Трамп як аргумент: як яго рыторыка стала інструментам прапаганды

Рыторыка Дональда Трампа настолькі дакладна ўпісваецца ў патрэбную карціну свету беларускай дзяржаўнай прапаганды, што ператвараецца ў бездакорны аргумент. 

Media IQ прааналізаваў, як словы Трампа сталі часткай беларускай інфармацыйнай стратэгіі.

Поделиться:

Рыторыку Дональда Трампа хутка падхапілі прапагандысцкія рэсурсы, прадстаўляючы яе як сведчанне правільнасці ўласных поглядаў і чарговы аргумент у крытыцы Захаду. У інфармацыйнай прасторы Беларусі Трамп пачаў выглядаць не толькі як палітычны дзеяч, але і як своеасаблівы «саюзнік» у апісанні сусветных працэсаў.

Media IQ правёў даследаванне, у якім прааналізаваў апублікаваныя артыкулы і відэа матэрыялы БелТА і SB.by, што змяшчалі выказванні Трампа і прадстаўнікоў яго адміністрацыі. Аналіз ахопліваў перыяд з 12 па 28 лютага і быў накіраваны на вызначэнне таго, як менавіта дзяржаўныя медыя выкарыстоўваюць словы амерыканскага прэзідэнта для ўзмацнення сваіх прапагандысцкіх наратываў. Дадзеныя збіраліся ручным метадам, што дазволіла не толькі зафіксаваць факт выкарыстання гэтых выказванняў, але і ацаніць іх кантэкст, характар падачы і магчымыя маніпулятыўныя тэхнікі.

Беларускія дзяржаўныя СМІ не заўсёды адкрыта выказваюць сваю пазіцыю адносна падзей, якія адбываюцца ў свеце. Часам яны падаюць інфармацыю ў адносна нейтральным тоне, проста пераказваючы сутнасць падзей. Гэтак жа яны дзейнічаюць і са словамі Трампа — у многіх артыкулах яго выказванні перапублікоўваюцца без дадатковых каментарыяў.

Аднак, нават калі прапагандысты фармальна ўстрымліваюцца ад адкрытых ацэнак, іх адносіны да сітуацыі можна зразумець па стылістыцы і спосабе падачы матэрыялу. Так, напрыклад, беларускія дзяржаўныя медыя не рэдка адкрыта дэманструюць непавагу і варожасць да ўкраінскага ўрада. Яны выкарыстоўваюць зневажальныя фармулёўкі, называючы ўладу ва Украіне «кіеўскім рэжымам», «гаспадарамі Банкавай», «крыварожскай шпаной», а самога Зяленскага — «дыктатарам», «сярэдне-смешным васалам» і «злобным клоунам».

Такім чынам, нават без прамых аўтарскіх ацэнак, праз падбор фармулёвак і агульны кантэкст, дзяржаўныя СМІ фарміруюць у чытачоў патрэбнае стаўленне да падзей і асобаў, узмацняючы прапагандысцкія наратывы.

Акрамя выкарыстання зневажальнай лексікі, важную ролю ў фарміраванні прапагандысцкіх наратываў адыгрывае і адбор навін. Беларускаія дзяржаўныя СМІ мэтанакіравана перапублікоўваюць толькі тыя матэрыялы, якія адпавядаюць іх карціне свету і ўмацоўваюць патрэбныя ім уяўленні.

Гэтак жа выбарачна асвятляюцца і выказванні Трампа: у інфармацыйную прастору трапляюць толькі тыя яго словы, якія можна інтэрпрэтаваць як крытыку Зяленскага, Байдэна або Захаду. У выніку ствараецца ўражанне, што Трамп цалкам падтрымлівае пазіцыю, якую транслююць беларускія медыя, хоць, на самой справе, яго рыторыка значна больш складаная і супярэчлівая.

Такі мэтанакіраваны адбор інфармацыі дазваляе прапагандыстам канструяваць патрэбную рэальнасць, калі ўся карціна падзей падаецца праз прызму жаданых для ўладаў інтэрпрэтацый, а нязручныя факты проста адсейваюцца.

Наратывы падрабязней

Уладзімір Зяленскі стаў своеасаблівым казлом адпушчэння для Дональда Трампа і, вядома, для беларускіх прапагандыстаў. Яго вобраз падаюць як вобраз дыктатара і агрэсара, які захапіў уладу і трымаецца за яе выключна дзеля ўласнай выгады. Як пісалася вышэй, яго выява фармуецца праз фрэймінг інфармацыі.

Добра гэты фрэймінг адлюстроўвае артыкул на SB.by ў якім пішуць: “Один из журналистов поинтересовался у Владимира Зеленского, почему на встречу с Дональдом Трампом он вновь явился в одном из своих свитеров, а не в костюме. Владимир Зеленский ответил, что будет носить костюм после завершения конфликта, который «может быть, будет подороже», чем у задавшего вопрос”.  У арыгінале ж, Зяленскі адказаў, што магчыма яго строй будзе лепшы, а магчыма і таннейшы.

а) Зяленскі нелегітымны

Часта ў дзяржаўных СМІ паўтараецца сцвярджэнне (спасылаючыся на словы Дональда Трампа) аб тым, што Зяленскі нелегітымны, бо выбары ва Украіне павінны былі адбыцца яшчэ ў мінулым годзе. У гэтым наратыве няма маніпуляцыі — гэта проста няпраўда. Зяленскі з’яўляецца легітымным прэзідэнтам, бо ў Канстытуцыі Украіны прадугледжана, што падчас ваеннага становішча выбары прэзідэнта і парламента не праводзяцца, а значыць, тэрмін паўнамоцтваў органаў улады працягваецца да заканчэння ваеннага становішча. 

Тым не менш, беларуская прапаганда выкарыстала гэтае выказванне на сваю карысць.

БелТА ў адным з артыкулаў пісала: «У руля Украины сейчас находятся узурпатор и самозванцы. И все это на фоне объявления Трампом Зеленского диктатором и главным препятствием на пути к миру», а ў другім дадавала: «Дональд Трамп неслучайно назвал Владимира Зеленского диктатором, напомнив ему о том, что он узурпировал власть. Он занимается убийством журналистов, запрещает партии, отменяет выборы…».

Назваўшы Зяленскага дыктатарам, Трамп падтрымаў расійскі парадак дня і ўзмацніў пракрамлёўскі наратыў аб незаконнасці ўлады ва Украіне.

б) Вайна ва Украіне пачалася з-за Зяленскага, Байдэна і НАТО

SB.by апублікавала артыкул, у якім было напісана: “Запад долгое время настраивал Россию против себя и принудил ее начать специальную операцию. Дональд Трамп склоняется к тому, что НАТО спровоцировало конфликт в Украине”. Таксама ў іншых сваіх артыкулах SB.by падкрэслівала, спасылаючыся на словы Трампа, што віна ў пачатку вайны ляжыць на Зяленскім і Байдэне: “Мы видим попытки Вашингтона действительно разобраться в том, что стало первопричиной этого конфликта… Американский лидер указал, что не видит вины России в возникновении конфликта в Украине, а после обвинил в ситуации Владимира Зеленского и 46-го американского президента Джо Байдена”

На самой справе словы Трамп гучалі так: “Ведаеце, кожны раз, калі я кажу: «О, гэта не віна Расіі», на мяне заўсёды абвальваюцца хлуслівыя СМІ. Але я вам кажу: Байдэн сказаў няправільныя рэчы, Зяленскі сказаў няправільныя рэчы”

Нельга адназначна сказаць, што меў на ўвазе Трамп, аднак дзяржаўныя СМІ падаюць яго словы як сцвярджэнне, што вайна пачалася выключна праз дзеянні Кіева і Вашынгтона. У рэальнасці ж у словах Трампа згадваецца толькі тое, што Байдэн і Зяленскі таксама дапусцілі памылкі, але гэта не адмяняе адказнасці Расіі за пачатак вайны. 

в) ЗША ўмешваліся ва ўнутраную палітыку іншых краін.

У гэтым наратыве словы Трампа і яго прыхільнікаў выкарыстоўваюцца для таго, каб прадставіць USAID не як арганізацыю, якая спрыяе развіццю і стабільнасці, а як механізм палітычнага кантролю. Ствараецца ўражанне, што большая частка сродкаў, якія выдзяляюцца праз USAID, нібыта не даходзіць да рэальных праектаў у сферы адукацыі, аховы здароўя і эканомікі, а выкарыстоўваецца для схаваных палітычных аперацый супраць урадаў, нелаяльных да Вашынгтона.

Галоўная маніпуляцыя тут заключаецца ў тым, што праўда змешваецца са скажэннямі. Сапраўды, ЗША праводзяць знешнюю палітыку і падтрымліваюць грамадскія ініцыятывы ў іншых краінах, але USAID працуе ў розных сферах, і няма фактаў, якія пацвярджаюць, што менавіта большая частка сродкаў ідзе не на развіццё, а на палітычныя мэты.

SB.by друкавала словы прадстаўніка Расіі пры ААН Васіля Небензі: “Дональд Трамп и его сторонники показывают, что львиная доля средств, выделяемых через USAID, вовсе не шла на некие благородные цели. Более того, ценности, которые пропагандировались в том числе за счет USAID, никак не совместимы с теми ценностями, которых придерживается нынешнее руководство Америки или большая часть населения США”. Акрамя таго, у беларускіх дзяржаўных СМІ неаднаразова сцвярджалася, што USAID фінансавала пратэсты ў Беларусі, падтрымлівала перадвыбарчую кампанію Уладзіміра Зяленскага ва Украіне, спрыяла скажэнню вынікаў выбараў у Малдове і многае іншае.

г) Псеўдадэмакратыя на Захадзе

Беларускія дзяржаўныя СМІ заўсёды надавалі вялікую ўвагу пытанню дэмакратыі ў Еўропе. Тым больш зараз, калі гэтае пытанне было ўзнята і амерыканскай уладай. Прапагандыст Андрэй Мукавожчык у калонцы ў SB.by адзначыў: «И американцы решили сделать общеевропейцам выволочку! Тем более у них, как говорится, накопилось. Можно даже сказать: накипело».

Асноўны акцэнт у публікацыях быў зроблены не на заявах Трампа, а на словах віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса, які падчас Мюнхенскай канферэнцыі раскрытыкаваў Еўропу за недахоп дэмакратыі і абмежаванне свабоды слова.

Інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА  у сваёй публікацыі прывяла каментар начальніка вучэбна-метадычнага аддзела факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі Андрэя Багадзеля: «И ключевые слова, которые были сказаны, призывали Европу идти строить демократию в своих странах, а не строить ее, например, в Беларуси. На мой взгляд, Джей Ди Вэнс сказал все как нельзя лучше»

Эміграваўшы ў Беларусь італьянец Давідэ Карбанара ў калонцы ў SB.by напісаў: “Складывающаяся ситуация демонстрирует несостоятельность Европейского союза, который сейчас пытается сделать все, чтобы хоть как-то сохранить лицо. Продолжая яро поддерживать войну, он демонстрирует свою подлость, тупое упрямство и кровожадность — черты, недостойные нашей современной цивилизации”.  

Уся канструкцыя гэтых выказванняў працуе на тое, каб стварыць уяўленне пра Еўрасаюз як пра нешта агрэсіўнае, нерацыянальнае і асуджанае на развал. Гэта не аналіз, а спроба праз эмацыйную рыторыку дыскрэдытаваць ЕС і любыя яго дзеянні.

д) Віна Байдэна: палітыка, якая прывяла да крызісаў і вайны

Беларускія дзяржаўныя СМІ прадстаўляюць Байдэна як галоўнага вінаватага ў маштабных геапалітычных і эканамічных крызісах. Сцвярджаецца, што менавіта ён сваёй палітыкай справакаваў вайну ва Украіне, разбурыў адносіны з Расіяй, прывёў да эканамічных цяжкасцяў і росту напружанасці ў свеце. Напрыклад, SB.by прыцытавала выступ аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняш Аляксея Аўдоніна на «Альфа Радио»: “Мы видим готовность Трампа и его администрации изменить вектор внешней политики и начать диалог. Причина этого очевидна: все ключевые проекты, инициированные Байденом, не оправдали ожиданий. США рассчитывали, что украинский кризис спровоцирует серьезные экономические проблемы в России — рост безработицы, инфляцию, обесценивание рубля … Данный проект провалился, как и администрация Байдена, что привело к ее быстрой замене”

У дадзеным выпадку інфармацыя падаецца так, каб стварыць вобраз палітыкі Байдэна як катастрофы і галоўнай крыніцы праблем. Тэзіс аб тым, што ЗША разлічвалі на разбурэнне расійскай эканомікі праз украінскі крызіс, — гэта спрашчэнне, бо санкцыі скіраваны не на імгненнае знішчэнне эканомікі, а на абмежаванне ваенных і фінансавых магчымасцяў РФ. Акрамя таго, сцвярджэнне, што «адміністрацыя Байдэна правалілася, таму яе замянілі», ігнаруе тое, што змена ўлады ў ЗША адбываецца ў межах нармальнага дэмакратычнага працэсу, а не з-за меркаваных няўдач. 

Больш за тое, у адным з артыкулаў на SB.by аб размеркаванні фінансаў USAID гаварылася: “Англосаксы действительно завели человечество в тупик — зловонный и беспросветный”. У гэтым выказванні выкарыстоўваецца эмацыйная мова для фарміравання адмоўнага вобраза ЗША і іх палітыкі. Замест таго, каб аналізаваць канкрэтныя праблемы ў розных рэгіёнах, усе праблемы чалавецтва абагульняюцца, прадстаўляючы іх як вынік дзеянняў ЗША і іх саюзнікаў. Гэта дазваляе перанакіраваць увагу ад іншых магчымых прычын і вінаватых, ствараючы адзіную адказнасць для Захаду.

е) Лукашэнка ўсё  прадбачыў, а Трамп ідзе яго шляхам

Дзяржаўныя СМІ прадстаўляюць Лукашэнку як палітыка, які заўсёды дзейнічаў правільна. Паводле гэтага наратыву, Трамп, выступаючы супраць «эліт» і бюракратыі, фактычна паўтарае тое, што Лукашэнка казаў і рабіў гадамі. Барацьба амерыканскага лідара з «двайнымі стандартамі», «знешнім умяшаннем» і «фальшывай дэмакратыяй» па сутнасці пераклікаецца з пазіцыяй афіцыйнага Мінска. Беларускія дзяржаўныя СМІ не ўпускаюць магчымасці падкрэсліць, што Лукашэнка прадбачыў многія сітуацыі. Напрыклад, у адным з артыкулаў SB.by пісала: “Да, Америка сегодня справедливо критикует ЕС за это, но вспомните: Глава белорусского государства говорит об этом уже много лет. Согласитесь, ведь очевидно, что Александр Лукашенко был прав с самого начала!” У сваю чаргу БЕЛТА  дадавала: “Представитель Америки говорил на эту тему как будто со слов президента Беларуси”. У яшчэ адным артыкуле SB.by друкавалася: “Зеленский, как когда-то не внял добрым советам Александра Лукашенко, так и в этот раз совсем не уловил смысл предупреждений от Белого дома”

Тут выкарыстоўваецца прыём «пацверджана Захадам» – калі меркаванне Лукашэнкі падаецца як разумнае і прадбачлівае, бо цяпер яго нібыта падзяляюць нават у ЗША. Такія пасылы не толькі апраўдваюць яго дзеянні, але і ствараюць вобраз дальнабачнага лідара, які загадзя разумеў глабальныя тэндэнцыі, а цяпер атрымлівае іх пацверджанне на сусветнай арэне. 

Цікава назіраць за тэндэнцыяй параўнання Трампа з Лукашэнкам, дзе Трамп часта называецца амерыканскім аналагам беларускага лідэра. Пры гэтым падкрэсліваецца, што стыль кіравання Трампа падобны на стыль Лукашэнкі. Напрыклад, БЕЛТА пісала: “Обращает на себя внимание, что Трамп управляет страной через множество указов. А сколько же было визга по этому поводу 30 лет назад, в первые годы президентства Лукашенко! Мол, в стране диктатура. А теперь вот, глядя на США, все понимают, что это очень демократично”. Таксама SB.by у адным з артыкулаў цытавала словы старшыні Беларускага саюза журналістаў Андрэя Крывашэева: “Поэтому Трамп заявляет то же, что сделал наш президент… В этом смысле, мне кажется, Трамп немного (скажу скромно) может подсмотреть из белорусского опыта, как привести политику Соединенных Штатов к национальным интересам”

Такім чынам, нават калі раней крытыка выкарыстання падобных падыходаў у Беларусі была моцнай, цяпер, калі гэтыя метады ўжываюцца ў ЗША, яны ўжо ўвогуле не могуць выклікаць асуджэння. Гэта стварае ўражанне, што падыход Лукашэнкі можа быць прыкладам, як эфектыўна кіраваць на нацыянальным узроўні. 

Высновы

У заключэнне можна адзначыць, што гіпотэза аб тым, што беларускія СМІ выкарыстоўваюць выказванні Дональда Трампа як аргумент у сваіх палітычных наратывах, пацвердзілася. 

Яго рыторыка актыўна выкарыстоўваецца для легітымацыі мясцовай улады, крытыкі Байдэна, пераасэнсавання адносін паміж ЗША і ЕС, а таксама для стварэння новага вобраза ЗША як патэнцыйнага партнёра пры правільным кіраўніцтве. 

Аднак яшчэ больш значным становіцца іншае – праз словы Трампа падкрэсліваецца непахісная правата Аляксандра Лукашэнкі. Калі беларускі прэзідэнт раней папярэджваў пра памылковасць палітыкі Захаду, асуджаў дзеянні Еўропы або казаў пра геапалітычныя працэсы, яго словы маглі разглядацца як альтэрнатыўны погляд. Але цяпер, калі тое ж самае кажа адзін з самых вядомых палітыкаў ЗША, гэта падаецца як відавочнае і бясспрэчнае пацверджанне далёкабачнасці Лукашэнкі.

Фармулюецца простая і эфектыўная схема: Лукашэнка казаў пра гэта даўно, яго не слухалі, а цяпер сам Трамп паўтарае тое ж самае. Гэта робіць Лукашэнку не проста лідэрам, які дзейнічае ў адпаведнасці з уласнай палітыкай, але амаль што прарокам, чыё разуменне сітуацыі апярэджвае час.

У выніку ствараецца інфармацыйная карціна, дзе выказванні Трампа не проста падтрымліваюць ранейшыя наратывы, а надаюць ім новы ўзровень аўтарытэтнасці. Яго рыторыка настолькі дакладна ўпісваецца ў ідэалагічную лінію прапаганды, што становіцца не проста аргументам, а доказам «відавочнай ісціны». Трамп ператвараецца ў зручны інструмент, які ўзмацняе патрэбныя пасылы, робіць іх больш пераканаўчымі і надае ім гучнасць сусветнага маштабу. Гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, наколькі гнутка і майстэрскі медыя адаптуюць рэальнасць пад патрэбную карціну свету.

Хорошо
Смешно
Грустно
Злюсь
Кошмар
Поделиться:

Смотрите также

Обсудим, как пропаганда использует Олимпиаду для манипуляций, разоблачаем мифы о "оскорблении чувств верующих", исследуем эффект Даннинга-Крюгера и его влияние на восприятие информации. Также рассмотрим, как беларусские СМИ освещают выборы в США и последствия урагана в Беларуси.

Аналитика и обзоры

Мнения

Мониторинг СМИ

Тренды

Всячина

Видео