Тэст 21+, пераказ гарадскога летапісу і нават трошкі прапаганды. Што засталося ад беларускай мовы ў СМІ, якія маніторыць Media IQ?
Да Дня роднай мовы расказваем, хто з 19 СМІ ў нашым медыяманіторынгу і як часта звяртаецца да чытачоў па-беларуску. І ці аддае мове толькі «нямасавыя» тэмы культуры і гісторыі.
«Лукашэнка прадаў мову за сваю падтрымку Расеяй»
У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы – беларуская і руская. Але тыя ж дзяржаўныя СМІ аддаюць перавагу рускай. Ды і не ўсе прыватныя медыя ставяць беларускую на першае месца. Як адна з магчымых прычын гэтага – выкарыстанне мовы, на якой не гаворыць большасць, звужае кола патэнцыйных чытачоў.
Моўнае пытанне ў айчынных СМІ закрануў журналіст «Б*лсат TV» і «Р*дыё Св*бода», палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў у відэа Media IQ пра 30 гадоў станаўлення незалежнай Беларусі і журналістыкі. Па меркаванні Цыганкова, мы ўспрымаем як норму, што беларускія тэлеканалы амаль на сто адсоткаў рускамоўныя, пры гэтым яшчэ ў годзе 1998-99-м яны былі беларускамоўныя. На рускую паступова перайшлі і раённыя выданні.
– Амаль усе раёнкі былі беларускамоўныя, нікому ў савецкі час гэта не перашкаджала. Усе людзі гэта ўспрымалі як норму, – распавёў Цыганкоў. – Пры Лукашэнку гэта стала ўсё пераходзіць на расейскую мову, гэта было гвалтоўнае дзеянне дзяржавы. (…) Паколькі, умоўна скажам, [Аляксандр Лукашэнка] прадаў мову і частку суверэнітэту за сваю падтрымку Расеяй. То бок гэта ён рабіў, каб Расея яго падтрымлівала, каб успрымала яго сваім, калі ён казаў, што «я рускі большы, чым рускія», «мы – рускія са знакам якасці» і гэтак далей.
Усё гэта высмоктвала з Расеі эканамічную падтрымку ў абмен на фактычнае змаганне з беларускай мовай.
Пры гэтым яно супадала і з яго асабістымі меркаваннямі. Тое, што мы ведаем пра яго, а я яго бачыў з 91 года ў Вярхоўным савеце, то гэты чалавек ніколі не быў прыхільнікам беларускай мовы, успрымаў яе як перашкоду. Таму тут супалі і асабістыя, і палітычныя інтарэсы.
Ад гісторыі пяройдзем да сучаснасці. Мы прааналізавалі 19 СМІ, што ўваходзяць у маніторынг Media IQ. Але гэтым разам не правяралі іх на адпаведнасць журналісцкім стандартам, прапаганду ці маніпуляцыі, а звярталі ўвагу, як у іх прадстаўлена беларуская мова – якое месца займае і якія тэмы ахоплівае.
Тэлеканалы: беларускамоўны прапагандыст і навіны рэгіёнаў
Media IQ маніторыць тры дзяржаўныя тэлеканалы – «Беларусь 1», АНТ і СТБ. Аднак на іх галоўныя навіны па-беларуску вы не пачуеце. Пераключайце на «Беларусь 3» – праўда, там вам па-беларуску раскажуць толькі пра культурнае жыццё краіны. Але не спяшайцеся пераходзіць да іншага раздзелу гэтага тэксту.
На «Беларусь 1» можна паслухаць на беларускай мове пра надвор’е і народныя прыкметы раз ці два на тыдзень. А кожную суботу – нават навіны, няхай не рэспублікі ці свету, а рэгіёнаў. Уключайце тэлевізар ці анлайн-трансляцыю а 15:15 і ўбачыце паўгадзінную выніковую праграму рэгіянальных навін «Краіна». Яе вядучы Павел Лазовік і карэспандэнты размаўляюць па-беларуску, а вось героі – звычайна па-руску ці на трасянцы. Яшчэ «Беларусь 1» – адзіны з трох тэлеканалаў мае беларускую версію сайта, акрамя рускай і ангельскай.
