Спорт, палітыка і гульня на нашых перакананнях
Жаночы баксёрскі турнір на Алімпійскіх гульнях у Парыжы стаў эпіцэнтрам скандалу, які выявіў складанасці ў разуменні гендарнай ідэнтычнасці, і прадэманстраваў, як крамлёўская прапаганда можа эксплуатаваць традыцыйныя погляды. Гэты выпадак паказвае, як нават прагрэсіўныя актары могуць міжвольна падтрымліваць патрыярхальныя наратывы, што робіць іх уразлівымі да дэзынфармацыі.
Гісторыя атрымалася шматслойная, дзе пераплецены спорт, палітыка, традыцыйныя каштоўнасці і складанае вызначэнне біялагічнага пола ў выпадках адрозненняў палавога развіцця або DSD. Тэрмін Differences of sexual development быў уведзены для замены больш старых і патэнцыйна стыгматызуючых тэрмінаў, такіх як «інтэрсэкс» ці «гермафрадытызм».
Коратка пра сутнасць
На Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы ўзнік скандал вакол алжырскай баксаны Іман Хеліф і прадстаўніцы Тайваня Лін Юй-Цін, якіх абвінавацілі ў тым, што яны быццам бы змянілі пол і атрымалі з гэтай прычыны канкурэнтныя перавагі перад суперніцамі. Гэтыя спартсменкі былі дапушчаны да ўдзелу ў жаночым боксе на Алімпіядзе пасля таго, як іх у 2023 годзе дыскваліфікавала Міжнародная асацыяцыя бокса (International Boxing Association, IBA). Выканаўчы дырэктар IBA Крыс Робертс заявіў, што не можа раскрыць вынікі тэстаў на адпаведнасць гендарным патрабаванням па прычыне абароны персанальных дадзеных, але Хеліф і Лін маюць копіі тэстаў. Хеліф спрабавала аспрэчыць рашэнне IBA, Лін гэтага не рабіла.
У сваю чаргу Міжнародны алімпійскі камітэт сцвярджае, што Хеліф і Лін сталі ахвярамі раптоўнага і самавольнага рашэння IBA без адпаведнай прававой працэдуры, а сама IBA з’яўляецца скампраметаванай арганізацыяй праз фінансавую непразрыстасць і сувязі з уладамі Расіі. IBA не ўдзельнічала ў алімпійскіх баксёрскіх спаборніцтвах з часоў Рыа-2016, прадстаўнікі шэрагу нацыянальных асацыяцый баксёраў выйшлі з IBA і стварылі новы кіроўны орган для баксёраў – World Boxing.
«Адпаведна з пратаколамі IBA, даступнымі на іх сайце, гэтае рашэнне першапачаткова было прынятае выключна генеральным сакратаром і генеральным дырэктарам IBA», – цытуе МАК агенцтва Reuters.
«У нас ёсць дзве баксаны, якія нарадзіліся жанчынамі, выраслі як жанчыны, у якіх ёсць пашпарты як у жанчын, і якія многа год спаборнічалі як жанчыны, і гэта ёсць дакладнае вызначэнне жанчыны», – сказаў 3 жніўня прэзідэнт МАК Томас Бах.
«Я шмат гадоў займаюся боксам у IBA, якая абышлася са мной несправядліва. Але Алах са мной», – цытуе The New York Times Іман Хеліф.
Пра адносіны МАК і IBA
IBA ўзначальвае расійскі спартыўны чыноўнік Умар Крамлёў (сапраўднае прозвішча Лутфулоеў), і яе асноўным спонсарам да апошняга часу з’яўляўся «Газпром». Адносіны паміж МАК і IBA канчаткова сапсаваліся пасля шырокамаштабнага ўварвання Расіі ў Украіну ў 2022 годзе. Прэзідэнт МАК Томас Бах сцвярджае, што дзеянні IBA з’яўляюцца часткай больш шырокай кампаніі, накіраванай на дыскрэдытацыю Алімпійскіх гульняў у Парыжы, з якіх Расія выключана праз вайну ва Украіне. Гэта рэакцыя на прэс-канферэнцыю Крамлёва, які выступіў з асабістымі выпадамі супраць Баха (і раней назваў яго «галоўным садамітам»), крытыкаваў цырымонію адкрыцця Алімпіяды і ўласна заявіў: «Сёння мы з’яўляемся сведкамі смерці жаночага боксу, карупцыі суддзяў».
«Нужно срочно спасать олимпийскую семью от Томаса Баха, у тех, кто его поддерживает, отсутствуют человеческие ценности. Они убивают женский спорт, в то время как IBA выступает за настоящее гендерное равенство, традиционные, семейные и человеческие ценности, за уважение всех религий и за равные возможности людей! Пока некоторые мировые СМИ только пишут об этом, спортсменам и всем другим адекватным людям пора начать действовать. Международная ассоциация дружбы, проводя чистые и открытые Всемирные игры дружбы, показывает правильный пример всему спортивному сообществу, только вместе мы сможем избавить спортивное олимпийское движение от Томаса Баха и его команды», – цытуе расійскае агенцтва ТАСС заяву Умара Крамлёва (арфаграфія захавана).
Што абмяркоўваем
У СМІ прысутнічае супярэчлівая інфармацыя наконт таго, што тэсты IBA нібыта выявілі высокі ўзровень тэстастэрону ў Хеліф і Лін. Пры гэтым ёсць сцвярджэнні са спасылкай на лекара IBA Іаніса Філіпатаса, што тэстастатэрон не правяраўся.
Пішуць, што «трансгендары б’юць жанчын у жаночым боксе», але няма пацверджаных звестак пра тое, што яны праходзілі медыцынскі ці сацыяльны гендарны пераход.
Крытыкі IBA звяртаюць увагу на заканадаўства Алжыра, дзе забароненыя аперацыі па змене полу і гарманальная тэрапія. У адказ на гэта з’яўляюцца меркаванні пра магчымасць правядзення такіх працэдур у іншых краінах, і тэорыі пра тое, што цяпер спорт з’яўляецца спаборніцтвам фармкампаній.
Абмяркоўваюцца храмасомныя наборы XY, якія нібыта ёсць у гэтых DSD-спартсменак, пры гэтым крыніца гэтай інфармацыі не называецца, або пішуць, што гэта сказаў Крамлёў.
Асобныя каментатары абмяркоўваюць, як выглядаюць нібыта мужчынскія палавыя органы Хеліф і Лін (на пытанні, адкуль вы гэта ведаеце, кажуць: «вас у Google забанілі?»), дамысліваюць дыягназы або робяць высновы з таго, што баксаны выглядаюць мужападобнымі – на іх погляд.
Цікава, што сцявярджэнне наконт канкурэнтных пераваг гэтых баксан не знаходзіць пацвярджэння статыстыкай вынікаў баёў за вялікі перыяд, але гэты аргумент звычайна не абмяркоўваецца – уся ўвага на адзін канкрэтны бой.
Канкрэтныя доказы ці вынікі медыцынскіх тэстаў публічна прадстаўленыя не былі, што адпавядае законам пра абарону прыватнасці дадзеных. У такім выпадку ўзнікае пытанне: на чым грунтуюцца падобныя абмеркаванні?
Сцвярджэнні пра мужчынскі набор XY-храмасом і павышаны ўзровень тэстастэрону застаюцца неправеранымі і, верагодна, сыходзяць ад абмежаванай колькасці крыніц, якія могуць быць зацікаўленымі ў канфлікце. Без афіцыйнага пацвярджэння ці незалежнай верыфікацыі гэтыя заявы застаюцца ў сферы чутак і спекуляцый.
У беларускіх медыя два яскравых падыхода
Пра гісторыю пішуць беларускія незалежныя выданні «Зеркало» у артыкуле «Мужчины бьют женщин? Как развивается скандал вокруг женского бокса на Олимпиаде в Париже и при чём тут связанный с Кремлём бизнесмен» (спасылаецца на рускую службу «Бі-Бі-Сі») і «Наша ніва» ў тэксце з загалоўкам «За гендарным скандалам на Алімпіядзе ў Парыжы стаіць Расія» (спасылаецца на «Голас Амерыкі»).
Урадавая газета «Рэспубліка» піша пра гісторыю самастойна, і аўтар выразна займае пазіцыю з дыскрэдытацыяй МАК: «Удары по здравому смыслу. Гендерный скандал в боксе свидетельствует, что МОК явно запутался в показаниях».
«СБ. Беларусь сегодня» у артыкуле «46 секунд для определения гендерной принадлежности в спорте» пры апісанні сітуацыі цытуе вядомую пісьменніцу Джаан Роўлінг, італьянскага прэм’ер-міністра Джорджа Мелоні і прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча, якія лічаць Іман Хеліф мужчынай – таму, на іх думку, яна не можа ўдзельнічаць у жаночым боксе.
Цытата Роўлінг асабліва эмацыйная: «Ухмылка мужчины, который знает, что его защищает женоненавистническая спортивная организация, наслаждается страданиями женщины, которую только что ударил кулаком по голове, и чьи жизненные амбиции он только что разбил, – кричит, глядя на трансляцию из Парижа, Джоан Роулинг, писательница и автор серии книг о Гарри Поттере. – Девушка потеряла всё, так как вы позволили мужчине выйти против неё на ринг. Вы омерзительны! Олимпиада в Париже навсегда запятнана жестокой несправедливостью, учинённой по отношению к Карини [Анжэла Карыні – італьянская баксана, якая на 46 секундзе спыніла свой бой з Хеліф]». Пра тое, што Карыні пазней выбачылася перад Хеліф і выказала павагу да рашэння МАК, у матэрыяле не сказана.
«СБ. Беларусь сегодня» таксама падтрымала IBA і крытыкавала МАК, увяла аўдыторыю ў кантэкст, патлумачыўшы значэнне тэрміну DSD, і расказала пра гендарныя скандалы на Алімпіядзе з пачатку ХХ стагоддзя. У цэлым беларускія дзяржСМІ падтрымлівалі расійскія антызаходнія наратывы і ў выкладанні гэтай гісторыі выступалі абаронцамі традыцыйных каштоўнасцяў.
Якія эфекты выкарыстоўваліся для маніпуляцый
У гэтай гісторыі можна назіраць некалькі відаў кагнітыўных скажэнняў, якія выкарыстоўваюцца варагуючымі бакамі для ўмацавання сваіх пазіцый.
Найперш, канечне, эфект падцвярджэння (confirmation bias) – чалавек схільны шукаць, інтэрпрэтаваць, аддаваць перавагу і ўспамінаць інфармацыю такім чынам, каб яна пацвярджала яго папярэднія перакананні або гіпотэзы. Пры гэтым чалавек надае менш увагі альтэрнатыўным магчымасцям або супярэчлівай інфармацыі.
Так, прыхільнікі IBA і «традыцыйных каштоўнасцяў» засяроджваюцца на знешнім выглядзе спартсменак і іх меркаваных фізіялагічных асаблівасцях, ігнаруючы адсутнасць канкрэтных доказаў і нават факт не звыш-, а звычайных спартыўных дасягненняў. У сваю чаргу прыхільнікі МАК падкрэсліваюць факт, што спартсменкі «нарадзіліся жанчынамі, выраслі як жанчыны», ігнаруючы магчымасць наяўнасці ў іх пэўных біялагічных асаблівасцяў, якія могуць уплываць на іх спартыўныя вынікі.
Абодва бакі выбарачна звяртаюць увагу на тыя факты і аргументы, якія падтрымліваюць іх пазіцыю, адначасова ігнаруючы або недаацэньваючы інфармацыю, якая можа супярэчыць іх поглядам.
Акрамя таго, людзі ацэньваюць верагоднасць падзей або частату з’яў на аснове таго, наколькі лёгка яны могуць успомніць прыклады або выпадкі гэтых падзей. Іншымі словамі, калі нешта лёгка прыходзіць у думкі, людзі схільныя лічыць гэта больш распаўсюджаным або важным. Гэта ў навуковай літаратуры называецца эўрыстыкай даступнасці (availability heuristic).
Для ўключэння гэтага фактара патрэбны яскравы вобраз, эмоцыі, вядомыя асобы, напрыклад, Джаан Роўлінг. Прыгаданая вышэй яе цытата вельмі эмацыйная, прадстаўляе сітуацыю ў чорна-белых танах, ігнаруючы нюансы. Гэта лепш адкладаецца ў памяці, чым статыстыка баёў або складаныя спосабы вызначэння гендарнай ідэнтычнасці, па якіх дагэтуль вядуцца спрэчкі. Ужыванне такіх цытат уплывае на фарміраванне грамадскай думкі ў такім кантэксце.
Таксама прысутнічае эфект групавога мыслення (groupthink) – гэта псіхалагічны феномен, які ўзнікае ў групах людзей, якія імкнуцца мінімізаваць канфлікты ў групе і дасягнуць кансэнсусу без крытычнай ацэнкі альтэрнатыўных ідэй ці пунктаў гледжання.
Тут абаронцы традыцыйных каштоўнасцяў гуртуюцца вакол ідэі, што ўдзел спартсменак з DSD ці меркаваных трансгендарных асоб у жаночым спорце нясе пагрозу для жаночага спорту ў цэлым. Група ігнаруе статыстыкі вынікаў баёў за вялікі перыяд, якая не пацвярджае сцвярджэнне пра канкурэнтныя перавагі гэтых баксан. Адначасова ўключаецца стэрэатыпізацыя апанентаў: МАК нібыта забівае жаночы бокс, а IBA выступае абаронцай жанчын і традыцыйных каштоўнасцяў.
Ну і таксама важную ролю адыгрывае эфект фундаментальнай памылкі атрыбуцыі (fundamental attribution error) – людзі схільныя пераацэньваць уплыў асабістых якасцяў і недаацэньваць уплыў сітуацыйных фактараў пры тлумачэнні паводзін і дзеянняў іншых людзей.
Так, крытыкі Хеліф і Лін прыпісваюць іх спартыўныя дасягненні выключна меркаваным фізіялагічным перавагам, ігнаруючы шматгадовыя трэніроўкі і вопыт. Тут таксама ігнаруюцца доўгатэрміновыя вынікі і статыстыка на карысць аднаго яскравага прыкладу, высновы робяцца па знешнім выглядзе.
Спікеры, якім прадастаўляюць слова медыя, і каго цытуюць блогеры, выкарыстоўваюць прыёмы інфармацыйна-маніпулятыўнага ўздзеяння. Сярод іх можна вылучыць выкарыстанне эмацыйна нагружанай лексікі, такой як «Смерць жаночага бокса» ці «Трансгендары б’юць жанчын». Таксама назіраюцца спекуляцыі на тэме традыцыйных каштоўнасцяў, дзе IBA пазіцыянуе сябе як абаронца «сапраўднага гендарнага раўнапраўя» і «традыцыйных, сямейных і чалавечых каштоўнасцяў».
Некаторыя ўдзельнікі дыскусіі схільны да стварэння тэорый змовы, напрыклад, сцвярджаючы, што спорт стаў «спаборніцтвам фармкампаній». Назіраецца таксама перанос увагі, калі акцэнт робіцца на знешнім выглядзе спартсменак замест іх спартыўных дасягненняў. Для падмацавання сваёй пазіцыі часта выкарыстоўваюцца спасылкі на меркаванні вядомых асоб, такіх як Джаан Роўлінг ці Джорджа Мелоні, што з’яўляецца прыкладам выкарыстання аўтарытэтных крыніц у маніпулятыўных мэтах.
Гэтыя прыёмы накіраваны на фарміраванне наратыву, што мужчына заўсёды больш моцны за жанчыну. Падобны наратыў падтрымлівае традыцыйныя погляды на гендар і спорт.
Пацвярджэнне палярызацыі медыяландшафту
Рэакцыя беларускіх медыя на ўдзел у жаночым боксе Хеліф і Лін пацвярджае выяўленую Media IQ значную палярызацыю медыяландшафту Беларусі, якая адлюстроўвае культурны і ідэалагічны падзел у беларускім грамадстве.
ДзяржСМІ транслююць традыцыйныя кансерватыўныя каштоўнасці, асабліва ў пытанні гендара. У той час як незалежныя медыя балансуюць паміж каштоўнасцямі самавыражэння і камбінацыяй традыцыйных і сучасных поглядаў.
Заўважна, што многія незалежныя беларускія медыя не паквапіліся на патэнцыйна трафікаўтваральную тэму, якая актыўна абмяркоўвалася ў сацыяльных сетках, і ўстрымаліся ад заняцця пэўнай пазіцыі. Такім чынам, яны пазбеглі як шырокай асветніцкай дзейнасці па гэтым пытанні, так і выкарыстання гамафобнай рыторыкі.
Пазіцыя незалежных медыя ў падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека, а таксама відавочнае выкарыстанне расійскай прапагандай традыцыйных каштоўнасцяў для дыскрэдытацыі Алімпіяды, Францыі і ўласна Захаду, які падверг астракізму Расію і саюзную ёй Беларусь на алімпійскіх гульнях, маглі стаць своеасаблівай «прышчэпкай» ад уразлівасці да такога кшталту маніпуляцый.