Аналитика и обзоры Мнения Мониторинг СМИ Тренды Всячина Видео Тесты Тэги

Эксперт пра канфлікт вакол літвінізму: «Камунікатыўная інтэрвенцыя, скіраваная на палітычныя мэты»

Пра тое, як распачаўся канфлікт вакол тэорыі літвінізму, хто ім кіруе і маніпулюе беларусамі і літоўцамі, як яго скончыць і выкарыстаць на сваю карысць, распавёў Media IQ спецыяліст у сферы стратэгічных камунікацый Раман Касціцын.

Поделиться:

Пачаткам апошняй хвалі дыскусій пра літвінізм лічыцца публікацыя літоўскага выдання Delfi пра сустрэчу ў вільнюскім бары. Там у жніўні 2023 года да афіцэра запасу Даруса Антанайтыса нібыта падышоў беларус, які сцвярджаў, што Вільня – беларускі горад, а літоўцы – гэта толькі «жыхары Каўнаса і Жамойці».

Пазней Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы выказаўся пра літвінізм і заявіў, што прыхільнікі гэтай ідэалогіі не пагражаюць суверэнітэту Літвы, але ідэалагічныя ўстаноўкі могуць узмацняць міжэтнічную напружанасць у краіне і распальваць негатыўнае стаўленне да беларускай дыяспары. Нягледзячы на гэту заяву, актыўныя спрэчкі працягваюцца.

А ў кастрычніку з’явілася відэа нібыта ад беларускіх добраахвотнікаў з пагрозамі і абразамі літоўцаў, а таксама патрабаваннямі да літоўскіх улад «спыніць ціск на беларускіх актывістаў». У Літве лічаць, што распаўсюджанае ў сацсетках відэа – інфармацыйная атака беларускіх і расійскіх спецслужбаў. У Дэпартаменце дзяржбяспекі краіны, які праводзіць расследаванне інцыдэнту, дашлі да высновы, што яе мэта – выклікаць недавер паміж супернікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і зблізіць іх з яго прыхільнікамі.

Напачатку кастрычніка ў Сойме Літвы прайшла дыскусія пра літвінізм, у якой узялі ўдзел літоўскія грамадскія дзеячы, гісторыкі, а таксама беларускія навукоўцы. Адным з апошніх фейкаў стала петыцыя, апублікаваная нібыта ад імя клуба «Лiцвiны». Аўтары петыцыі збіраюць подпісы за тое, каб прызнаць Вільнюс беларускім горадам. Петыцыя далёка не прасунулася. Клуб «Лiцвiны» ужо аспрэчыў сваё дачыненне да яе.

Раман Касціцын

«Аб літвінізме версіі 2023 года трэба казаць выключна як аб карыкатуры»

Для мяне, як для адмыслоўца ў стратэгічных камунікацыях, цалкам відавочна, што скандал вакол гістарычнай тэорыі літвінізма штучны, ім кіруюць з боку, ствараючы канфліктную варонку, з якой цяжка выбрацца. Ён наўмысна зроблены, каб нанесці шкоду адносінам беларусаў і літоўцаў. Сёння ў Літве каля 60 тысяч беларусаў. Літоўцы заўсёды ставіліся да беларускіх праблем з разуменнем. Хвалі эміграцыі беларусаў па палітычных прычынах у Літву пачаліся яшчэ напрыканцы 90-ых, і мала знойдзецца краін, якія б так прынцыпова падтрымлівалі беларусаў, як гэта некалькі дзесяцігоддзяў робіць Літва.

Казаць, што Вільня наша, маючы пры гэтым на ўвазе нейкія тэрытарыяльныя прэтэнзіі Беларусі да Літвы – тое ж самае, што падтрымліваць агрэсію Расіі ва Украіне. Гэта не дэманстрацыя гістарычнай годнасці, а карыкатура, злая сатыра. Варта ўзгадаць Ніцшэ, які казаў, што з гісторыяй павінны працаваць толькі моцныя. Мяркую, ён меў на ўвазе перш за ўсё крытычнае мысленне. Мы часам звяртаемся да гісторыі, каб знайсці тлумачэнне сучасных падзей ці апраўданне дзеянняў. Але гісторыя – гэта не шпаргалка і не антыдэпрэсант. Унікальную сітуацыю трэба разбіраць такой, якой яна ёсць тут і зараз, а не шукаць гістарычныя паралелі і часова сябе супакойваць. Аб літвінізме версіі 2023 года трэба казаць выключна як аб карыкатуры на нейкую навукова-гістарычную тэорыю.

