Аналитика и обзоры Мнения Мониторинг СМИ Тренды Всячина Видео Тесты Тэги
facebook Lviv Media Forum nizkiz Telegram Азаренок антизападные нарративы балючыя пытанні беларусские СМИ беларусско-российская интеграция бигтех будущее Владимир Путин война в Украине выборы в КС выборы-2025 гендер государственные медиа деконструкция диаспора дискриминация доносы закон Израиль инфографика Иран исследования история манипуляции как не поддаться пропаганде Киберпартизаны кино Китай конспект конспирология конференция «Новая Беларусь» Координационный Совет лгбт мова Молдова нарушение стандартов независимые медиа Новая Боровая образование Павел Дуров подкаст политзаключенные политическая коммуникация Польша права человека приемы пропаганды прогнозы прокремлёвские нарративы пропаганда манипуляции пропаганда о чиновниках протесты в Грузии региональные сми рекламный рынок Рико Криегер российские СМИ СБ Сидорская стандарты стандарты журналистики СТВ США твиты телеканалы теория пропаганды тесты Томаш Шмыдт уязвимые группы фашисты фейки ценности Чернобыль Что почитать электоральная кампания 2024 язык вражды

«Скача дзікае паляванне – і будзе скакаць увесь час»: ці могуць СМІ стварыць міф пра беларускую культуру

Прэм’ера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» Беларускага Свабоднага тэатра ў лонданскім тэатры Barbican стала галоўнай культурнай падзеяй апошняга часу. Media IQ паглядзеў, што пра пастаноўку напісалі беларускія незалежныя СМІ, і абмеркаваў іх публікацыі з доктарам філалагічных навук, прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта, тэатразнаўцам, аўтарам кнігі «Беларускі тэатр 1920–1930-х: Адабраная памяць» Андрэем Масквіным.

Поделиться:
Шлях Беларускага Свабоднага тэатра да Лондана

Журналіст, паліткансультант, рэжысёр і драматург Мікалай Халезін разам з жонкай і актывісткай Наталляй Калядой у 2005 годзе ў Мінску заснавалі Беларускі Свабодны тэатр (BFT), які пазіцыянаваў сябе як «адзіны падпольны тэатр у апошняй дыктатуры Еўропы. Прадстаўляе сябе ў якасці авангарда мастацкага супраціву афіцыйнай эстэтыцы і культуры, якія насаджаюцца ў Беларусі дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі». BFT – фізічны тэатр з сучаснай эксперыментальнай постмадэрнісцкай і эпатажнай эстэтыкай. Адзначаны ўзнагародамі ў галіне мастацтва і абароны правоў чалавека.

У 2011 годзе праз палітычны пераслед заснавальнікі праекта атрымалі прытулак у Вялікабрытаніі, у Лондане зарэгістравалі тэатр. Асноўны акторскі склад працягваў працу ў Беларусі, ставіў спектаклі, ладзіў адукацыйныя праекты па акторскаму майстэрству, праектным менеджменце, драматургіі. Не меў уласнай сцэны, але ж карыстаўся попытам у гледачоў. Камерныя спектаклі праходзілі ў невялікіх памяшканнях, што абмяжоўвала колькасць гледачоў.  Сярод пастановак: «Рэйк’явік’74», «Быў у пана верабейка гаварушчы», «Час жанчын», «Спазнаючы каханне», «DerMagenFinDelMöön», «Быць Гаральдам Пінтарам» і шмат іншых.

Эстэтыка тэатра змяняецца разам з выхадам на вялікую сцэну. Перад прэзідэнцкімі выбарамі ў 2020 годзе Свабодны тэатр паспеў у Мінску паказаць спектакль «Сабакі Эўропы» паводле аднайменнага рамана Альгерда Бахарэвіча. У сакавіку 2022 года BFT з аншлагам паказаў спектакль «Сабакі Эўропы» ў лонданскім тэатры Barbican. Спектакль трапіў у замежныя рэйтынгі, напрыклад, выйграў у намінацыі «Найлепшы выступ года на вялікай сцэне ў Вялікабрытаніі» – паводле Broadway World, і апынуўся ў дзясятцы лепшых брытанскіх спектакляў года – паводле Prospect Magazine. Атрымаў шэраг узнагарод і быў паказаны ў краінах Еўропы і Аўстраліі.

