцаў па беларускіх абшарах, то і выкарыстанне імі беларускіх сімвалаў было нязначным. «Пазначэнне нацыянальнымі колерамі іншаземных легіёнаў было з’явай паўсюднай у ІІІ Рэйху» (Гжыбоўскі, 2021, с. 77).
Валошка, прысутнасцю на дызайне якой зараз абураецца Бондарава, так і ня стала беларускай сімволікай і крытыкавалася, бо валошка была прадугледжаная Гітлерам для фольксдойчаў з СС. Цяпер больш цікава: «для беларускіх остарбайтараў планавалася ўвесці знак з выявай коласа з нацыянальнымі колерамі» (Гжыбоўскі, 2021, с. 71). Чакаем напады Бондаравай на каласы…
Падсумаванне
Такім чынам, таго, што ў рэальнасці на Беларусі не стварылі гітлераўскія акупанты – узброеную армію калабарантаў з беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі і «Пагоняй», стварылі ў сваіх фантазіях розныя асобы, якія распаўсюджваюць прапагандысцкія тэзы.