«Расследаванні ў Беларусі рабіць цяжэй, але глебы для іх нашмат больш, чым дзе-небудзь»
На рахунку Беларускага расследавальніцкага цэнтра («Цэнтр») — дзесяткі расследаванняў. Кіраўнік «Цэнтра» Станіслаў Івашкевіч распавёў, чаму з 2020 года працаваць стала крыху лягчэй, чым займаецца фактчэкер і дзе схаваныя грошы беларускай улады.
Кратко
- «У нас ні палітыкі, ні депутаты, ні чыноўнікі не падаюць публічных дэкларацый»
- «Галоўны крытэр – грамадская важнасць расследавання»
- «Чыноўнікі, якія варочаюць мільёнамі, і зарабляць хочуць мільёны»
- «Мы не можам даказаць, што Лукашенка не набраў 80 адсодкаў»
– Расследавальніцкая журналістыка лічыцца ў журналісцкай супольнасці вышэйшым гатункам. Чаму?
– Таму што, па-першае, для расследавання мала проста выкласці факты, мала пагрузіцца, знайсці дадатковых людзей, нейкі інсайд, мала правесці рэсёрч. Трэба зрабіць тэст гіпотэз, якія потым прыходзяць у тупік, і ўмець адмовіцца ад гіпотэзы, якая выглядае вельмі лагічна, але нават там ёсць малейшы нейкі вінцік, які можа накіроўваць вас у абсалютна іншы бок. Ну і, апрача ўсяго іншага, каб зрабіць расследаванне, журналіст у некаторых галінах павінен авалодаць імі нараўне з экспертамі. Таму што, як правіла, ў расследаваннях д’ябал хаваецца ў дэталях. Я памятаю ў расследаваннях па энергетыцы нам прыходзілася ўнікаць, чым адрозніваецца ў індустрыяльных катлах гарызантальны пучок ад вертыкальнага. А сутнасць была ў тым, што розніцы абсалютна ніякай няма, і тое, што заданне далі на гарызантальны пучок, каб пад аднаго толькі падрадчыка прыстасаваць гэты тэндар. І ўсё гэта трэба рабіць у абмежаваны час, у абмежаваных рамках, таму, па вялікім рахунку, расследавальнікі робяць усё тое, што робяць звычайныя журналісты, толькі мусяць гэта рабіць значна глыбей і значна хутчэй. Ну а потым яшчэ і выкласці трэба так, каб людзі нешта зразумелі з гэтага.
«У нас ні палітыкі, ні депутаты, ні чыноўнікі не падаюць публічных дэкларацый»
– У Беларусі расследавальніцкая журналістыка не вельмі добра развіта. Чаму?
– У нас было ўсё даволі кепска з гэтым вельмі доўгі час па той прычыне, што беларускія ўлады бадай што самыя закрытыя ў Еўропе, нават у параўнанні з Расеяй. Напрыклад, у нас на дзяржаўных закупах выстаўляюцца толькі абвестка і паведамленне аб тым, з якой цаной перамог нейкі гулец. У Расеі на сайце дзяржаўных закупаў вы ўбачыце, калі ў выніку што было дастаўлена, там будуць кантракты выстаўлены, якія былі змены і дадатковыя дамовы, што вельмі важна. У Беларусі ж, калі ўлады робяць тэндар і хочуць аддаць яго сваёй прыкарытнай нейкай канторы, то яны абвяшчаюць, умоўна кажучы, зрабіце нам велізарную работу за 1 долар. Таму ніхто на такі тэндар не падаецца, акрамя сваіх, якія кажуць: добра, мы пабудуем вам будынак за 1 доллар, але вось гэтае акно дашліфуем за яшчэ 2 мільёна даляраў. Нават у Расеі такое не можа прайсці, настолькі грубыя схемы.
