Аналитика и обзоры Мнения Мониторинг СМИ Тренды Всячина Видео Тесты Тэги

«Нельга было трапіць у калектыў “Савецкай Беларусі” без выразнай прабеларускай пазіцыі». Ганна Севярынец пра беларускую прэсу 20-30-х гадоў

У 85-ю гадавіну ночы расстраляных паэтаў узгадваем з даследчыцай, настаўніцай і пісьменніцай Ганнай Севярынец, як беларускія пісьменнікі ў 1920-я рабілі два знакавыя выданні – часопіс «Полымя» і газету «Савецкая Беларусь».

Поделиться:

Уявіце: сто гадоў таму беларуская газета на роўных канкурыравала з маскоўскай, спаборнічала з ёй за эксклюзівы, супрацоўнічала з фінскім мастаком. А журналістаў забівалі, незалежна ад таго, пралетарскай ці нацыянальна-дэмакратычнай ідэалогіі яны прытрымліваліся.

Расстраляныя ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года беларускія пісьменнікі Алесь Дудар, Міхась Чарот, Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Юрка Лявонны, Анатоль Вольны, Валер Маракоў не толькі стваралі мастацкія тэксты. Дзякуючы ім выходзілі часопісы «Полымя», «Маладняк», «Узвышша», газеты «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска».

У адну ноч расстралялі каля 130 прадстаўнікоў гуманітарнай і тэхнічнай інтэлігенцыі. Расстрэлы былі прымеркаваныя да 20-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Савецкія газеты варта чытаць з трэцяй паласы

– У 1922 годзе выйшаў першы нумар літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса «Полымя». Аўтары прамаўлялі, што «журнал непартыйны і дапускае пэўную свабоду думак, але ж у пэўных межах». Што гэта азначала на практыцы?

– З 1921-га па 1928 год яшчэ была адносна магчымая свабода думкі. Канешне, і ў гэты час можна было атрымаць «па галаве» ад партыйных органаў, цэнзуры, займець шмат праблем, пазбавіцца сваёй пасады, але, калі ў асноўным ты быў у рэчышчы ідэалогіі, то не болей за тое. Стваральнікі «Полымя» Колас, Купала, Зміцер Жылуновіч (ён жа Цішка Гартны), яшчэ маглі з адноснай свабодай дазволіць сабе казаць тое, што лічылі патрэбным, але не злоўжывалі гэтым. Па-першае, беларусы ўвогуле з большага людзі асцярожныя, не радыкальных поглядаў. А па-другое, нашы дзядзькі-пісьменнікі ўжо былі хлябнуўшы гора, і за царом, і за палякамі, і цяпер за Саветамі.

Часопіс «Узвышша» – больш яскравы прыклад свабоды. А  «Полымя» – харошы, спакойны асяродак, дзе пісьменнікі стваралі хрэстаматыйную беларускую культуру.

Як і іншыя беларусаарыентаваныя СМІ 20-х гадоў, «Полымя» ўзяў з друку пачатку стагоддзя – «Нашай Нівы», «Дзянніцы», «Вольнай Беларусі» – ідэі самастойнасці, самабытнасці, дзяржаўнасці, суб’ектнасці, беларускага адраджэння, беларусацэнтрычнасці. Гэтым усім насычана тагачасная беларускамоўная прэса, проста не варта чытаць першыя палосы савецкіх газет. Пачынаць трэба з трэцяй паласы, там усё самае цікавае.

– Першыя дзесяць год, у лепшыя часы, «Полымем» кіравала рэдакцыйная рада, у якую ўваходзілі Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Міхась Зарэцкі, Усевалад Ігнатоўскі, Купала, Колас, Міхась Чарот. Але галоўнага рэдактара не было.

– Такая арганізацыя працы часопіса не дзівіць. Беларусы наогул уладу ўспрымаюць дрэнна, у нас няма моцнай традыцыі, каб цар стаяў і камандаваў. У той жа вёсцы людзі працуюць талакой, самі збіраюцца і будуюць хату.

Усе ў рэдакцыйнай радзе ў выніку, па маштабных пытаннях, былі аднадушныя, хацелі аднаго – свабоднага развіцця нацыянальнай культуры, аднолькава бачылі развіццё самабытнай літаратуры і свайго мастацтва, сітуацыю ў краіне і неабходнасць ісці на кампраміс. Гэта была шчыльна знітаваная і агульнымі марамі, і агульнымі перасцярогамі дасведчаная пісьменніцкая супольнасць савецкай Беларусі. Ужо моладзь, маладнякоўцы-узвышаўцы, і нашы замежнікі ў Вільні, Варшаве, Празе дадавалі пярэстасці ў літпрацэс.

Супрацоўнікі часопіса «Полымя», 1926–1927 гг. Фота з фондаў БДАМЛМ. Тут можна паглядзець пералік тых, хто выяўлены на здымку

«Маладое пакаленне пісьменнікаў ставілася больш радыкальна да рускай культуры, чым старэйшае»

– У першым звароце да чытачоў рэдакцыя «Полымя» пісала: «Вырашэнне пытанняў дзяржавы мы не разумеем сабе ў асобку ад працаўнікоў Расеі. Інтарэсы Беларусі, інтарэсы працоўных гушчаў Беларусі – гэта толькі часціна інтарэсаў працоўнікаў усёй Расеі. Затым для нас няма і ня можа быць асаблівай праграмы адмежаванага дзяржаўнага будаўніцтва». Як у СМІ таго часу адлюстроўваліся беларуска-расейскія адносіны?

– Беларусы да сёння не маюць дастаткова моцы, каб самім вырашаць свой лёс. У пошуках акна гістарычных магчымасцяў абралі сілу, якая, будзем аб’ектыўнымі, на той момант была самай перспектыўнай. Бальшавіцкая Расея хацела з намі хаўруснічаць, безумоўна, са сваіх імперскіх пазіцый. Хто ж мог тады ў віры падзей зразумець, што самастойнасць, прапанаваная бальшавікамі нацыянальным элітам, – дэкаратыўная?

Чаму Сталін баяўся беларускай эліты?

У 1922 годзе наркам па справах нацыянальнасцяў Іосіф Сталін пісаў у лісце да Леніна, што баіцца, каб мясцовыя эліты нацыянал-камуністаў не ўспрынялі прапанову аб нацыянальнай самастойнасці за чыстую манету. А пазней Сталін вырашае ўсіх “дэнацыфікаваць”.

Такая заява часопіса «Полымя» – безумоўна, частка буйнога кампрамісу, на які ішлі свядома, каб мець магчымасць працаваць. Толькі мала хто разумеў, да якой ступені Расея будзе патрабаваць інтаграванне. Разам з тым, заснавальнікі «Полымя» нарадзіліся і выраслі ў Расейскай імперыі, таму і былі больш талерантныя ў гэтым пытанні.

У нас у 2020 годзе таксама быў запыт на тое, каб папрасіць Пуціна ўмяшацца і дапамагчы атрымаць свабоду.

Цалкам сабе адукаваныя людзі збіраліся размаўляць з ім. Гэтаксама і ў той час.

Маладое пакаленне пісьменнікаў ставілася больш радыкальна да рускай культуры, але ж моладзь да ўсяго радыкальна ставіцца. Яна сепаравалася не толькі ад расейскага ўплыву, але ж і ад уплыву «Полымя». Калі ў 1925 годзе Маякоўскі прыехаў у Менск, яго асвісталі. Паўлюк Трус і Максім Лужанін паселі ў клятчастых кашулях і на ўсю залю адпускалі заўвагі Маякаўскаму ў непрымальнай стылістыцы. Маякоўскі выгнаў іх.

Вядома, беларусія пісьменнікі хацелі вырвацца з-пад расейскага ўплыву. Пры гэтым быў моцны ўплыў украінскай культуры і літаратуры.

Нашы літаратары часцяком ездзілі тады ва Украіну. Украінскія тэксты рабілі большы шум і ўражанне ў беларускім асяродку, чым рускія. Цікавіліся творчасцю Мыколы Хвылёвага (моцна паўплываў на нашых празаікаў, асабліва на Зарэцкага), Майка Йогансана, Олеся Досвітнага, Уладзіміра Сасюры, Максіма Рыльскага, іншых.

«Не было артыкулаў пра тое, як еўрапейцы замерзлі і грэюцца ў расейскіх амбасадах»

– У 1927 годзе Янка Купала, Міхась Чарот і Максім Зарэцкі наведалі Польшчу і Чэхію, выступалі перад беларусамі Варшавы. Чарот быў у Нямеччыне. Як тое атрымалася?