Сёння ў больш шырокіх, чым навуковыя, колах існуе вялікая спакуса занурыцца ў гістарычныя спрэчкі. Але ў такім выпадку мы трапляем у пастку, якую прыгатавалі ініцыятары гэтай сітуацыі.

Гэта тупіковы шлях, нягледзячы на ўзровень ведаў і аўтарытэт таго, хто ім ідзе. Гэта камунікацыйны крызіс, які можа перарасці ў рэпутацыйны, калі мы працягнем гістарычныя дыскусіі. Я не аднойчы назіраў дыскусіі знаных беларускіх гісторыкаў, якія намагаліся даць рады гэтай праблеме. Але кожным сваім экспертным словам яны паглыблялі канфлікт,  таму што не ўлічвалі тое, як іх меркаванне ў бягучым кантэксце ўспрымуць людзі, далёкія ад навукі, у тым ліку адкрытыя тролі.

Выйсця не будзе да той пары, пакуль мы не асэнсуем гэта як камунікатыўную інтэрвенцыю, скіраваную на палітычныя мэты не на карысць беларусаў.

Літоўцы стаяць у «ланцужку салідарнасці» 23 жніўня 1989 года, Вільня

«Варта спыніць дыскусію і зафіксаваць момант, што літвінізм быў і раней»

На мой пагляд, палітычных інтарасантаў, якія раздуваюць канфлікт вакол літвінізма, можа быць як мінімум два. Першы – беларускія ўлады, якія не задаволены тым, што людзі з’язджаюць за мяжу і працягваюць там грамадскую, палітычную, культурную актыўнасць. Падазраю, што гэта не апошняя правакацыя, варта быць гатовымі да новых. Другі – асобныя літоўскія палітыкі. У Літве ў маі выбары і, як і ў любой дэмакратычнай краіне, ёсць палітыкі, якія выкарыстоўваюць у перадвыбарных кампаніях аргументы супраць мігрантаў. Напрыклад, менавіта мігранцкія пытанні зараз перашкаджаюць дэмакратам і рэспубліканцам у ЗША дамовіцца па іншых кірунках дзяржаўнай палітыкі, гэтая тэма заўсёды вельмі адчувальная.

Каб «прадаць» канфлікт масам, трэба яго маштабаваць праз уплывовых палітыкаў, селебрыці, лідараў меркаванняў і медыя. Спрэчка ў вільнюскім бары, з якой нібыта ўсё пачалося, – толькі легенда. У барах адбываецца безліч сварак, але ж у медыйную прастору і на абмеркаванні ў Сейм яны звычайна не трапляюць.

Мне бачыцца, што хтосьці з літоўскага боку хацеў гэта маштабаваць і выкарыстоўваць на сваю карысць, бо паміж рознымі палітычнымі лагерамі ў Літве працягваецца супрацьстаянне па беларускім пытанні.

А хтосьці з беларускага боку актыўна ўключыўся ў спрэчкі, стварыўшы, напрыклад, шэраг адмысловых груп у сацыяльных сетках, дзе вельмі лёгка распазнаюцца ініцыятары таксічных па інтанацыі і не вельмі багатых па змесце абмеркаванняў.

Варта спыніць дыскусію і зафіксаваць той момант, што літвінізм як імкненне асэнсаваць спадчыну ВКЛ для Беларусі быў і раней: аматары мінуўшчыны займаліся гістарычнай рэканструкцыяй, гісторыкі пісалі артыкулы і манаграфіі, у Беларусі праводзілі прыгожыя рыцарскія турніры – паралелі з гісторыяй ВКЛ заўсёды прысутнічалі ў публічнай прасторы. Гэта частка агульнай гісторыі гэтых тэрыторый, дзе сёння існуюць некалькі асобных незалежных дзяржаў. Імперскасць беларусам не ўласцівая. Але тое, што зараз адбываецца з карыкатурызаваным «літвінізмам» у публічнай прасторы, вельмі падобна на з’яву, якую ў медыя і сацыяльных сетках называюць «победобесие»: апрапрыяцыя перамогі ў Другой сусветнай вайне людзьмі, якія не маюць да яе ніякага дачынення і намагаюцца неяк кампенсаваць праз яе ўласную няздольнасць стварыць штосьці годнае і выбітнае.

Усім, хто з абодвух бакоў удзельнічае ў дэструктыўных спрэчках пра літвінізм, варта разумець, што яны выглядаюць карыкатурна. Канфлікт працуе супраць і літоўцаў, і беларусаў.

