Аналитика и обзоры Мнения Мониторинг СМИ Тренды Всячина Видео Тесты Тэги
facebook Lviv Media Forum nizkiz Telegram Азаренок антизападные нарративы балючыя пытанні бела беларусские СМИ беларусско-российская интеграция бигтех будущее Владимир Путин война в Украине выборы в КС выборы-2025 гендер государственные медиа деконструкция диаспора дискриминация доносы закон Израиль инфографика Иран исследования история манипуляции как не поддаться пропаганде Киберпартизаны кино Китай конспект конспирология конференция «Новая Беларусь» Координационный Совет лгбт мова Молдова нарративы пропаганды нарушение стандартов независимые медиа Новая Боровая образование Павел Дуров подкаст политзаключенные политическая коммуникация Польша права человека приемы пропаганды прогнозы прокремлёвские нарративы пропаганда манипуляции пропаганда о чиновниках протесты в Грузии региональные сми рекламный рынок Рико Криегер российские СМИ СБ Сидорская стандарты стандарты журналистики СТВ США твиты телеканалы теория пропаганды тесты Томаш Шмыдт уязвимые группы фашисты фейки ценности Чернобыль Что почитать электоральная кампания 2024 язык вражды

Аляксандр Класкоўскі: «У 2020-м Лукашэнка спусціў прапаганду з ланцуга»

Апошнія два гады прапаганда займае цэнтральнае месца ў дзяржСМІ. Нягледзячы на такі захоп і шырокі ахоп аўдыторыі, прапаганда шукае шляхі свайго абгрунтавання і нават піша навуковыя артыкулы. Так Вольга Самусевіч, экс-дэкан факультэта журналістыкі БДУ, апісвае фэномен «актуалізацыі прапаганды» і абгрунтоўвае неабходнасць дзяржпрапаганды ў медыя.

Поделиться:

Разам з палітычным аналітыкам праекта «Позірк» Аляксандрам Класкоўскім разбіраем асноўныя тэзісы артыкула Вольгі Самусевіч «Прапаганда: актуалізацыя феномена ў нацыянальнай медыясферы».

Аляксандр Класкоўскі. Фота: «Наша Ніва»

«2020 год паказаў, што тая талерантная танальнасць і выключна станоўчая змястоўнасць, якая прэваліравала ў нашых медыя і да якой мы ўсе прывыклі, у нейкай ступені справакавала сітуацыю 20-га года ў інфармацыйнай сферы, калі не ўсе дзяржаўныя медыя напачатку змаглі якасна і аператыўна супрацьстаяць інфармацыйнай агрэсіі апанентаў».

Ці насамрэч дзяржСМІ былі бяззубымі і не выкарыстоўвалі прапаганду? Якой была прапаганда?

Адразу адзначу, что прычыны тых падзей трактуюцца вельмі крыва, скажона. Зусім іншыя спружыны былі ў тых падзей.

Безумоўна, дзяржаўныя беларускія медыя і да падзеяў 2020 года былі рупарамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.  Дзяржаўныя СМІ эвалюцыянавалі разам з рэжымам, калі тут увогуле можна выкарыстоўваць слова «эвалюцыя» – болей дакладна гаварыць пра дэградацыю.

Да пары да часу рэжым Лукашэнкі хоць і быў аўтарытарным, але не быў такім жорсткім, ён выглядаў адносна вегетарыянскім. Таму і прапаганда не была настолькі зласлівай і агрэсіўнай. Лукашэнка меў даволі шырокую электаральную базу, бо за кошт маскоўскай фінансава-эканамічнай падтрымкі мог забяспечваць рост дабрабыту, і вялікая частка насельніцтва ў той ці іншай ступені падтрымлібыловала «бацьку». Таму не было патрэбы ў брутальных сродках утрымання палітычнай сітуацыі. Прапаганда звычайна актывізавалася пад час выбарчых кампаній, выкарыстоўваўся чорны піяр дзеля дыскрыдытацыі апазіцыі, каб снізіць яе шансы на тых ці іншых выбарах.