Па-другое, у нас чыноўнікі прывучаныя абсалютна, што яны без пакарання могуць ні на што не адказваць альбо адказваць адпіскамі на розныя запыты. І ў прынцыпе гэта толькі адна дэталь, фінансавыя дакументы… У нас ні палітыкі, ні дэпутаты, ні чыноўнікі не падаюць дэкларацый публічных… І тое, з чаго пачынаецца расследаванне, напрыклад ва Украіне або ў Расеі, калі ты проста глядзіш дэкларацыю чыноўніка, у нас проста немагчыма. Таму ў нас не было вельмі доўгі час нават за што зачапіцца.
Зараз у Беларускім расследавальніцкім цэнтры сабраліся, па вялікім рахунку, усе журналісты, якія хоць неяк спрабавалі сябе праяўляць у расследаваннях да гэтага. Напрыклад, Алесь Ярашэвіч, які на «Навінах» працуючы, знайшоў, хто стаіць за таямнічым вялізным праектам біятэхналагічнай карпарацыі. Ён высветліў, што за невядомымі імёнамі стаіць атачэнне звергнутага прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, якім проста выдалі на новыя імёны пашпарты. Альбо па кантрабанднай схеме на 300 мильёнаў долараў на год таксама ён рабіў расследаванне, за якое атрымаў прэмію «Вольнае слова» у 2020 годзе.
Вольга Ратмірава, каардынатар і кіраўнік нашага расследавальніцкага аддзела, працавала ў перадачы СТБ «Добро пожаловаться». У гэтай перадачы, калі бабулі выдалі пратэрмінаванае малако, група «Добро пожаловаться» выязджае на месца разбірацца. Ну а Вольга, маючы схільнасць да расследаванняў, пачала гэтыя справы паглыбляць, спрабаваць займацца больш сур’ёзнымі тэмамі. У выніку генеральны дырэктар СТБ да яе прыбягаў у кабінет, каб пад яго надзорам перадалі ўсе флэшкі, калі яны глыбей крыху пачалі разбірацца з гандлёвым цэнтрам «Кальцо». Бо залезлі не туды, куды трэба. Адзін раз, потым другі раз, калі сын нейкай шышкі ў Следчым камітэце таксама вёў падазроны бізнес… Пасля гэтага раза яна і сыйшла, ну і неўзабаве мы пачалі працаваць разам. Аляксей Карпека таксама, відавочна, меў заўсёды да гэтага схільнасць, любіць Афрыку даследаваць.
Да нас далучыліся яшчэ некалькі чалавек, і разам мы акумулявалі такі інтэлектуальны мускул, якім можна было прабіць гэтую першую сцяну, проста падзяліўшы вялікую колькасць працы. І зараз у нас больш за 20 расследаванняў на год, што, у прынцыпе, больш, чым у многіх краінаў рэгіёну. Таму пра неразвітасць раследвальніцкай журналістыкі ў Беларусі — гэта старая інфармацыя. Зараз наша краіна вельмі нядрэнна выглядае у гэтым сэнсе на фоне суседзяў.
А ў 2020 годзе стала больш магчымасцяў: чыноўнікі пачалі зліваць інфармацыю, некаторыя з іх перайшлі ў апазіцыю, пачалі распавядаць розныя цікавыя рэчы, з’явіліся злівы кіберпартызанаў. І многія пачалі спрабаваць свае сілы ў расследаваннях. Калі раней у нас было 1-2 расследаванні на два гады, то цяпер ёсць розныя СМІ, якія выдаюць і па расследаванню на год, а некаторыя і па два. Але зразумела, нам нашмат складаней рабіць расследаванні, але ў нас нашмат большая глеба для іх.
– За апошнія 20-30 гадоў, калі інтэрнэт стаў такі ўсюдны, змянілася сама сутнасць працы? Зараз журналісты-расследавальнікі больш працуюць з адкрытымі гэтымі дадзенымі. І майстэрства ў тым, каб умець іх знайсці і сабраць. Як працавалі журналісты ў 70-80 гады? Ім было больш рызыкоўна?
– Рызыкоўна заўсёды працаваць з расследаваннямі. У другой палове 2010-х у Еўропе забіта шэсць журналістаў-расследавальнікаў.