Чым меншы ўзровень выхавання і адукацыі, рэалізаванасці чалавека ў жыцці і прафесіі, тым лягчэй ён успрымае прапаганду, становіцца аб’ектам маніпуляцыі, і тым больш агрэсіўна ён ставіцца да апанентаў. Беларусам і літоўцам варта аб’яднацца, каб імі не маніпулявалі.

Проста трэба ўявіць сабе, хто зараз радуецца гэтым сваркам. Не трэба даваць гэтым людзям нагодаў для радасці і самім жа спрыяць выкананню іх планаў.

Берасце часоў Вялікага Княства Літоўскага. Ілюстрацыя Паўла Татарнікава з кнігі Ўладзіміра Арлова «Айчына. Ад Рагнеды да Касьцюшкі».

«Канфлікт заўсёды нясе ў сабе энергію новай каштоўнасці»

Каб завершыць канфліктную сітуацыю, трэба зафіксаваць маніпулятыўныя штучна створаныя наратывы па тэме літвінізма і дэканструяваць іх – то бок прапанаваць канструктыўныя замест дэструктыўных. Пры жаданні гэта можна зрабіць досыць хутка. Але ж куды рухацца далей?

Каб мець агульную будучыню, трэба ствараць яе зараз. Вось гэта захапляльна! Чым хутчэй распачнецца і пойдзе ў масы вялікая праца беларусаў над новай краінай, тым лепей для нас і суседзяў. Канфлікт заўсёды нясе ў сабе энергію новай каштоўнасці. Я бы звярнуўся да ўнікальнай эканамічнай гісторыі ВКЛ.

Вывучаць і аналізаваць гэту спадчыну важна, каб пабачыць, што ментальнасць беларусаў і літоўцаў падобная: гэта людзі, якія ўмеюць займацца не толькі самазабеспячэннем, але ж гандлем і бізнесам, рабіць гэта цывілізавана, і станоўча ўплываць на суседнія тэрыторыі. ВКЛ зазнала шмат войнаў, але ж былі і досыць працяглыя часы эканамічнага ўзбуйнення. Зараз паміж Беларуссю і Літвой – сітуацыя крытычна невыкарастаных магчымасцяў. Яе вырашэнне дае досыць яскравую перспектыву сумеснай будучыні. Гэта адна з магчымых новых каштоўнасцей, якія могуць быць прынятыя як вынік канфлікту з літвінізмам.

Найлепшы шлях да спынення канфлікту і правакацыі – канструктыўны экспертны дыялог у медыя ці на іншых платформах. Але дыялог не толькі гісторыкаў і палітыкаў, але і бізнесоўцаў, дзеячоў культуры, медыйшчыкаў, адмыслоўцаў па камунікацыі, інфармацыйнай бяспецы і супрацьстаянні прапагандзе. Хацеў бы адзначыць, што культура такіх дыскусій расце: можна мець рознае стаўленне да тэмы, сваё меркаванне, але ж удзельнікі размовы слухаюць і разумеюць адзін аднаго, могуць карэктаваць свае дзеянні па выніку. Далёка не ўсе літоўскія палітыкі і не ўсе літоўцы падтрымліваюць правакацыю вакол літвінізму, шмат хто бачыць, адкуль растуць яе вушы.

У адносіны беларусаў і літоўцаў, якія склаліся на ўзроўні людзей, а не палітыкаў, хтосьці сёння ўмешваецца, намагаючыся іх разбурыць.

Агульнай задачай можа быць супрацьстаянне такім правакацыям, асэнсаванне, што мы мусім захоўваць агульны капітал, выкарыстоўваць яго як інвестыцыю ў будучыню, якая ўжо надыходзіць. Калі мы разам не будзем канструяваць будучыню, то пакінем гэту магчымасць апанентам.