Тады ў сферы дзяржаўнай прапаганды начальнікі і нейкія вядоўцы ўсё ж хацелі яшчэ выглядаць журналістамі, таму практыкавалі нават долю вельмі умоўнага плюралізму. Мяне (ды і іншых крытыкаў улад) запрашалі на ток-шоу, на канал ОНТ, які хацеў выглядаць трошкі болей ліберальным, чым астатнія, – напрыклад, у праграму «Справа прынцыпу» з вядоўцам Вадзімам Гігіным.

Праграма «Справа прынцыпу» з вядоўцам Вадзімам Гігіным. Скрыншот відэа Youtube-канала «Телеканал ОНТ»

У сацыяльных сетках, у дэмакратычным асяроддзі нават ішла дыскусія, ці варта хадзіць, як там казалі, на «Гебельс-ТБ». Я хадзіў. Трэба сказаць, што адсоткаў на 90 мае выказванні, нават крытычныя ў дачыненні да рэжыму, у эфір праходзілі. Хоць там была, вядома, несумленная гульня: праўладных спікераў заўжды запрашалі нашмат болей, у студыі была адпаведна падабраная аўдыторыя, стаяла супрацоўніца з плакацікам, якая сігналізавала, калі патрэбна воплескамі падтрымаць афіцыёзнага прамоўцу, наконт галасавання за словы таго ці іншага спікера таксама ўзнікалі пытанні.

А вось 2020 год стаў пераломным. Пратэсты паказалі, што рэжым страціў значную долю электаральнай падтрымкі, і Лукашэнка прыйшоў да высновы, што толькі два інструменты цяпер трэба зрабіць галоўнымі: гэта брутальны гвалт у дачыненні да палітычных апанентаў і інтэнсіўная прамыўка мазгоў за кошт прапаганды. Таму яна стала болей агрэсіўнай, болей адвязанай, я б казаў. Груба кажучы, Лукашэнка спусціў яе з ланцуга.

Вольга Самусевіч: «Наступствам тых падзей стала актуалізацыя прапагнды ў дзяржаўных СМІ»

Ці сапраўды сёння прапаганда мае іншы змест, формы, чым былі да 2020 года?

Калі зыходзіць з мыслення ўладаў, то яны сапраўды спахапіліся, што, маўляў, да гэтага часу выкарыстоўвалі інструмент не так, як ён можа працаваць. Узорам у пэўнай ступені стала расійская прапаганда, якая выглядала болей энергічнай, болей пасіянарнай. На іх фоне беларускія прапагандысты збольшага адпрацоўвалі нумар, выглядалі, за рэдкім выключэннем, вяла, анемічна.

У сувязі з падзеямі 2020 года было вырашана надаць беларускай прапагандзе новае дыханне – так, як гэта разумеюць улады. Аляксандр Лукашэнка ставіў у прыклад тыя тэлеграм-каналы і тых прапагандыстаў, «глашатаев», як ён выказваўся, што найболей адыёзна выглядаюць. Таму медыйнае начальства стала арыентавацца на ўзоры асабліва адвязаныя, цынічныя, калі за аснову бярэцца мова варожасці, калі пляжаць апанентаў, не зважаючы ні на якія этычныя нормы. Вельмі эўфемістычна гэта можна назваць актуалізацыяй прапаганды.

«У кожнай краіне ёсць нейкія махляры, прайдзісветы, якія хочуць засвяціцца ў медыя, яны будуць несці любую лухту, каб толькі там прафігураваць»

«Пад прапагандай мы разумеем усвядомленую дзейнасць любых суб’ектаў (асоб, арганізацый, уладных структур, цэлых дзяржаў) з мэтай фарміравання (ці ўплыву на…) грамадскай думкі, установак і дзеянняў розных сацыяльных груп (сваёй ці чужой краіны)».

Ці адлюстроўвае такое вызначэнне сутнасць прапаганды?

Гэта вельмі спрэчная фармулёўка. Я не хацеў бы паглыбляцца ў тэорыю, толькі парай штрыхоў адзначу. Ёсць піяр, а ёсць прапаганда, і гэта розныя рэчы.