На сайце СТБ знайсці сляды беларускай мовы складаней. Спачатку таксама трапляецца праграма з рэгіянальнымі навінамі – «Центральный регион». Ды і то, на мове там знайшоўся толькі адзін сюжэт пра батлейку ад 19 студзеня 2022-га. Але і СТБ мае свой «скарб» – аўтарскую праграму дэпутата Палаты прадстаўнікоў, гісторыка і адданага прыхільніка Лукашэнкі Ігара Марзалюка.
СТБ заўважыў Марзалюка ў красавіку 2019-га, калі той расчуліўся падчас выступу Аляксандра Лукашэнкі з Пасланнем беларускаму народу. Кадры з эмацыйным Марзалюком сталі мемам, а СТБ вырашыў «выкарыстаць харызму і неабыякавасць дэпутата» і запрасіў вядучым у ток-шоу «В обстановке мира». З часам ток-шоу ператварылася ў аўтарскую праграму, дзе Марзалюк згодна з дзяржаўнай ідэалогіяй трактуе беларускую гісторыю і сучасныя падзеі ў краіне.
«Невероятный змагар». Как госСМИ используют беларусский язык для дискредитации
Мы не ўспомнілі б пра шараговага дзяржпрапагандыста, калі б ён не вёў сваю праграму па-беларуску… з большага. Не ва ўсіх выпусках Марзалюк выказваецца на мове. Так, у перадачы 6 студзеня гэтага года Марзалюк па-руску разважаў пра гісторыю права ў Беларусі з нагоды будучага рэферэндуму па зменах у Канстытуцыю. 16 снежня мінулага года дэпутат на рускай мове каментаваў свежы закон «О геноциде белорусского народа».
А вось пошук па сайце і ў тэлепраграме АНТ не даў беларускамоўных вынікаў.
Нацыянальныя медыя: беларуская мова перадусім і «для птушачкі»
У гэтым раздзеле мы разгледзім адразу дзевяць анлайн-медыя. Пачнем з дзяржаўных, пакуль далёка ад іх не адышлі. Гэта газета Адміністрацыі Лукашэнкі «СБ. Беларусь сегодня» і інфармацыйнае агенцтва БелТА.
На сайце БелТА беларуская – адна з шасці даступных моў, разам з рускай, ангельскай, нямецкай, гішпанскай і кітайскай. Аднак заўважна, што асноўная версія сайта – руская. У суботу 19 лютага а 17 гадзіне па мінскім часе ў навіновым блоку беларускай версіі сайта БелТА апошняе паведамленне было размешчана а 20 гадзіне мінулага дня (відаць, таму што не паспелі ў выходны перакласці апошнія навіны з рускай). У гэты ж час на самым бачным месцы галоўнай старонкі сайта знаходзіўся матэрыял за 18 лютага пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. У рускай версіі замест яго – артыкул за 19 лютага, зноў пра Лукашэнку і Пуціна, але на гэты раз пра іх удзел у стратэгічных вучэннях Узброеных Сілаў Расіі. У рускай версіі сайта БелТА больш рубрык – у беларускай адсутнічаюць блокі «Регионы», «Пресс-центр», «Происшествия», «Афиша», «Технологии», «Калейдоскоп».
На сайце газеты «СБ. Беларусь сегодня» выбраць мову не атрымаецца – усё па-руску. 19 лютага а 17:30 на галоўнай старонцы знайшоўся толькі адзін тэкст на беларускай мове – прысвечаны Дню роднай мовы. Аўтар пачынае артыкул знакамітай цытатай Францішка Багушэвіча «Не пакiдайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлi…». У публікацыі гаворыцца пра вынікі апытання беларусаў, якое з нагоды Міжнароднага дня мовы правёў Інстытут сацыялогіі НАН. У студзенi – лютым у апытанні паўдзельнiчалi «900 чалавек з Мiнска, абласных i раённых цэнтраў, а таксама з вёсак Беларусi». Паводле вынікаў, на пытанне «Цi можаце вы свабодна чытаць i размаўляць на беларускай мове?» cтаноўча адказалi амаль дзве трэцi рэспандэнтаў, чытаюць па‑беларуску 51,2 %. Колькі апытаных размаўляюць на мове ў паўсядзённым жыцці, спецыялісты Інстытута не пацікавіліся, затое парадаваліся, што «мова карыстаецца вялiкай павагай сярод навукоўцаў».