Што трэба ведаць пра оперу «Дзікае паляванне караля Стаха»

Пасля поспеху «Сабакаў Эўропы» Barbican заключыў са Свабодным тэатрам кантракт, згодна з якім наступныя тры прэм’еры – што б гэта ні было – будуць праходзіць на іх сцэне. Так з’явілася опера «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча. У оперы граюць акторы, оперныя выканаўцы і музыканты з Беларусі і Украіны, а сам спектакль ішоў на беларускай мове з ангельскімі субтытрамі. The Guardian назваў спектакль «гатычным нуарам». Паказы прайшлі таксама з аншлагам.

Акрамя актуальных палітычных, культурніцкіх і грамадскіх сэнсаў, да стварэння оперы падштурхнула і асабістая гісторыя Наталлі Каляды, сурэжысёркі спектакля. Прафесар Андрэй Каляда, бацька Наталлі,  начытаў аўдыёкнігу «Дзікае паляваньне караля Стаха». Ён таксама лічыў аповесць вартай для новай пастаноўкі на сцэне. Андрэй Каляда памёр у мінулым годзе ў Беларусі, Наталля не змагла развітацца з бацькам. У пастаноўцы Свабоднага тэатра гучыць яго голас.

Над операй працавалі:

  • Рэжысура, драматургія і адаптацыя тэксту – Мікалай Халезін.
  • Сурэжысёр – Наталля Каляда.
  • Кампазітар – Вольга Падгайская.
  • Дырыжор – Віталь Алексяёнак.
  • Сцэнаграфія і касцюмы – Мікалай Халезін і Надзея Саяпіна.
  • Харэаграфія – Марыя Сазонава.
  • Лібрэта – Андрэй Хадановіч.

Анонс спектакля Беларускага Свабоднага тэатра «Дзікае паляванне караля Стаха» ў лонданскім тэатры Barbican. Крыніца: «Радыё Свабода»

Пачатак: тры асноўныя навіны

Газета The Guardian рэкамендавала чытачам паглядзець пастаноўку Мікалая Халезіна як адзін з найлепшых спектакляў восені. Таксама  паведамілі, што оперу па-беларуску збіраецца наведаць кароль Англіі Карл III. У пачатку верасня агучылі, што «сама Кейт Бланшэт» (так напісаў партал orsha.eu) будзе мадэратаркай дыскусіі аб уплыве вайны і дыктатуры на дзяцей Украіны і Беларусі, якая пройдзе перад прэм’ерай. Гэтыя тры навіны сталі асноўнымі інфанагодамі для беларускіх незалежных СМІ ўзгадаць пра спектакль. Некаторыя медыя гэтым і абмежаваліся. Увагу СМІ прыцягнуў менавіта высокі міжнародны ўзровень прэм’еры і такія вядомыя асобы, як Бланшэт і Карл III.

–   Апошнія  гадоў дваццаць журналістыка вышуквае метады, каб прыцягнуць увагу чытача, таму што ёсць шмат іншых забавак, з якімі даводзіцца канкураваць. Апублікаваць кароткую гучную навіну – самы просты шлях, самы першы крок, каб зачапіць. Але ж важна пайсці далей, паглядзець, што гэта была за падзея, – каментуе такую стратэгію Андрэй Масквін.

Працяг: інтэрв’ю і цікавасць да творчага працэсу

Асобныя СМІ пайшлі далей за стандартны фармат навіны і  пазнаёмілі чытачоў з працай Свабоднага тэатра да выхаду спектакля. Яшчэ ў пачатку лета Zerkalo.io запісала вялікую размову з кампазітаркай Вольгай Падгайскай, якая напісала музыку да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха». «Наша Ніва» зрабіла інтэрв’ю з аўтарам лібрэта Андрэем Хадановічам. «Белсат TV» і Euroradio паразмаўлялі з рэжысёрам Мікалаем Халезіным. У гэтых публікацыях, акрамя таго, што спектакль будзе ісці ў Лондане на прэстыжнай сцэне, гучалі разважанні пра сэнсы пастаноўкі, новае прачытанне важнага для сучасных беларусаў твора Караткевіча, мастацкія вартасці і наватарскія прыёмы. Мікалай Халезін распавёў, як і чаму запрасіў менавіта ўкраінскіх оперных спевакоў удзельнічаць у пастаноўцы разам з беларускімі драматычнымі акторамі. Kyky.org таксама пагутарыў з Халезіным і Калядой, у пачатку артыкула партал адзначыў, што «больш за дзесяць гадоў пра трупу пішуць у газетах Нью-Ёрка, Лондана і іншых сталіц (нашмат радзей – у газетах Мінска)». Гэта адзіны матэрыял kyky.org пра спектакль.