– Ніхто з іх не мог, канешне, па ўласным жаданні паехаць у прыватным парадку за мяжу. Але ўрад Чарвякова на дзяржаўным узроўні ініцыяваў, арганізоўваў і фінансаваў замежныя паездкі беларускіх пісьменнікаў. Народны камісар земляробства Змітро Прышчэпаў меў план пабудаваць у Беларусі «чырвоную Данію», напрыклад, і эканамічны досвед капіталістычных краін сур’ёзна вывучаўся. Урад сапраўды цікавіўся заходнім досведам у эканоміцы і ўпарадкаванні земляў. І пісьменнікі таксама, паколькі былі пераплеценыя з урадам, ну і да таго ж мелі сяброў і знаёмцаў у дыяспарах.

Масавы друк беларускіх кніг, напрыклад, пачаўся ў Берліне пад кіраўніцтвам Жылуновіча. У Беларусі не было яшчэ неабходных друкарскіх магутнасцяў.

У адрозненне ад рускай культуры, талерантнасць да якой – неабходны кампраміс, цікавасць і прыхільнасць да заходняй культуры – свядомы і рызыкоўны выбар, які беларускія нацыянал-камуністы, між тым, рабілі.

Газета «Савецкая Беларусь» пад кіраўніцтвам Міхася Чарота друкавала вялікія артыкулы Прышчэпава, Жылуновіча, Зарэцкага пра іх замежныя вандроўкі. Да 1928 года гэтыя тэксты маюць добразычлівы тон, няма стылістыкі агіткі. На апошняй старонцы ў «Савецкай Беларусі» выходзіла сталая рубрыка «Навука й Тэхніка». У ёй друкаваліся апошнія навіны выключна заходняй навукі і тэхнікі, напрыклад, пра хуткасныя цягнікі, медыцынскія прыборы, інжынерныя вынаходніцтвы.

Там не было артыкулаў пра тое, як еўрапейцы замерзлі і грэюцца ў расейскіх амбасадах.

А з лёгкай рукі Уладзіміра Дубоўкі беларускія літаратурныя выданні імкнуліся, каб замежныя пераклады топавых тэкстаў у нас з’яўляліся раней, чым ва ўкраінцаў і рускіх. Праўда, спаборнічалі больш з украінцамі – у рускіх і так не было мэты хутка перакладаць замежную літаратуру.

Таксама ў друку ладзіліся вялікія флэшмобы дапамогі Заходняй Беларусі,  кшталту таго, як цяпер у сацыяльных сетках. У газеце пісалі: «Я, служачы канторы Ізя Хацман, падтрымаў працоўных Заходняй Беларусі на 10 рублёў. Кідаю выклік Міхасю і Раі з канторы “Белзагодснаб” падтрымаць маю акцыю».

«Пісьменнікі – натуральная частка ўлады»

– Якія адносіны былі ў беларускіх пісьменнікаў з уладай у 20-я гады? Калі ўлічваць, што частка прадстаўнікоў тагачаснай улады таксама была знішчана ў 1937 годзе.

– Сярод бацькоў-заснавальнікаў БССР – Зміцер Жылуновіч, Аляксандр Чарвякоў, побач стаяў і Міхась Чарот. Яны бралі ўдзел у з’ездзе ў Смаленску, на якім 30 снежня 1918 года была абвешчана ССРБ. Таму пісьменнікі, іх лёсы –  натуральная частка ўлады.

Міхась Чарот, 1920-я

Новай уладзе былі патрэбныя людзі, якія валодаюць словам, каб ствараць газеты, часопісы, у тым ліку і прапаганду, канешне, наогул новую культуру, фармуляваць новы светапогляд.

Будучыя прадстаўнікі ўлады і пісьменнікі бавілі час у адных месцах, знаёміліся там. Наведвалі адны і тыя ж тэатральныя гурткі, хор. Беларусы, якія займалі актыўную нацыянальную пазіцыю, фактычна ўсе выйшлі з клубу беларускай мастацкай інтэлігенцыі «Беларуская хатка».

Улады тады не ездзілі на аўтамабілях з мігалкамі, і прашпекты не перакрывалі. Краінай кіравалі нармальныя людзі, якія хадзілі па вуліцах, елі ў сталоўцы, выпівалі ў шашлычнай, сустракаліся на сяброўскіх кватэрах.