Праз пошук па сайце «СБ. Беларусь сегодня» знайшлося даволі шмат тэкстаў на беларускай мове за гэты люты. Праўда, большасць надрукаваны ў «Народнай газеце» і «Сельскай газеце», якія разам з «СБ» уваходзяць у холдынг «Издательский дом «Беларусь сегодня».
Пераходзім да прыватных выданняў. Тут можна вылучыць вялікую групу медыя з дзвюма версіямі сайта – рускай і беларускай. Гэта «Б*лсат TV», Eur*radio, «Н*ша Н*ва», «Р*дыё Св*бода», «Спутник Беларусь» (беларускае агенцтва МІА «Россия сегодня»). Аднак у сайтаў кожнага з іх заўважныя свае нюансы.
З беларускамоўнай старонкі стартуюць «Б*лсат TV» (можна выбраць паміж рускай, беларускай, ангельскай і польскай версіямі), Eur*radio (тут тры версіі разам з ангельскай), «Н*ша Н*ва» і «Р*дыё Св*бода». Дарэчы, «Р*дыё Св*бода» адзінае карыстаецца тарашкевіцай, або беларускім класічным правапісам, вядомым з 1918 года дзякуючы Браніславу Тарашкевічу. Рускамоўная версія найперш адкрываецца ў «Спутник Беларусь».
Калі ва ўсіх названых медыя руская і беларуская версіі супадаюць поўнасцю ці з неістотнымі адрозненнямі, то дзве версіі сайта «Спутник Беларусь» – два блізкія, але не аднолькавыя сусветы. Так, рускамоўныя чытачы бачаць больш навін пра сумесныя беларуска-расійскія вучэнні «Саюзная рашучасць-2022» і выказванні Лукашэнкі супраць Захаду, а беларускамоўныя – матэрыялаў пра Саюзную дзяржаву.
Галоўную старонку ў рускай версіі пазбавілі рубрык «Культура» і «Спадчына», затое дадалі блок «Картина дня». Пераклад рускіх загалоўкаў на беларускую не заўсёды карэктны – так, нам трапіўся выраз «замак з прывядзеннямі».
У іншых чатырох медыя ёсць цікавыя знаходкі, якія сведчаць пра асаблівыя адносіны да беларускай мовы. У «Р*дыё Св*бода» гэта праект «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам», які ўключае пазнавальная тэксты, аўдыё, відэа і анімацыю па тэме белмовы. У «Б*лсат TV» – аднайменная з папулярнымі курсамі беларускай мовы праграма «Мова Нанова». Яе вядучы Віктар Шукеловіч дапамагае гледачам засвоіць новыя словы, формы і правілы, у тым ліку праз гутарку з гасцямі. Раім паглядзець выпуск з пісьменніцай Святланай Курс пра секс ва ўяўленні беларусаў. «Н*ша Н*ва» мае рубрыку «Мова». Праўда, абнаўляецца яна не надта часта – раз на адзін ці два месяцы, і ў асноўным змяшчае навіны пра новыя праекты, прысвечаныя беларускай мове. Што да Eur*radio, то яго візітоўкай стала беларускамоўная аўтарская праграма «Ідэя Х» рэдактара Eur*radio Змітра Лукашука і маскоўскага філосафа Максіма Гарунова. Штотыдзень у прамым эфіры яны пытаюцца ў выбітных беларусаў пра нашу нацыянальную ідэю. Вынікам гэтых гутарак у 2020-м стала кніга «Беларуская нацыянальная ідэя», якую ў нашай краіне прызналі экстрэмісцкай у сакавіку мінулага года.
З агульнанацыянальных выданняў у маніторынгу Media IQ засталіся Z*rkalo.io і Onliner. Што ў іх з беларускай мовай?