Андрэй Масквін ухваліў матэрыялы, што выйшлі перад паказам. «Надзвычай важна знаёміць аўдыторыю з людзьмі, якія ствараюць культуру. А таксама паказваць сам творчы працэс,  які  нібыта на другім плане, а тут з’явіўся на першым. Гэтыя тэксты ствараюць уражанне, што Свабодны тэатр рыхтуе яшчэ адзін спектакль, які можа рэпрэзентаваць Беларусь, распавядаць пра нашу краіну ў любой кропцы свету». 

Перад прэм’ерай: матэрыялы «Радыё Свабоды»

Больш за іншыя СМІ «Дзікае паляванне караля Стаха» асвятляла «Радыё Свабода» ў розных фарматах. Медыя стала шмат увагі надае культуры,  і чытачы яшчэ 31 снежня даведаліся, што Халезін рыхтуе оперу па Караткевічу, якая будзе паказана ў лонданскім тэатры Barbican. 26 красавіка была абвешчана назва спектакля, даты паказаў (14–16 верасня) і акторскі склад, а на наступны дзень «Радыё Свабода» ўжо апублікавала размову з Халезіным, Хадановічам, Падгайскай, якія падрабязна распавялі пра мастацкія, змястоўныя, выканаўчыя складнікі оперы, падзяліліся асабістымі гісторыямі і акалічнасцямі працы. Далей цягам лета выходзілі асобныя гутаркі з прафесіяналамі, якія стваралі оперу.

За гадзіну да перадпаказа «Радыё Свабода» паразмаўляла з Халезіным,  які, акрамя іншага, адзначыў, што ўвагай брытанскай прэсы не абдзелены. «Вельмі шмат пісалі пра нас і спецыялізаваныя выданні. Увагай мы ніколі не абдзелены. Тут пытанне, як апраўдаць гэтую ўвагу, людзі самі прыходзяць: і крытыкі, і зоркі, але ты павінен паказаць ім той узровень, які яны чакаюць».

Пасля прэм’еры: маўчанне беларускіх крытыкаў

Пасля прэм’еры беларускія незалежныя СМІ публікавалі водгукі замежных крытыкаў ці беларусаў, якія бачылі спектакль на лонданскай сцэне. «Радыё Свабода», «Наша Ніва», Zerkalo, Reform.by аператыўна пазнаёмілі чытачоў з тым, што пра «Дзікае паляванне караля Стаха» напісалі сусветна вядомыя выданні. Іншыя СМІ перапосцілі гэтыя тэксты. На пастаноўку адгукнуліся The Reviews Hub, Time Out, Opera Today, The Guardian.

–  Мы часта транслюем словы іншых людзей і мала ствараем самі арыгінальнага кантэнту. Малапрыемна чытаць слабыя пераклады з некарэктна перададзенай аўтарскай думкай. Перакладчыкі не звярталі ўвагі на дакладны сэнс азначэнняў, выкарыстоўвалі выразы і канструкцыі, якіх няма ў беларускай ці рускай мовах. Ёсць нават фрагмент, канатацыя якога перададзена няправільна. У ангельскім арыгінале яна станоўчая, а ў апублікаваным перакладзе – адмоўная,звяртае ўвагу на хібы падборак эксперт.

Крыху пазней, 20 верасня, «Радыё Свабода» апублікавала вялікі рэпартаж «Што адбывалася за кулісамі “Дзікага палявання караля Стаха”. Адзін дзень са стваральнікамі оперы і таямніцы пастаноўкі ў Лондане». Журналістка Ганна Соўсь, якая і вяла тэму ўвесь час, «зазірнула за кулісы тэатра, пагутарыла з аўтарамі й выканаўцамі, паглядзела саму пастаноўку, паслухала ўражаньні гледачоў і ўведала пэўныя таямніцы пастаноўкі, якую ўжо называюць культурнай падзеяй году для Беларусі».

Беларускія тэатральныя крытыкі, тэатразнаўцы, даследчыкі ў СМІ не выказаліся. Беларускае мастацтва дзесяцігоддзямі імкнецца да ўвагі замежных гледачоў, медыя, экспертаў. Свабодны тэатр атрымаў усё гэта, але ж беларускія медыя шанцам напоўніцу не скарысталіся.

Крыніца: The Guardian

«Тэатральныя журналісты маглі б уступіць у дыялог з замежнымі экспертамі»

–  Мікалай Халезін, Беларускі Свабодны тэатр і опера «Дзікае паляванне караля Стаха» ствараюць беларускі міф. І гэта выключная падзея,  асабліва цяпер, калі разбураецца міф пра рускую культуру XIX-XX стагоддзя і трэба ствараць уласны беларускі міф. Пра гэта, на жаль, ніхто не напісаў, –  перакананы Андрэй Масквін.