Ці не ўвесь беларускі ўрад зняўся ў Міхася Чарота ў «Лясной былі» (мастацкі фільм 1926 года па аповесці Чарота «Свінапас», рэжысёр Юры Тарыч. – Рэд.). Уладзімір Дубоўка, напрыклад, быў чыноўнікам: інспектарам пры Народным камісарыяце асветы РСФСР, працаваў у Паўнамоцным Прадстаўніцтве БССР пры Савеце народных камісараў РСФСР.

Літаратары натуральным чынам бралі ўдзел у палітычных працэсах, ніхто ва ўладу іх спецыяльна не інтэграваў.

Гэтую асаблівасць беларусаў адзначыў у сваім сумна вядомым дакладзе Уладзімір Затонскі. Ён у 1929 годзе ўзначальваў кантрольную камісію камуністычнай партыі бальшавікоў. Менавіта пасля даклада гэтай камісіі пачаліся маштабныя рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі ў Беларусі. Сам Затонскі, дарэчы, быў расстраляны ў 1938 годзе.

«Савецкая Беларусь» vs «Звязда». Як беларускі праект канкурыраваў з маскоўскім

З гісторыі «Савецкай Беларусі»: як рэпрэсавалі супрацоўнікаў і ці мае тая газета дачыненне да «СБ. Беларусь сегодня»

«Савецкую Беларусь», орган Цэнтральнага выканаўчага камітэта Саветаў БССР, стварылі Міхась Чарот, Зміцер Жылуновіч і Аляксандр Чарвякоў у 1920 годзе ў Смаленску. З 1925-га па 1928-мы галоўным рэдактарам газеты быў Міхась Чарот.

Амаль уся рэдакцыя першай «Савецкай Беларусі» была рэпрэсаваная. Адказныя рэдактары ў розныя гады: Сцяпан Булат (памёр у 1921-м у 27 год), Зміцер Жылуновіч (памёр ці скончыў жыццё самагубствам у 1937-м у Магілёве ў псіхіятрычнай лякарні), Усевалад Ігнатоўскі (у 1931 скончыў жыццё самагубствам ці быў застрэлены супрацоўнікамі ДПУ у сваім доме), Міхась Чарот (расстраляны ў 1937-м), Павел Шастакоў (расстраляны пасля 30 студзеня 1937-га). Супрацоўнікі газеты пісьменнікі Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Міхась Зарэцкі расстраляныя ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Былі арыштаваныя нават наборшчыкі, машыністкі, тэхнічныя супрацоўнікі.

У  сваім дакладзе ў 1929 годзе Затонскі  піша, што «Савецкая Беларусь» – гняздо нацыянал-дэмакратаў і беларускіх нацыянал-шавіністаў. З сыходам Чарота газета стала інструментам партыйных чыстак. З’яўляліся вялікія артыкулы, напрыклад, пра «быўшых людзей» ва ўніверсітэце: там былі пералічаны прозвішчы дачок святароў, габрэяў, раскулачаных сялян і пастаўлена пытанне: а хто гэта вучыцца ў нас?

У 1932 годзе «Савецкую Беларусь» закрываюць. Назву перадаюць праўладнай газеце «Рабочий», якая пазней робіцца «Советской Белоруссией», а тая – сучаснай «СБ. Беларусь сегодня».

Памяць пра «Савецкую Беларусь» Чарота старанна вынішчаецца. Будучы аксакал беларускай журналістыкі Яўхім Садоўскі, які распачаў сваю доўгую і пярэстую журналісцкую кар’еру менавіта тут, у афіцыйных аўтабіяграфіях не ўзгадваў, што працаваў у «Савецкай Беларусі» пад кіраўніцтвам Чарота.

– «Савецкая Беларусь» да Чарота вяла такое даволі кранальнае існаванне. Не была яна асабліва папулярнай, унутры рэдакцыі панавала маладая вясёлая анархія. Супрацоўнікі – маладыя літаратары Дудар, Вольны, Зарэцкі – не ведалі нават, як завуць сакратара агітпрападдзела, што там за лінія партыі. Галоўны рэдактар Ігнат Шыпіла асабліва не ўмеў гэтай моладдзю кіраваць. Яны проста ляпілі што ляпілася. «Савецкая Беларусь» на той час не мела выразнага твару. Але ж гэта была газета, якую рабілі беларусы, як яны ўмеюць – на каленцы, без асаблівай падтрымкі.