Фактычна ва ўсіх краінах, у тым ліку дэмакратычных, кіроўная вярхушка, розныя партыі, камерцыйныя арганізацыі – усе яны займаюцца піярам. То бок будуюць так ці іначай дачыненні з грамадкасцю: прасоўваюць свае ідэі, падкрэсліваюць станоўчыя бакі сваёй дзейнасці, ёсць спецыялісты ў гэтай галіне, і гэта нармальная сітуацыя. Бывае, праўда, і чорны піяр, але гэта ўжо асобная тэма.

Калі казаць аб прапагандзе, то яе значны складнік – маніпуляванне. Вось што замоўчвае аўтарка артыкула, калі дае сваю фармулёўку.

Прапаганда заўжды нешта падтасоўвае, яна кажа не ўсю праўду, а толькі частку, змешвае яе з няпраўдай, і звышзадача – убіць нешта ў мазгі, у галовы, не зважаючы на сапраўднае становішча спраў, на этыку.

З гледзішча беларускай афіцыйнай прапаганды заўжды правільным ёсць тое, што робіць улада, а хто яе крытыкуе – гэта апрыёры вораг, гэта пятая калона Захаду.

Напрыклад, дзяржаўныя медыя сцвярджаюць, што ў нас вырасла станоўчае сальда замежнага гандлю, але замоўчваюць, што гэты рост – не за кошт павелічэння экспарту, а за кошт падзення імпарту. Ці паглядзець, як малююць жыццё ў краінах Еўропы: маўляў, людзі там скрозь галадаюць, замярзаюць. Так, сапраўды ў заходніх краінах вырасла інфляцыя, павысіліся цэны на энэрганосьбіты, ёсць бяздомныя, як і ў Беларусі, але наконт нібыта жахлівага існавання народных мас на Захадзе – гэта страшылкі, фэйкі.

Прапаганда прэзентуе як экспертаў нейкіх цёмных асоб, маргіналаў з заходніх краін. У кожнай краіне ёсць махляры, прайдзісветы, дзівакі, проста балбатуны, якія хочуць засвяціцца ў медыя. Такія персанажы будуць несці любую лухту, каб толькі там прафігураваць. І вось такіх людзей у расійскіх і беларускіх медыя выдаюць за экспэртаў. Незалежныя СМІ неаднойчы выкрывалі падобных асоб, паказвалі, што гэта людзі ці з крымінальным мінулым, ці якія знаходзяцца абсалютна на ўзбочыне грамадска-палітычнага жыцця ў сваіх краінах, і там іх нікто ўсур’ёз не ўспрымае.

«Успрыманне прапаганды як выключна дзяржаўнага феномена з’яўляецца памылковым, паколькі мэтанакіраваная інфармацыйная дзейнасць апанентаў улады таксама лічыцца прапагандай. У той жа час, з нашага пункту гледжання, спалучэнне «дзяржаўная прапаганда»рэлевантнае і ўспрымаецца як выключна важны і неабходны для сучаснага грамадства феномен»

Тэарэтыкі і практыкі прапаганды беларускага рэжыму маюць дэфармаванае ўяўленне аб тым, што такое дзяржава, што такое медыі. Уладу яны ўспрымаюць як нешта статычнае, застылае, а медыі – нібыта атрыбут гэтай улады. Насамрэч, калі паглядзець на жыццё ў дэмакратычных краінах, там ўлада мяняецца: сёння ў кіраўніцтве адна каманда, заўтра іншая. Якую ўладу загадаеце абслугоўваць журналістам?

Ды і як загадаць? Там практычна няма дзяржаўных медыя – гэта анахранізм, нонсэнс. Ніхто там не будзе чытаць газеты і глядзець тэлебачанне, якія адлюстроўваюць адзін пункт гледжання.

Амаль што ўся прэса ў заходніх краінах – недзяржаўная, нездарма ж яе называюць чацвёртай уладаю. Медыя дапамагаюць грамадкасці кантраляваць дзяржаўны апарат. Фармальна ў айчыннай Канстытуцыі таксама адзначана, што Беларусь – дэмакратычная дзяржава. Але нават з гэтых разваг, якія вы цытуеце, вынікае, што ніякай дэмакратыяй тут ня пахне, самі фармулёўкі выклікаюць горкую іронію. Не мусіць быць дзяржаўнай прапаганды ў нармальнай дэмакратычнай краіне.

Подпишитесь на нашу еженедельную рассылку — только самое важное

«Чалавек не можа трапіць у тую Беларусь, якую малююць у тэлевізары»

–  Вольга Самусевіч разважае: «Сёння прапаганда – цэнтральная частка інфармацыйнай сістэмы грамадства. Палітычная прапаганда фарміруе палітычны светапогляд грамадзян і іх палітычную свядомасць і культуру, і прадугледжвае наяўнасць масавай аўдыторыі, паколькі толькі пры гэтай умове забяспечваецца масавасць распаўсюджвання ідэі. Можна адназначна сцвярджаць, што СМІ як сацыяльны інстытут перастаў граць падпарадкаваную ролю ў палітычнай сістэме грамадства. Сучасныя СМІ – гэта і крыніца грамадска-палітычнай інфармацыі, і фактар фарміравання грамадскай думкі. І абстаноўка, якая склалася на гэты момант у краіне і свеце, толькі садзейнічае павялічэнню ролі СМІ ў грамадстве і надалей».

Ці ў стане сёння дзяржаўныя медыя фармаваць грамадскую думку?

Бэзумоўна, у пэўнай ступені яны яе фармуюць. Незалежная сацыялогія паказвае, што цяпер уплыў і ахоп дзяржаўных медыя пашырыўся. Але ж трэба глядзець, за кошт якіх сродкаў гэта дасягнута. Не за кошт сумленнай канкурэнцыі. Калі ўявіць, што ў Беларусі быў бы нармальны медыйны рынак, то вось гэтыя казёныя выданні безумоўна б прайгралі, бо людзі аддавалі б перавагу тым выданням, якія даюць розныя погляды, аналіз, крытыку дзеянняў улады – гэта апрыёры чытаць цікавей, чым мантры, што Лукашэнка ўсё робіць правільна.

Чалавек не можа трапіць у тую Беларусь, якую малююць у тэлевізары. Узнікае кагнітыўны дысананс паміж рэальнасцю і тым, што малюе прапаганда. Ён стварае дыскамфорт для вялікай часткі насельніцтва. Але дзяржава пазбаўляе чалавека выбару. Цяпер любога могуць схапіць, паглядзець ягоны тэлефон і пасадзіць за краты толькі за падпіску на тыя каналы, якія ўлада абвясціла экстрэмісцкімі. Недзяржаўныя медыя, якія пісалі пра палітыку, грамадскія праблемы, выціснуты за мяжу. Частка іх супрацоўнікаў апынулася ў турме. І вось за кошт гэтых брутальных сродкаў прапаганда часова пашырыла свой плацдарм.

Аляксандр Класкоўскі. Фота: «Наша Ніва»

Уплывае і тое, што частка насельніцтва пасля ўздыму 2020 года расчаравалася ў магчымасці нешта змяніць, сышла ва ўнутраную эміграцыю, дзе не хочацца чуць пра палітыку. Людзі стараюцца жыць простым побытавым жыццём, слухаюць і глядзяць нейкія забаўляльныя рэчы, шукаюць кулінарныя рэцэпты, бо кожны дзень чытаць пра палітвязняў, а іх становіцца ўсё болей – гэта толькі ўзмацняе фрустрацыю.

Трэба ўлічваць усе гэтыя чыннікі, якія спрыяюць таму, што прапаганда на нейкі час пашырыла свой абсяг.

Калі паглядзець на найноўшую гісторыю Беларусі, то ў 2020 годзе, калі на палітычную арэну выйшлі свежыя фігуры, прагляды незалежных медыя рэзка ўзляцелі. Пакуль старая апазіцыя сварылася паміж сабой – і праваліла, як мы памятаем, гэтыя свае праймерыз па вылучэнні адзінага кандыдата на выбары, – матэрыялы пра палітыку вялікай цікавасці не выклікалі, таму што ўсё гэта выглядала хадой па заганным коле. А вось калі вышлі на палітычную арэну новыя фігуры: блогер Сяргей Ціханоўскі, былы банкір Віктар Бабарыка, былы кіраўнік Парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала, нарэшце – хатняя гаспадыня Святлана Ціханоўская, калі народ стаў у чэргі, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў, – вось тады прагляды недзяржаўных медыя рэзка пайшлі ўгору, публіка палітызавалася.