– Сэнсавай разнастайнасці, шматузроўневасці, паралеляў з гісторыяй і сучаснасцю, адсылак да падзей у Беларусі ў 2020 годзе, ідэі пра агульную навалач, з якой змагаюцца Украіна і Беларусь, замежныя крытыкі цалкам не зразумелі. Яны больш ацэньвалі спектакль як твор сучаснага мастацтва: пісалі пра дасканалае выкананне вакальных партый, удалае спалучэнне драматычных актораў і оперных спевакоў, заўважылі музыку Падгайскай, сцэнаграфію і наватарскія прыёмы ў рэжысуры. І прызнаваліся ў рэцэнзіях, што з творам і аўтарам знаёмыя не былі, мелі цяжкасці з разуменнем сюжэта.

А беларускія крытыкі, тэатральныя журналісты маглі б уступіць у дыялог з замежнымі экспертамі і патлумачыць не толькі сюжэт, але ж і кантэкст, сэнсы, алюзіі, адсылкі. Дадаць тое, што не пабачылі замежныя гледачы. Беларускім СМІ абавязкова трэба падтрымаць дыскусію вакол «Дзікага палявання караля Стаха» і паказаць гэтую падзею з беларускага пункту гледжання.

The Guardian палічыў, што ў «Сабаках Эўропы» прысутнічаў палітычны кампанент, а «Дзікае паляванне караля Стаха» – твор больш пра гісторыю. Насамрэч гэта не так: у «Дзікім паляванні караля Стаха» палітычны складнік ператвараецца ў палітычна-культуралагічны, асабліва патрэбны сёння, калі руйнуецца рускі міф.

Вельмі важна пастаноўку Свабоднага тэатра ўключыць у беларускі мастацкі канон, каб пра яе напісалі беларускія аўтары: крытыкі, журналісты, культуролагі, сацыёлагі і палітолагі ў рэшце рэшт. Яны ж усе ў нас ёсць. Гэта нашая місія: самім стварыць аб’ёмны інфармацыйны прадукт пра знакавую падзею ў жыцці беларусаў. Тады лагічна з’явіцца наступны ўзровень асэнсавання – даследчыцкі – навуковыя кнігі, манаграфіі, без існавання якіх спектакль не зойме належнае яму месца.

Яшчэ паўгады – і дыскусіі пра рускую культуру стануць неактуальныя. Пачнецца прага да новага, і беларусы павінны ўключыцца ў гэты працэс. Шукаць тэмы, вобразы, сюжэты, якія можна выкарыстаць у стварэнні міфа пра беларускую культуру. Ніхто не зробіць гэта за нас.

«Прафесіяналізм і аналітыка – вось рэцэпт поспеху»

Андрэй Масквін дзеліцца меркаваннем, як пісаць пра беларускую культуру тэксты, цікавыя беларусам дома і ў эміграцыі, і пры гэтым не падзяляць мастацтва на тое, што створана ў Беларусі і за яе межамі.

–  Для пачатку важна шмат і якасна пісаць. Беларускім СМІ варта кожны дзень асвятляць сусветныя культурныя падзеі, не толькі тыя, якія ладзяць беларусы ў замежжы. Беларускі чытач мусіць быць інтэграваны ў сусветнае мастацтва праз якасныя тэксты беларускіх прафесіяналаў. 

Калі беларускія СМІ будуць пісаць у розных формах і жанрах, якіх зараз безліч, карыстацца магчымасцямі сучаснага медыяпрасоўвання, мець аўтарскі індывідуальны погляд, то людзі пра беларускую культуру будуць чытаць, дзе б яны ні знаходзіліся і дзе б твор мастацтва ні быў створаны. Патрэбна не сухая разавая трансляцыя факта, а менавіта беларускі прафесійны погляд у кожнай галіне культуры. Прафесіяналізм і аналітыка –  вось рэцэпт поспеху. 

Хорошо 7
Смешно 4
Грустно 1
Злюсь 1
Кошмар
Поделиться:

Смотрите также

Обсудим, как пропаганда использует Олимпиаду для манипуляций, разоблачаем мифы о "оскорблении чувств верующих", исследуем эффект Даннинга-Крюгера и его влияние на восприятие информации. Также рассмотрим, как беларусские СМИ освещают выборы в США и последствия урагана в Беларуси.

Аналитика и обзоры

Мнения

Мониторинг СМИ

Тренды

Всячина

Видео

Тесты