«Літоўскія СМІ пішуць звычайна досыць стрымана»

Радуе, што ў асноўным у літоўскім грамадстве няма негатыўнага стаўлення да беларусаў нават зараз, калі літоўскія медыя шырока асвятляюць скандал вакол так званай «тэорыі літвінізму». Літоўскія СМІ пішуць звычайна досыць стрымана. Лейтматывам гучыць думка, што гэты канфлікт узмацняе палітычны лагер, які хоча абмежаваць правы беларусаў як эмігрантаў. І гэта працуе на карысць некаторых партый, якія зараз змагаюцца за месца ў парламенце на выбарах. Дэмакратыя – гэта канкурэнцыя, хацелася б, каб гэта была канкурэнцыя ўсё ж такі за выпрацоўку найлепшых рашэнняў, але ж гэта не заўсёды так. Калі не хапае моцы і ўплыву прасунуць сваю прапанову, могуць выкарыстоўвацца і такія рычагі. Спрэчка палітычных цэнтраў Літвы, падтрымліваць ці не беларусаў, сведчыць аб недахопе новых сэнсаў суіснавання і супрацы двух народаў. Мы, на жаль, не паспяваем аднаўляць сэнсы ў адпаведнасці з бягучым часам.

Філосаф Уладзімір Мацкевіч. Крыніца: Телеграм-канал «Думаць Беларусь»

«Мне зараз вельмі не хапае філосафа Уладзіміра Мацкевіча»

Мы размаўлялі пра гісторыкаў, палітыкаў, камунікатараў, але ж забылі пра філосафаў, адмыслоўцаў па светапоглядзе. Мне зараз вельмі не хапае філосафа Уладзіміра Мацкевіча, з якім мы раней моцна спрачаліся. Філосаф у турме. Гэта той чалавек, які можа ствараць сэнсы і досыць устойлівыя наборы каштоўнасцяў, уцягваць людзей у іх абмеркаванне. Мне падаецца, што зараз не хапае такіх дыскусій. Таму кожнаму і кожнай варта думаць, хто мы, куды ідзем і якія нашы мэты. Нам часам падаецца, што мы гэта добра ведаем, але ж гэта не так – час не стаіць на месцы.

Вучыцца думаць самастойна – «Думаць Беларусь», як казаў Мацкевіч. Крытычнае мысленне патрабуе ад чалавека намаганняў і рэсурсаў, гэта бывае досыць балюча.

Ведаеце, я нядаўна пазнаёміўся з частковымі вынікамі аднаго сацыялагічнага даследавання. Гэта была частка глыбінных інтэрв’ю з рэспандэнтамі, якія зараз жывуць у Беларусі. Гэта розныя людзі па стаўленні да ўладаў, апазіцыі, дэмакратыі і іншых пытанняў. Лейтматыў, які мяне здзівіў у тых інтэрв’ю: беларусаў, якія адначасова супраць саюза і з ЕС, і з Расіяй (а такіх даволі шмат): прэтэнзіі да ЕС у асноўным эканамічныя (кшалту таго, што ЕС «не дасць нам гандляваць нашымі буракамі/бульбай» ці «разбурыць нашую прамысловасць»), а вось да Расіі прэтэнзіі носяць палітычны характар (то бок людзям не падабаецца, што Расія «пачынае ціснуць» як толькі мінімальна адчувае сябе «у рэсурсе»).

Мяркую, што беларусы больш адчуваюць сябе еўрапейцамі і не бачаць Расію як бяспечнага партнёра, якога немагчыма замяніць і з якім можна канчаткова дамовіцца. З якім можна гуляць па правілах. І гэта ў нейкім сэнсе дае разуменне, да чаго гатовы і не гатовы беларусы. Сітуацыю са стаўленнем да ЕС змяніць лягчэй, калі даць канкрэтныя факты аб эканамічным стане. Параўнанне свайго месячнага заробку з заробкам літоўца за тры ці пяць дзён можа спрацаваць вельмі пераканаўча. І ў гэтым частковы адказ на пытанне, што нам варта сёння абмяркоўваць з літоўцамі.

Светапоглядныя пытанні, хто такія беларусы, што значыць зараз быць беларусам, што такое беларускасць, які гэта набор каштоўнасцей і дзе тут месца гістарычнаму наратыву, заўсёды варта абмяркоўваць, каб супакоіцца, захаваць годнасць і пабачыць той шлях наперад, які сёння нам захінаюць гісторыя са скандалам вакол літвінізму, дыктатура, уплыў суседняй імперыі, прапаганда ці нешта яшчэ.

Хорошо 3
Смешно
Грустно
Злюсь
Кошмар
Поделиться:

Смотрите также

Польша стала пристанищем для многих беларусов, спасающихся от репрессий, и бегущих от войны украинцев. А ещё – главной мишенью для беларусских пропагандистов. Чтобы дискредитировать Польшу, они манипулировали историей и использовали миграционный кризис на границе Беларуси и ЕС.

Аналитика и обзоры

Мнения

Мониторинг СМИ

Тренды

Всячина

Видео

Тесты