Таму калі ўявіць сабе сітуацыю новага крызісу рэжыму і новага палітычнага ўздыму, новага акна магчымасцяў для перамен у краіне, думаю, што зноў ступень запатрабаванасці недзяржаўных медыя рэзка ўзрасце. Толькі калі гэта будзе, сказаць цяжка.

«Асноўнай задачай дзяржаўнай прапаганды з’яўляецца стварэнне і падтрыманне станоўчага іміджу ўлады, тлумачэнне абгрунтаванасці яе рашэнняў і дзеянняў, а таксама кансалідацыі насельніцтва вакол ідэі стабільнага развіцця дзяржавы з мэтай еднасці народа»

– Тут у аснове – заганнае ўяўленне, што ўлада павінна быць статычнай, што аўтарытарны рэжым мусіць панаваць вечна. Між тым фармальна і беларуская Канстытуцыя прадугледжвае выбары. Але насамрэч калі нейкая сіла, нейкі палітычны дзеяч прэтэндуе на змену ўлады, як тая ж Ціханоўская ў 2020 годзе, гэта адразу абвяшчаецца падкопам пад дзяржаву, экстрэмізмам, спробай зрынуць канстытуцыйны лад і г.д. То бок адкідаюцца элементарныя дэмакратычныя прынцыпы, вось у чым галоўная загана.

Читайте нас в Telegram — только самое важное

Адсюль ужо вынікаюць вось гэтыя фальшывыя задачы, якія ставяцца перад прэсай: заўжды абараняць і ў добрым свеце маляваць уладу. І гэта тэза пра еднасць народа – яна таксама цалкам фальшывая. Нават беларуская Канстытуцыя мае на ўвазе, што ёсць розныя партыі. Па ідэі, яны павінны канкураваць за ўладу, кожная партыя выказвае меркаванне нейкага грамадскага слою. Гэта розныя інтарэсы: напрыклад, у буйнога капіталіста і ў нейкага беспрацоўнага – абсалютна рознае стаўленне да рэалій у краіне, розныя погляды на шляхі яе развіцця, размеркаванне бюджэту, падаткі, сацыяльную дапамогу, таму партыі змагаюцца якраз за уладу, каб рэалізаваць жаданні сваіх прыхільнікаў. І нармальныя медыя ў нармальнай краіне мусяць быць незалежнымі і адлюстроўваць гэтую барацьбу, плюралізм меркаванняў. А тыя фармулёўкі, якія мы чытаем у названым артыкуле, – гэта адлюстраванне рэалій аўтарытарнага рэжыму, практыка якога супярэчыць нават палажэнням беларускай Канстытуцыі.

«Беларуская прапаганда агрэсіўная, зласлівая, яна напоўнена мовай нянавісці»

 Аўтарка піша аб тым, што згодна з крытэрыем эмацыйнасці прапаганда бывае двух відаў: пазітыўная і негатыўная. Згодна з такімі крытэрыямі як выглядае праца беларускіх дзяржСМІ?

Напэўна, пад пазітыўнай прапагандай яны маюць на ўвазе дубовыя замалёўкі пра перадавых даярак, камбайнёраў. Напрыклад, такі загаловак пра сялян: «Яны стаяць на варце прадуктовай бяспекі краіны».

Гэта вельмі штучны, натужлівы пафас. Мы ж ведаем, што большасць людзей на вёсцы ледзьве сточваюць канцы з канцамі, хоць многія працуюць ад цямна да цямна. Зразумела, што апаноўваюць гэтых людзей зусім іншыя думкі, а не тое, што яны стаяць на варце прадуктовай бяспекі краіны. Усё высмактана з пальца, гэта такія найгоршыя традыцыі бальшавіцкай прапаганды, калі людзі працавалі як коні, але амаль нічога не атрымлівалі, а ўсё гэта малявалася як самаахвярнасць дзеля пабудовы камунізма і г.д.

Так што гэты «пазітывізм», які грунтуецца на лакіроўцы рэчаіснасці і замоўчванні заган сістэмы, выглядае вельмі дубова.