Міхась Чарот (Міхась Кудзелька) паведамляе, што прыступае да выканання абавязкаў рэдактара газеты «Савецкая Беларусь»

Чарот жа пачынае трансляваць савецкія каштоўнасці з беларусацэнтрычнай пазіцыі. Ён быў вялікім майстрам праходзіцца па лязе брытвы. Сябра ЦВК БССР, камуніст пры сур’ёзнай пасадзе, пры гэтым абсалютна беларусацэнтрычны, нацыянальнацэнтрычны пісьменнік. Чарот мусіў лавіраваць паміж маскоўскімі закідонамі і беларускім урадам, які быў неаднародны – у тым ліку ў ім былі людзі з Расеі, Латвіі.

Рэдакцыя «Савецкай Беларусі» хацела паказаць, што беларусы не свіныя пастушкі: яны могуць сваімі сіламі рабіць вартую, выключна беларускую газету.

Праз гэта газета ўвесь час канкурыравала са «Звяздой». «Савецкая Беларусь» – выключна беларускі праект, а «Звязда» – праект маскоўскі. Сама яе назва – сымбаль дэкаратыўнай беларушчыны, якой і дамагаўся Сталін. «Звязда» сядзела на маскоўскіх датацыях, друкавалася на добрай белай і шчыльнай паперы. «Савецкую Беларусь» утрымліваў беларускі ўрад: газета выходзіла на тонкай жоўтай паперы, вымушана была зарабляць на рэкламе, падпісцы, каб мець грошы. Прадавалі ў тым ліку абрэзы – даўгія палоскі паперы, якія застаюцца пасля нарэзкі газет у друкарні.

Беларуская мова, карыкатуры фінскага мастака, аператыўнасць. Чым вылучалася «Савецкая Беларусь»

Па-першае, уся «Савецкая Беларусь» ад першай да апошняй літары прынцыпова выходзіла толькі па-беларуску. І гэта не было лёгка. Літаратурнай беларускай мовай валодалі далёка не ўсе. Газета шмат друкавала карэспандэнтаў з рэгіёнаў, таму трымалі літаратурнага рэдактара. Таксама ў газеце змяшчалі афіцыйныя дакументы, пастановы ўрада, рэкламныя аб’явы, якія трэба было перакладаць. Толькі з 1928 года  некаторыя ўрадавыя пастановы пачалі друкаваць па-руску. У гэты час Чарот ужо фактычна адышоў ад кіраўніцтва, згубіў да ўсяго матывацыю, моцна піў і не сачыў за газетай. З рэдакцыі сышлі Дудар і Вольны.

Па-другое, для «Савецкай Беларусі» праз канкурэнцыю са «Звяздой» была надзвычай важная аператыўнасць. Яўхім Садоўскі, шыкоўны беларускі журналіст, які ўмудрыўся ў гэтую жудасную эпоху пражыць доўгае прафесійнае жыццё, узгадвае: як знойдзеш эксклюзіўную інфармацыю, то нават не аддаеш на карэктуру, каб у «Звяздзе» не выйшла раней. Дамаўляешся з Чаротам, што панясеш тэкст адразу «на машыну» – у друкарню. Не праз рэдакцыю, каб акрамя Чарота, аўтара і наборшчыка ніхто не ведаў, што выйдзе з раніцы. І перажываеш, што наборшчык каму-небудзь перадасць.

Па-трэцяе, нельга было трапіць у калектыў «Савецкай Беларусі» без выразнай прабеларускай пазіцыі, асабліва з 1925-га да 1927 года, пакуль Чарот быў уплывовы.

Чарот праз канкурэнцыю са «Звяздой» увесь час імкнуўся зрабіць сваю газету больш мадэрновай. Адразу, як прыйшоў, наладзіў супрацу з легендарным «чырвоным фінам» Алексантэры Ахоло Вало, і ён маляваў палітычныя карыкатуры. І ў «Савецкай Беларусі» на першай паласе абавязкова была карцінка. Раз на тыдзень ці два тыдні выходзілі тэматычныя выпускі пра людзей розных прафесій: настаўнікаў, жаўнераў, земляробаў.

Карыкатуры Алексантэры Ахоло Вало ў двух нумарах «Савецкай Беларусі» за лістапад 1925г.

«На старонках газеты можна знайсці такі бульбасрач, што проста захапленне»

«Савецкую Беларусь» стваралі пісьменнікі. Яна выразна адрознівалася літаратурнай старонкай, дзе месціліся рэцэнзіі, бібліяграфічныя агляды, вершы, апавяданні. Таксама было багата дыскусій. Рэдакцыя ішла на тое, каб усе бясконца сварыліся, выказвалі розныя меркаванні, асабліва па творчых і нацыянальных пытаннях. Таму на старонках газеты можна знайсці такі бульбасрач, што проста захапленне.