– А вам пагражалі?
– Само сабой. Больш пагражалі судамі. Казалі завуалявана: куды вы лезеце? І гэтак далей. Супраць такіх пагроз самая галоўная зброя — гэта публічнасць. Самае горшае, што журналіст можа зрабіць, гэта пачаць паддавацца на пагрозы, і тады, як калі пачынаеш ўцякаць ад сабакі, ён хутчэй за ўсё цябе ўкусіць. Ну і мы кожны раз адказвалі: дзякуй за наводку, мы цяпер ведаем, куды трэба глыбей капаць.
– А тэхналагічна зараз усё ж прасцей працаваць?
– Тэхналагічна становіцца прасцей на сённяшні дзень расследаваць. Калі раней гэта ўсё было выключна на асабістых кантактах і нейкіх злівах, то зараз, калі ёсць такая вялікая колькасць інфармацыі ў інтэрнэце і столькі інструментаў, калі можна вылічыць, дзе якая дзесятая вада на кісялі прэм’ер-міністра адпачывала адначасова з Лукашэнка, напрыклад, і якім чынам на іх якія зарэгістраваныя фірмы. Гэта ўсё можна знайсці ў адкрытых дадзеных, так. Ну і плюс розныя інструменты пошуку па сацсетках, па геалакацыях. Яны ўвесь час паляпшаюцца, супраць іх прыдумляюцца контрінструменты, бо іх не толькі для добрых рэчаў можна скарыстоўваць.
– Вы сказалі пра гіпотэзу. Ці павінна яна быць, калі вы пачынаеце расследаванне, ці не?
– Так. Мы аналізуем, у якой галіне яўна нешта смярдзіць, і пачынаем вывучаць яе глыбей. І адразу прыкідваем, у чым можа быць гіпотэза зладзейства. Зладзейства — гэта злачынства з вялікай грамадскай шкодай. Мы тэсцім гэтую гіпотэзу. Важна пастаянна яе тэсціць. І пры гэтым не здавацца, калі яе цяжка дакапаць. Але, з другога боку, быць дастаткова гнуткім, каб, па-першае, пакінуць тое, што на сёння бесперспектыўна дакапаць, а гэта вельмі цяжка, таму што гэта азарт, калі ўжо столькі інвеставаў у гэта часу, здаецца, яшчэ крыху, яшчэ крыху… Але ў нейкі час трэба ўмець сказаць сабе «стоп». Ну і самае галоўнае, як мы кажам, «не закахівацца ў свае гіпотэзы». Гэта ўжо прыходзіць з досведам, таму што шмат разоў бывала такое, што невялічкая дэталька, якая ставіла ўсю працу насмарку, потым давала выхад на нашмат буйнейшую схему, чым тую, пра якую мы збіралі інфу… Напрыклад, ёсць у Беларусі такая буйная кампанія «Глобал Кастам», чыя дзейнасць вельмі часта перасякаецца з «Брэміна Груп» і лёгка было б паддацца на ўражанне, што гэта адна кантора. Але ў выніку шматлікія доказы паказваюць на тое, што гэта прыватны бізнес Віктара Шэймана. У нас на днях выйдзе пра гэта расследаванне.
«Галоўны крытэр – грамадская важнасць расследавання»
– Ці існуе адмысловая этыка журналіста-расследавальніка? Якія метады нельзя выкарыстоўваць ні ў якім разе?
– На самым пачатку расследаванняў мы сутыкаліся з гэтым пытаннем, кансультаваліся з нашымі партнёрамі з міжнароднай арганізацыяй расследавальнікаў OCCRP. Калі ў двух словах, заўсёды ёсць два крытэрыі: грамадская важнасць вашага расследавання, і другое — наколькі парушаюць закон тыя, хто не дае вам доступу да інфармацыі, на якую вы маеце законнае права.
– Схаваныя камеры дапушчальныя?
– Пры працы пад прыкрыццём. Зноў жа ўсё заўсёды ў гэтых двух крытэрах. Напрыклад, зараз мы атрымалі інфармацыю ад кіберпартызанаў, якія нам шмат дапамагаюць у расследаваннях, аб некаторых унуках Лукашэнкі, якія не так даўно нарадзіліся і пра іх ніхто не ведае. Інфармацыя для грамадскасці цікавая? Магчыма, так. І хайповая. Грамадскую важнасць гэтая інфармацыя зараз мае? На дадзены момант, пакуль яны непаўнагадовыя, — не. Таму ў гэтым выпадку нашы этычныя прынцыпы не дазваляюць скарыстацца гэтай інфармацыяй, таму мы такой інфармацыі не публікавалі.
– Ну нарадзіліся і нарадзіліся. І што?
– Ну як бы ўсім цікава…
– Нам ужо час адыходзіць ад цікаўнасці да гэтай персоны ва ўсім. Бо шмат ён займае нашай інфармацыйнай прасторы.
– Безумоўна, Лукашэнка вельмі ўмела грае на медыйным полі.
– Вось каб знайсці схаваныя багацці…
– Мы ўдзельнічалі як члены OCCRP у расследаванні па файлах Пандоры. І знайшлі даволі тыповыя схемы для беларускіх уладаў. Правая рука Лукашэнкі, Віктар Шэйман, прыязджае ў афрыканскую краіну, у Зімбабвэ, і кажа: мы вам будзем пастаўляць кучу аўтобусаў, грошай у вас няма, але ёсць прыродныя нераскапаныя рэсурсы, вы можаце нам аплочваць тавары правам здабываць гэтыя рэсурсы, у прыватнасці, золата. І абвяшчаецца, што беларуская дзяржаўная кампанія «Белпошук» у Зімбабвэ ўжо працуе і шукае золата. Але толькі потым мы высвятляем, што кампанія ўжо не дзяржаўная, а фірма, якая мае права на здабычу золата і атрымлівае даход з гэтых залатых радовішчаў, належыць Сейшэльскаму афшору, бенефіцыярам якога з’яўляецца сын Віктара Шэймана. То бок, беларускія дзяржаўныя заводы пастаўляюць тэхніку, а золата за гэта ідзе сыну Віктара Шэймана ў афшоры.
Падобная схема дзейнічае і ў Судане. Толькі там ужо сам Лукашэнка дамовіўся з Амарам Альбашырам, тагачасным прэзідэнтам Судана, што «мы вам тэхніку — вы нам узамен права капаць золата». У выніку золата капае «СОХРА ГРУПП», эмірацкая афшорка Аляксандра Зайцава, былога памочніка Віктара Лукашэнкі, ну і каб было зразумела, ён да 2012 года быў толькі памочнікам Віктара Лукашэнкі, а ў 2012 годзе адразу становіцца адным з найбуйнейшых гандляроў зброі, золатаздабытчыкам і адным з найбуйнейшых лагістаў.
Гэтыя рэчы нас часта саміх шакавалі.
«Чыноўнікі, якія варочаюць мільёнамі, і зарабляць хочуць мільёны»
– А вы не думалі рабіць альтэрнатыўныя расследаванні па справах, якія пачынае дзяржава? Напрыклад, пра тую ж справу траўматолагаў. Бо іх у чым толькі не абвінавачваюць, а як на самой справе?
– Мы ўжо зрабілі гэтае расследаванне. Яно прагучала ў большасці беларускіх СМІ, такіх як Зеркало, Наша Ніва ці Медыязона. Сутнасць у тым, што забаронены платныя аперацыі з пратэзамі ва ўсіх дзяржаўных клініках, у дзесятках месцаў, дзе людзі маглі гэта зрабіць за тры тысячы долараў, а пакінулі гэтае права толькі адной клініцы «Мерсі», якая звязаная з бізнесменамі, якіх называюць кашалькамі Лукашенка, Алексіным і Зайцавым. А зараз мы знайшлі сувязь, якая вядзе непасрэдна да асабістай сяброўкі сям’і Аляксандра Лукашэнкі. І гэта расследаванне мы апублікуем літаральна днямі.
Бо гэтая справа — тыповы прыклад, як працуе сістэма. Пакуль людзі думаюць, ці бралі гэтыя артапеды грошы, ці не, а можа, гэта палітыка, атрымліваецца проста вельмі цынічны спосаб скіраваць заробкі ў адну кішэню за кошт таго, каб звычайныя людзі плацілі ў тры разы больш.
– Якім чынам?
– Як дзейнічае гэтая сістэма? Ёсць беларускія пратэзы, якія бясплатныя, усе іх вельмі лаяць, але не думаю, што ўсё так трагічна. Высокі адсотак праблемаў з імі з-за таго, што, як мінімум, гэта больш інвазійная аперацыя. Таму многія людзі, а гэта, як правіла, пажылыя і рэдка заможныя, калі трэба, могуць аддаць апошнія зберажэнні, каб паставіць сабе імпартны пратэз за 3 тысячы долараў. А цяпер яны могуць гэта зрабіць толькі за 8 тысяч, бо няма выбару, апрача як ісці ў клініку «Мерсі» да сяброўкі сям’і Віктара Лукашэнкі. Мы бралі інтэрв’ю ў жанчыны, якая вымушана была прадаць лецішча дзеля такой аперацыі.
А ці бралі арыштаваныя артапеды хабар ці якія прэміі ад вытворцаў ці дылераў пратэзаў? Магчыма, хтосьці — так, а магчыма, што не.
Самае галоўнае, што гэта не ёсць матывацыя рэпрэсій супраць іх з боку ўладаў. Гэта ўсё не ёсць змаганне з карупцыяй, таму што ўся гэта гісторыя, пачынаючы ад загаду Лукашэнкі, вось гэта ёсць карупцыйная схема. Няма проста ніякага іншага тлумачэння — гэта проста схема па зарабленню грошай для атачэння сям’і Лукашэнкі.
Бо гэтыя грошы — гэта ўлада, гэта забеспячэнне лаяльнасці чыноўнікаў. Гэта і спосаб падкормлівання сілавікоў. Напрыклад, быў у нас намеснік старшыні КДБ і старшыня мытнага камітэту Дземянцей. Калі сышоў на пенсію, стаў генеральным дырэктарам «Брэміна Груп», якая займаецца кантрабандай у абодва бакі. Мы лавілі «Брэміна Груп» на кантрабандзе ў Расею кветак, калі Беларусь раптам стала адным з буйнейшых у свеце пастаўцоў кветак, такім кветкавым афшорам. А, напрыклад, фірму, звязаную з Шэйманам асабіста, «Глобал- кастом» — на тым, што яны возяць бязмытна турэцкую вопратку, якая аформлена ў дакументах як тканіна. І гэта на фоне таго, як Лукашэнка крычаў, што трэба абараніць наш беллехпром, уводзіліся сертыфікаты для іпэшнікаў, і збіраліся забараніць сэканд-хэнд.
Трэба сказаць, што схемы, якія мы раскрываем — гэта, як правіла, пра тое, як тое, што каштуе рубель, закупаюць за дзесяць у інтарэсах нейкага бліжняга да ўладаў кола. Але гэта не значыць, што дзевяць дзясятых ВУП — гэта карупцыя. Не. Але нават у такіх больш-менш прыбытковых галінах як калій, нафтапрадукты, ёсць свая кармушка накшталт мадэрнізацыі заводаў. І вельмі істотная праблема беларускай эканомікі ў тым, што, паколькі з гэтых кармушак кормяцца тыя чыноўнікі, якія вырашаюць стратэгічныя напрамкі ўсёй галіны, то яны і накіроўваюць усю гэтую галіну ў стратныя накірункі, каб, дзякуючы гэтаму, на асобным маленькім участку, сярод стратаў для ўсёй эканомікі, гэта прынесла ім незаконныя прыбыткі.
– Напэўна, кожны беларус у размовах з украінцамі ці з рускімі чуў пра тое, які ў Беларусі парадак, як у нас не крадуць… Насамрэч, мо ў нас і паболей карупцыі, чым ва Украіне? Гэта першае, што я думаю, вас слухаючы. А другое, напэўна, смешнае: каб яны направілі ўвесь гэты свой спрыт сапраўды на эканоміку, то можа, краіна і стала б эканамічна мацнейшая?
– Калі адказваць на першую думку, то карупцыі ва Украіне можа быць і больш, яна можа быць шырэй распаўсюджана, але яна проста менш упарадкавана і за кошт слабаватых інстытутаў улады. Гэта ў прынцыпе хвароба любога пераходнага часу, калі ты спачатку мусіш аслабіць інстытут улады, каб народ стаў крыніцай улады. А потым гэтую ўладу — па меры таго, як у цябе выпрацоўваюцца інстытуты кантролю, свабодныя выбары — трэба зноў умацоўваць, што ў прынцыпе ва Украіне мы зараз і назіраем.
А другое — людзі заўсёды праяўляюць спрыт у тым, каб атрымаць для сябе выгаду. Але ў рынкавай эканоміцы яны працуюць законна, уваходзяць у канкурэнцыю, напраўляюць свой спрыт і становяцца мільянерамі. У Беларусі, дзе насаджаецца дамінантнасць дзяржаўнай уласнасці, гэтыя чыноўнікі, якія варочаюць мільёнамі, хочуць і зарабляць мільёны. Вельмі шмат людзей свой спрыт могуць праявіць толькі такім чынам, каб накіраваць усю галіну ў страту. Таму што толькі так можна шмат зарабіць у эканоміцы, у якой дамінуе дзяржава. Калі б былі больш лёгкія законныя спосабы, яны б накіроўвалі свой спрыт на карысць ня толькі сабе, але і ўсяму грамадству.
Адказваючы ж на пытанні, дзе карупцыі больш — паводле чыстых лічбаў — дакладна ў Расеі і, верагодна, ва Украіне. Але ў Беларусі гэтыя карупцыйныя схемы значна больш абароненыя, чым ва Украіне краіне і маюць «дах» значна вышэй, чым ва Украіне краіне.
«Мы не можам даказаць, што Лукашенка не набраў 80 адсодкаў»
– Беларускі расследавацельскі цэнтр — член OCCRP. Што гэта за арганізацыя, наколькі цяжка туды патрапіць і што гэта значыць, што вы там?
– OCCRP — гэта найбуйнейшае аб’яднанне расследавальніцкіх медыя.
– Найбуйнейшая ў свеце?
– Адна з найбуйнейшых у свеце. Як мінімум у Еўропе. Ёсць яшчэ дзве арганізацыі: ICIJ — міжнародны кансорцыум журналістаў-расследавальнікаў, і GIJN — глабальная сетка журналістаў-расследавальнікаў.
Мы зараз з’яўляемся паўнапраўнымі членамі сеткі OССRP. Па сутнасці, мы карысталіся ўсімі выгадамі і ўсімі доступамі да іх інструментаў ужо дзесьці за год да гэтага. А членства азначала для нас адпаведнаць велізарнаму спісу іх крытэраў: колькасць расследаванняў, глыбіня расследаванняў, колькасць міжнародных аспектаў, фактчэк. Дарэчы, пасада фактчэкера — гэта важны момант, які адрознівае прафесійныя расследавальніцкія каманды. У нас яшчэ і юрыст у камандзе ёсць. Фактчэкер журналісту кажа: дай доказ на гэта, дай доказ на гэта, дай доказ на тое, што Лукашэнка — прэзідэнт Беларусі, згадкі ў СМІ не падыходзяць. А гэта цяжка даказаць. Тады фактчэкер кажа: ок, мяняйце фармулёўку. Ну і потым гэта вычытвае ўжо юрыст.
– А вы працягваеце Лукашэнка называць прэзідэнтам Беларусі?