У выпадку з Z*rkalo.io істотны кантэкст. Гэтае медыя паўстала ў ліпені 2021-га высілкамі каманды аднаго з найбуйнейшых анлайн-выданняў Беларусі T*T.BY пасля таго, як яго зруйнавалі беларускія ўлады. T*T.BY перыядычна публікаваў тэксты на мове, а з 25 красавіка 2021 года разам з Onliner і «Трыбунай» абвясціў «беларускамоўную нядзелю»: пачаў друкаваць частку тэкстаў па-беларуску па нядзелях, каб нагадаць чытачам, наколькі важная родная мова для нацыянальнай культуры. На жаль, Z*rkalo.io гэтую традыцыю не падтрымала. 18 лютага на галоўнай старонцы выдання не знайшлося ніводнай цалкам беларускамоўнай публікацыі. Пошук па сайце выдаў два артыкулы на беларускай мове. Адзін апублікаваны 30 верасня 2021-га і прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. Другі распавядае гісторыі людзей, што перайшлі на беларускую мову. Гэты матэрыял Z*rkalo.io перадрукавала з блога «Отражение». І ў першакрыніцы, і ў Z*rkalo.io назва гэтай публікацыі рускамоўная – магчыма, каб павялічыць ахоп аўдыторыі. Рэшта іншых матэрыялаў утрымлівае толькі цытаты герояў, што выказваліся па-беларуску.
Onliner жа ў студзені 2022-га запусціў беларускамоўную старонку і так пракаментаваў гэта:
«Мы прызвычаіліся да таго, што беларускамоўныя тэксты на Onliner — альбо пра гісторыю, альбо пра культуру. Але ж цяпер у вас ёсць магчымасць чытаць па-беларуску літаральна пра ўсё. Штотыднёва мы перакладаем з рускай мовы некалькi найцікавейшых тэкстаў і змяшчаем іх на гэтай старонцы. Узбагачайце свой слоўнікавы запас i атрымлівайце асалоду ад роднай мовы».
На беларускамоўнай старонцы Onliner раім пачытаць цыкл публікацый аб побытавай гісторыі беларусаў – даведаецеся, напрыклад, як нашыя продкі падтрымлівалі асабістую гігіену, ставіліся да алкаголю і псіхічнага здароўя і як гаварылі пра секс. А яшчэ не прапусціце пазнавальную рубрыку пра беларускія гаворкі, асабліва калі вам падабаўся падобны спецпраект, які Onliner рабіў у 2019-м.
Рэгіянальныя СМІ: незвычайныя беларускамоўныя праекты і публікацыі
Аднак не толькі буйныя медыя могуць пахваліцца захапляльнымі праектамі і матэрыяламі пра белмову. Мы пераканаліся ў гэтым, калі зазірнулі на інтэрнэт-старонкі сямі рэгіянальных выданняў з нашага медыяманіторынгу.
Пачнем з самага беларускамоўнага – гарадзенскага прыватнага гарадскога сайта Hr*dna.l*fe. Ён мае дзве версіі, асноўная – беларуская, аднак у ёй сустракаюцца і артыкулы на рускай. 18 лютага каля 12 гадзін па мінскім часе на галоўнай старонцы сайта ў беларускай версіі мы налічылі 16 рускамоўных матэрыялаў сярод 46. Некаторыя тэксты можна пачытаць толькі па-руску. Адзін матэрыял на беларускай мове «схаваўся» ў рускамоўнай версіі – «Тэст: Якія фільмы здымалі ў Гродне?». Адзначым цыкл «Гарадзенская азбука» – артыкулы пра цікавосткі Гродна, кожнаму з якіх адпавядае адна з літар алфавіту: А – Ажэшка, Б – Баторый, В – Вітаўт і так далей. Дарэчы, сёлета да Дня роднай мовы Hr*dna.l*fe падрыхтаваў для чытачоў набор з 10 кубікаў «Гарадзенская азбука», а хутка выйдзе і аднайменная кніга.