Зараз прыблізна тое самае. Мы ўсе хочам свабоднай Беларусі, але пры гэтым перасварыліся проста да пены. Гэта насамрэч і ёсць свабода думкі.

Пра лісты ад чытачоў і забітых селькораў

«Савецкую Беларусь» чыталі найперш мястэчкі і вёскі, а таксама гарадская нацыянальна арыентаваная інтэлігенцыя. У газеты быў свой агент па падпісцы, які ездзіў па ўсёй краіне, асабліва па далучаных землях – Полаччыне, Віцебшчыне і Гомельшчыне. Разам з падпіскай прасоўваў  беларусізацыю.

Быў асобны аддзел працы з вясковымі карэспандэнтамі. Трох селькораў, якія супрацоўнічалі з «Савецкай Беларуссю», забілі. Небяспечна было пісаць пра кулакоў, насаджаць савецкую ўладу ў вёсцы, якой там ніколі не хацелі.

Іншая фішка «Савецкай Беларусі» – магутная плынь карэспандэнцыі ад чытачоў. У 30-я шмат друкавалася ўжо прыдуманых лістоў. Але стылістычна і па тэматыцы відаць, што ў Чаротавай газеце вялікая іх колькасць сапраўдная.

Пра што пісалі чытачы ў газету?

Пісалі пра ўсё. Да прыкладу, як вясковы васямнаццацігадовы хлопец вынайшаў прыёмнік і прыняў радыёхвалі, а ўсе ў вёсцы над ім рагаталі. Падлетак з’ездзіў у Менск, знайшоў патрэбныя дэталі, дарабіў прыёмнік і пазваў усю вёску ў бацькоўскую хату слухаць радыё.

Аматар фатаграфіі скардзіўся, што з крамаў знікала фотапапера і прасіў Белдзяржкіно вярнуць яе. Ці такая гісторыя: на заводзе з’явілася радыё, але ж паслухаць яго маглі толькі ў кабінеце прафсаюза яго сябры. Калектыў завода звярнуўся ў газету з просьбай разабрацца. Падпісаліся: «Тыя, каго не пусцілі». Шмат друкавалі скаргаў камунальнага плану: брудная, недагледжаная вуліца, калонку вырвалі.

Дзякуючы такой карэспандэнцыі захавалася каштоўная краязнаўчая інфармацыя, звесткі пра паўсядзённасць людзей.

Газета друкавала матэрыялы пра вырашаныя праблемы, з якімі людзі да яе звярталіся. Такая рубрыка перайшла і ў журналістыку позняга СССР.

А што, калі б пісьменнікі тых часоў трапілі ў рэдакцыі сучасных беларускіх незалежных медыя?

Яны б прыўнеслі большую грунтоўнасць. У людзей слова 20-30-х адчуваўся грунт пад нагамі: лінгвістычны, культуралагічны. Мабыць, гэта традыцыі старой дарэвалюцыйнай прэсы.

Яны ўвесь час трымалі ў галаве, што хочуць сказаць, і мелі ўнутраны стрыжань.

Журналісцкія тэксты тых часоў не проста расказвалі пра паўсядзённасць, а канцэнтравалі ідэі беларушчыны. У іх больш думкі, глыбінных пытанняў. У рэдакцыі «Савецкай Беларусі» была шчырая цікавасць да тэмы матэрыяла. Не было такой залежнасці ад аўдыторыі. Часам мне падаецца, што цяпер СМІ друкуюць толькі першую і другую паласу, а не трэцюю і чацвёртую.

На галоўнай старонцы фота беларускіх пісьменнікаў 1936 г. Крыніца: «Радыё Свабода»

Хорошо 7
Смешно
Грустно
Злюсь
Кошмар
Поделиться:

Смотрите также

Польша стала пристанищем для многих беларусов, спасающихся от репрессий, и бегущих от войны украинцев. А ещё – главной мишенью для беларусских пропагандистов. Чтобы дискредитировать Польшу, они манипулировали историей и использовали миграционный кризис на границе Беларуси и ЕС.

Аналитика и обзоры

Мнения

Мониторинг СМИ

Тренды

Всячина

Видео

Тесты