– Не, ну гэта той выпадак, калі хутчэй за ўсё фактчэкер бы нам і зарубіў гэтую фармулёўку. Таму што тут магло ўзнікнуць пытанне ў легітымнасці. Хаця, з другога боку, напрыклад, у нашым «Антыфэйку» — гэта праект «Лукавые Новости», мы не можам расфэйчыць тое, што Лукашэнка набраў 80 з нечым адсоткаў, хаця ёсць шмат ускосных прыкметаў таго, што ён іх не набраў. Але паводле нашай сістэмы фактчэку мы гэта зняпраўдзіць не можам.
І такі фактчэк вельмі ўскладняе жыццё. Звычайна СМІ не могуць такога сабе дазволіць проста паводле часу, бо яны мусяць быць аператыўнымі. А расследаванне, калі ты ўжо і так пракапаў ад месяца да шасці (гэта звычайная вытворчасць расследаванняў), то лішнія два дні ці нават тыдні фактчэку ўжо асабліва нічога не мяняюць.
– Які можа быць вынік расследавання, акрамя публікацыі, акрамя розгаласу? Ці павінна нешта там змяніцца? Якія бываюць вынікі вашай працы?
– Гэта залежыць ад таго, у якой галіне расследаванне. Напрыклад, калі гэта тычыцца вяртанняў нейкіх грошай у бюджэт, то пасля шэрагу нашых публікацый пра «Белэнерга» была ў выніку праведзена рэформа «Белэнерга», былі выключаныя з гэтага канцэрну фірмы-прысоскі, якія адтуль выпампоўвалі грошы. Праўда, на месцы старых схемаў з’явіліся новыя.
Або быў выпадак, калі міністар аховы здароўя Піневіч пасярод дваровых пратэстаў у канцы 2021 году публічна запатрабаваў, каб адзін з буйных дастаўцаў Мінздароўя вярнуў «усё тое, пра што напісаў Белсат», бо відэаверсію таго расследавання мы абнародавалі на тэлеканале Белсат. У ім Вольга Ратмірава давяла фінансавыя сувязі шэрых схемаў гэтага дастаўцы з былым міністрам аховы здароўя Васілём Жарко. У выніку грошы былі вернутыя ў бюджэт.
Частка нашых расследаванняў заточаная на тое, каб адсочваць эфектыўнасць санкцый і тое, як ад іх сыходзяць тыя, супраць каго яны накладзеныя. Нашае апошняе акурат расследаванне перад тым, як мы далучыліся да OCCRP у сакавіку, было пра экспарт беларускіх нафтапрадуктаў. Еўразвяз забараніў увоз беларускіх нафтапрадуктаў: праходзіць паўгады, усе эканамісты кажуць, што гэта будзе кепска, а нічога кепскага няма, нафтаперапрацоўчыя заводы як працавалі, так і працуюць. Тады мы з нашымі эстонскімі партнёрамі Delfi Эстонія раскапалі, што яны працягваюць экспартавацца паводле іншага мытнага коду. І вельмі хутка адрэагавала Эстонія. У той жа месяц Еўразвяз забараніў гэтую схему. І вось толькі цяпер беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы спачатку некаторы час працавалі на склад, зараз у іх сканчаецца, дзе захоўваць гэтыя нафтапрадукты, і вось адзін завод спыняецца на доўгі капітальны рамонт, а іншы зніжае абароты. Гэта схема прыблізна была на паўмільярда долараў на год. Зараз Велікабрытанія ўвяла санкцыі супраць Саіда Гуцэрыева, сына Міхаіла Гуцэрыева. Мы разам з выданнем The Guardian знайшлі на 200 мільёнаў даляраў маёмасці ў Лондане, якая была запісана на афшорныя кампаніі, а бенефіцыярам гэтых афшораў быў Саід Гуцэрыеў, які не быў пад санкцыямі. Літаральна прайшло пару тыдняў, як Велікабрытанія ўвяла супраць яго санкцыі. Вось такія бываюць рэальныя эфекты.