Збольшага ж беларуская прапаганда ўвогуле агрэсіўная, зласлівая, напоўненая мовай нянавісці, таму пра сапраўдны пазытыў тут казаць не выпадае.

«Часам аўдыторыя папракае дзяржаўныя СМІ, што яны апошнім часам дзейнічаюць надзвычай агрэсіўна, аднак нагадаем, што, па-першае, ва ўмовах гібрыднай вайны агрэсія – гэта нармальная з’ява і, па-другое, цвёрдае адстойванне сваёй пазіцыі часта блытаюць з моўнай агрэсіяй: эмацыйны напал аднолькавы, наяўнасць ацэначнасці відавочная, толькі моўныя сродкі розныя».

Аўтарка апраўдвае агрэсіўнасць дзяржаўнай прапаганды.

Тут агрэсіўны тон апраўдваецца нібыта гібрыднай вайной, якая вядзецца супраць беларускай дзяржавы. Гэта фактычна таксама сцвярджэнне прапагандысцкае, бо любая крытыка, любы пункт погляду, які не супадае з генеральнай лініяй, адразу ж беларускімі ўладамі і іх медыямі абвяшчаецца падкопамі пятай калоны, часткай нейкай глабальнай змовы Захаду супраць сінявокай рэспублікі і г. д. Гэта прапагандысцкая абмалёўка нібыта развязвае рукі прапагандыстам: маўляў, калі яны, нашы ворагі, такія, дык і мы не будзем чыстаплюямі, не станем цырымоніцца.

Прынцып сам па сабе заганны, і гэта асабліва характэрна для Расіі і яе прапаганды. Там не столькі паказваюць, што «мы лепшыя», колькі стараюцца давесці, што і на Захадзе ўсе хітрыя, паскудныя, дык чаго вы ад нас хочаце. Яны агрэсары – і мы агрэсары. І беларускія прапагандысты, як бачым, такі падыход пераймаюць.

Сам узровень аргументацыі не вытрымлівае ніякай крытыкі. Ёсць элементарныя этычныя нормы журналіскай прафесіі, але ў выпадку беларускай прапаганды пра іх казаць не выпадае, яны канчаткова адкінуты ўбок, цяпер усё дазволена. Сам рэжым заахвочвае найболей адыёзныя ўзоры гэтай прапаганды – дык ці варта дзівіцца, што яна са скуры вылузваецца, вылазіць з усіх рамак?

«Змест антыдзяржаўнай прапаганды вызначаецца заказчыкам, як правіла тым, хто мае свае прыватныя цікавасці».

А хто тады замоўца ў дзяржаўнай прапагандзе?

Фактычна правадыр рэжыму і ёсць галоўным замоўцам дзяржаўнай прапаганды. Александар Лукашэнка, прышоўшы да ўлады, скрышыў сістэму медыяў, якая усталявалася ў першай палове 90-х гадоў, калі палітычны рэжым у Беларусі быў адносна мяккі – не зусім дэмакратычны, але тым не меней. Лукашэнка, між іншым, на першай сваёй прэс-канферэнцыі ў якасці абранага прэзідэнта патэтычна заявіў, што з сённяшняга дня беларускія СМІ могуць пачувацца вольнымі. Мы ўбачылі, чым гэта абярнулася на практыцы. Ужо неўзабаве ён замяніў практычна ўсіх рэдактараў галоўных нацыянальных медыя. У снежні 1994 года адбыўся першы акт цэнзуры: выкрывальны ў дачыненні да Лукашэнкі і яго атачэння даклад дэпутата Сяргея Антончыка быў выразаны з нумароў газет і яны вышлі з белымі плямамі.

Фактычна Лукашэнка – гэта чалавек са шмат у чым бальшавіцкім мысленнем: ён вырас і сфармаваўся у савецкай дзяржаве – і ён аднавіў такую бальшавіцкую мадэль медыя, якая была абмалявана яшчэ ў ленінскай працы «Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура». Якая там свабода слова! Журналісты мусілі быць рупарамі, прываднымі пасамі партыі і г. д. У сістэме, якую стварыў Лукашэнка, кіроўнай партыі няма, але ёсць аднаасобная ўлада, персаналіскі рэжым. Фактычна медыя мусяць падтрымліваць ўладу Лукашэнкі.

Фота з сайта euroradio.fm

Гэта не азначае, канечне, што ён канкрэтна распісвае тэмы ўсіх артыкулаў, тэлевізійных перадач. Бо пастаўлены кіраваць гэтымі медыя людзі, якія добра разумеюць «палітыку партыі», генеральную лінію. Яны самі трымаюць нос па ветры: як толькі Лукашэнка праводзіць нараду, выдае новую тэзу, напрыклад «замарозіць цэны», яна падхопліваецца і распаўсюджваецца. Прычым ідзе гульня ў адну браму, крытыкаваць нават абсурднае рашэнне дзяржСМІ не наважацца. Вось як яно працуе.

Напрыканцы Вольга Самусевіч робіць выснову: «Такім чынам, сёння дзяржаўная прапаганда становіцца неабходным інструментам фарміравання канструктыўнай грамадскай думкі ў мэтах рэалізацыі ідэі еднасці беларускага народа, а дзяржаўны ідэалагічны прыярытэт павінен быць узяты за аснову любой інфармацыйнай дзейнасці, не толькі СМІ, але і іншых арганізацый».

Ці існуе цэласная дзяржаўная ідэалогія ў Беларусі?

Сам Лукашэнка не аднойчы прызнаваўся, што, нягледзячы на ўсе высілкі, пераканаўчай і цэльнай дзяржаўнай ідэалогіі стварыць не ўдалося. Праўда, тут ўзнікае пытанне, а што ж тады прасоўвае ў массы армія ідэолагаў, уся сістэма дзяржаўных медыяў. Яны фактычна прасоўваюць ідэю лаяльнасці правадыру, ідэю нязменнасці гэтага рэжыму.

Яшчэ адзначу той момант, што ў ранейшым варыянце Канстытуцыі ўсё ж такі фігуравала тэза пра разнастайнасць ідэалогій, а цяпер чацвёрты артыкул прадугледжвае, што ўсё палітычнае жыццё ў краіне будуецца на падставе дзяржаўнай ідэалогіі. Гэта крок да таталітарызму, бо менавіта для таталітарных рэжымаў было характэрнае накіданне адзінай ідэалогіі.

Насамарэч гэта ўсё выглядае анахранічна і антынародна. У нармальнай дэмакратычнай краіне розныя ідэалогіі канкуруюць паміж сабою. Мы бачым, як на Захаде, у дзяржавах Еўразвязу кіруюць розныя палітычныя партыі і лідары, яны змяняюцца. Выбаршчыку сёння могуць падабацца ідэі адной партыі, заўтра ж ён можа расчаравацца ў іх і стаць прыхільнікам іншай партыі, захоча бачыць на чале дзяржавы іншага палітыка, дзеяча з іншай ідэалогіяй, напрыклад, ліберала, а не кансерватара.

У беларускім выпадку ўсё зводзіцца на практыцы да прымітыўных установак: будзьце лаяльнымі правадыру, не рыпайцеся, не ганіце хвалю супраць улады, тады вам нічога не будзе. Вось да чаго дэ-факта, да такой карыкатуры сёння звялася так званая дзяржаўная ідэалогія, якую мусяць прасоўваць дзяржаўныя медыя. То бок само па сабе гэта выглядае недарэчна, анамальна, гэта такі гістарычны тупік, у які цяперашняе кіраўніцтва завяло Беларусь.

І канечне, калі прыйдуць перамены, то, трэба спадзявацца, сфармуецца іншая палітычная сістэма – з нармальным канкурэнтным медыйным рынкам, на якім будзе запатрабавана не прапаганда, а паўнакроўная журналістыка.

 

Хорошо 12
Смешно 1
Грустно
Злюсь
Кошмар
Поделиться:

Смотрите также

Обсудим, как пропаганда использует Олимпиаду для манипуляций, разоблачаем мифы о "оскорблении чувств верующих", исследуем эффект Даннинга-Крюгера и его влияние на восприятие информации. Также рассмотрим, как беларусские СМИ освещают выборы в США и последствия урагана в Беларуси.

Аналитика и обзоры

Мнения

Мониторинг СМИ

Тренды

Всячина

Видео

Тесты