На галоўнай старонцы сайта прыватнай гарадской газеты «Вечерний Бобруйск» удзень 18 лютага мы не знайшлі матэрыялаў на беларускай мове. Але ўвогуле гэта магчыма, асабліва шмат тэкстаў трапляецца на тэму гісторыі. Так, з ліпеня 2021-га прыблізна два разы на месяц «Вечерний Бобруйск» публікуе гістарычныя артыкулы пад агульнай назвай «Магілёўскі хранограф». Яны абапіраюцца на «Магілёўскую хроніку» – гарадскі летапіс, што ствараўся на працягу ХVІІ – ХІХ стагоддзяў – і распавядаюць, як жылі магілёўцы 400 год таму. На жаль, апошні тэкст «Магілёўскага хранографа», які можна знайсці на сайце, датуецца 29 кастрычніка.
Яшчэ з цікавага: у траўні мінулага года аўтар «Вечернего Бобруйска» Ірына Хамрэнка-Ушакова напісала пра тое, як «падзеі 2020 года» падштурхнулі яе размаўляць па-беларуску.
Прыватная слуцкая газета «Інфа-Кур’ер» 18 лютага таксама не прапанавала беларускамоўныя тэксты на галоўнай старонцы. У рубрыцы «Слуцк» з навінамі горада і раёна з 1 па 18 лютага мы налічылі чатыры публікацыі на беларускай, тры з якіх прысвечаны гісторыі Слуцка. Нечаканай знаходкай стаўся тэст 21+ да Дня роднай мовы-2018 «Ці ўмееце вы лаяцца на роднай мове».
У той жа дзень, 18 лютага, праглядзелі галоўную старонку прыватнага навіновага інтэрнэт-выдання Лунінца, Століна і Пінска «Медиа-Полесье». І зноў не ўбачылі матэрыялаў на беларускай мове. Затое праз пошук знайшлі беларускамоўныя тэксты па гісторыі і культуры. Так, у лістападзе мінулага года «Медиа-Полесье» сцвярджала, што прарасійскія эксперты разгарнулі супраць беларусаў інфармацыйную вайну. У якасці прыкладу выданне спаслалася на кандыдата гістарычных навук Аляксея Хацеева, які засумняваўся, што ў Віцебску мусіць стаяць помнік князю Альгерду. «Медиа-Полесье» даказала, што помнік там на сваім месцы.
Дапоўнім гэтую карціну аглядам трох дзяржаўных рэгіянальных выданняў. Спойлер: у аднаго з іх на галоўнай старонцы 18 лютага ўсё ж знайшліся публікацыі на белмове – нават не адна, а дзве.
На сайце газеты «Вечерний Брест» амаль усе матэрыялы – на рускай. На беларускай мове выходзіць усяго некалькі публікацый на год па тэме культуры, большая частка прымеркавана да Дня роднай мовы. Так, у мінулым годзе выйшаў артыкул пад назвай «21 лютага – Дзень роднай мовы. Праблема з ёй толькі у галовах?» пра сярэднюю школу № 4 у Іванаве – «адзіную на Берасцейшчыне гарадскую школу, дзе амаль усе прадметы выкладаюць па-беларуску».
А вось знайсці беларускамоўны тэкст на сайце абласной газеты «Могилёвские ведомости» – сапраўдны чэлендж. Нават артыкулы з нагоды Дня беларускай мовы не кожны год пісаліся на гэтай самай мове. Напрыклад, па-беларуску выйшлі тэксты ў 2016-м, 2017-м і 2019-м. А ў тэматычных публікацыях у 2018, 2020, 2021, 2022 гадах беларускія словы можна было знайсці хіба на ілюстрацыях да рускамоўных тэкстаў.
Надышоў час раскрыць інтрыгу. Адразу два матэрыялы на белмове прысутнічалі ўдзень 18 лютага на галоўнай старонцы сайта газеты «Витебские вести». І яны не пра культуру! У першай публікацыі расказваецца пра тое, як старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін абмеркаваў падрыхтоўку да рэферэндуму з калектывам нафтабазы РУП «Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт». А ў другой гаворка ідзе пра тое, як у Германавіцкай сярэдняй школе Шаркаўшчынскага раёна школьнікам расказваюць пра подзвіг землякоў падчас ВАВ.
Media IQ
Фота на галоўнай і ў сацсетках: mogilevnews.by
Чытайце таксама: