Ад «бацькі нацыі» да «адзінства праз рознасць»: як адрозніваліся навагоднія звароты Лукашэнкі і Ціханоўскай
Эміль Дзюркгейм пісаў пра рытуалы як пра «сацыяльны клей» — механізм, што аб’ядноўвае супольнасць праз агульныя сімвалы, практыкі і перажыванні. Навагодні зварот палітычнага лідара — гэта менавіта такі рытуал: момант калектыўнай увагі, калі мільёны людзей адначасова слухаюць адно пасланне. Праз яго транслюецца не толькі віншаванне, але і мадэль грамадства — хто мы, як мы звязаны адно з адным, дзе наша месца ў свеце.
Параўнанне навагодніх пасланняў Святланы Ціханоўскай і Аляксандра Лукашэнкі на 2026 год паказвае дзве канкуруючыя версіі такога «клею» — два розныя спосабы будаваць беларускую супольнасць.
Гарызантальнасць супраць вертыкалі
Найбольш прыкметнае адрозненне — у самой архітэктуры зваротаў. «Навагодняе віншаванне Святланы Ціханоўскай і дэмакратычных сілаў» пабудавана па гарызантальнай мадэлі: акрамя Ціханоўскай, у ім выступілі Марыя Калеснікава, Павел Севярынец і Павел Латушка — людзі з розных асяродкаў, з рознымі гісторыямі і ролямі ў беларускім руху. Такая структура нетыповая для постсавецкай прасторы, дзе палітычная камунікацыя традыцыйна будуецца вакол адзінага лідара.
Гэты прынцып «адзінства праз рознасць» быў артыкуляваны ў самім тэксце звароту: «Мы — беларусы — усе розныя. У нас розныя лёсы, розныя погляды і шляхі. І менавіта ў гэтай разнастайнасці — наша сіла».
«Новогоднее обращение Президента Беларуси Александра Лукашенко к белорусскому народу», наадварот, вытрымана ў класічнай вертыкальнай парадыгме: адзіны прамоўца звяртаецца да «агромністай беларускай сям’і» з пазіцыі бацькі нацыі. Гэта традыцыйная іерархічная мадэль, у якой камунікацыя ідзе зверху ўніз.
Жанчына як аб’ект, а не суб’ект
Лукашэнка абвясціў 2026 год Годам беларускай жанчыны, суправадзіўшы гэта шматлікімі кампліментамі: «Нічога больш дасканалага, чым яна, прыродай не створана!» Аднак рытарычная структура звароту паслядоўна змяшчае жанчыну ў дапаможную ролю: «Хай наша жанчына-працаўніца з усмешкай сустракае свайго мужчыну, які служыць ёй апорай і абаронай». Жанчына тут — аб’ект захаплення і аховы, але не самастойны дзеяч.
Гэты падыход можа быць эфектыўным у кансерватыўных сегментах аўдыторыі, асабліва сярод жанчын старэйшага ўзросту, якія складаюць значную частку электарату. Аднак ён кантрастуе з рэальнасцю, у якой менавіта жанчына — Святлана Ціханоўская — з’яўляецца галоўным палітычным апанентам рэжыму.
Мілітарызацыя пад мірнай рыторыкай
Зварот Лукашэнкі пачынаўся з падкрэсленай мірнай рыторыкі ў пажаданні да 2026 году, каб ён быў «у першую чаргу — мірным. Мірным і бяспечным, і не толькі для Беларусі». Аднак у тэлевізійнай версіі гэтаму папярэднічала дэманстратыўная сцэна са званком міністру абароны Віктару Хрэніну. Такое спалучэнне — свядомы маніпулятыўны прыём: спачатку актывуецца жаданне міру, а потым гледачу паказваюць, што гэты мір трымаецца на ваенных.
Паводле логікі звароту, Беларусь знаходзіцца ў варожым атачэнні, і менавіта гэта апраўдвае кансалідацыю вакол дзеючай улады. Словы пра мір служаць падрыхтоўкай да прыняцця мілітарызацыі.
Зварот дэмакратычных сілаў таксама закранае тэму вайны, але з іншай пазіцыі. Ціханоўская прама называе праблему: «Дроны працягваюць лётаць у нашым небе. Будуюцца ваенныя заводы, снарады для краіны-агрэсара. Размяшчаюць «Арэшнік» і ядзерную зброю — ператвараючы Беларусь у ваенную мішэнь». Тут мілітарызацыя падаецца не як абарона, а як пагроза.
Адсутнасць вобраза будучыні
Характэрна, што ў навагоднім звароце Лукашэнкі практычна адсутнічае вобраз будучыні (хаця калі 31 снежня падчас візіту на завод «Гарызонт» ён гаварыў пра беларускіх робатаў, якія будуць даіць кароў, то там ён выбраў пазітыўную пляцоўку для выступу і стварэння «вобразу будучыні»: «Мне прапанавалі варыянты. Я сказаў: «Я паеду ў будучыню». Вы — будучыня краіны. Такія прадпрыемствы, як вы, — будучыня краіны»). Фраза «Што я зраблю ў новым годзе для сваёй Беларусі?» — гэта працяг шматгадовай рыторыкі «гадоў якасці», якая ператвараецца ў бюракратычную справаздачнасць без змястоўнага напаўнення.
Зварот дэмакратычных сілаў, наадварот, арыентаваны ў будучыню. Ціханоўская фармулюе яе праз слова году — «надзея»: «Надзея, што скончыцца вайна… Сем’і ўз’яднаюцца. Вернецца мір ва Украіну, і Беларусь нарэшце перастане быць закладніцай тыранаў». Латушка заклікае дзяржаўных служачых падумаць, «які след вы хочаце пакінуць пасля сябе».
Высновы
Два навагоднія звароты прапануюць дзве версіі «сацыяльнага клею». Зварот дэмакратычных сілаў будуе салідарнасць праз прызнанне рознасці і агульнае дзеянне — гэта мадэль, блізкая да таго, што Дзюркгейм называў «арганічнай салідарнасцю», заснаванай на ўзаемадапаўненні. Зварот Лукашэнкі абапіраецца на «механічную салідарнасць» — аднароднасць, агульныя традыцыі і патэрналісцкую фігуру, якая ўвасабляе калектыўную свядомасць.
Абодва звароты працуюць на свае мэтавыя аўдыторыі. Пытанне ў тым, які тып сувязі — і які тып грамадства — лепш адпавядае выклікам, з якімі сутыкаецца Беларусь.